Перайсці да зместу

Пераяслаўская рада

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Пераяслаўская Рада)

Пераяслаўская рада — сход прадстаўнікоў запарожскага казацтва, скліканы гетманам Украіны Багданам Хмяльніцкім 18 студзеня 1654 года ў горадзе Пераяслаў, на якім было прынята рашэнне аб саюзе Украінскай казацкай дзяржавы з Маскоўскім царствам. Украінская старшына і шляхта спадзяваліся ў выніку саюзу з Масквой замацаваць свае саслоўныя прывілеі, пазбавіцца рэлігійнага ўціску, адхіліць ад улады польскую шляхту і магнатаў. Асноўныя прынцыпы аб'яднання былі абмеркаваны Б.Хмяльніцкім і расійскім паслом В. В. Бутурліным і выкладзены у т.зв. Беразневых стаццях. Згодна з імі Украіна зберагала свае вайскова-адміністратыўныя органы упраўлення на чале з гетманам, які выбіраўся казацкай радай пажыццёва, а цару толькі паведамлялі пра рэзультат. На Гетманшчыне без абмежаванняў мела далі дзеяць мясцовае права, абумоўлівалася неўмяшанне царскіх ваяводаў ды іншых урадоўцаў ва ўнутраныя справы Украіны. Украіна зберагала свае ўзброеныя сілы — 60-тысячнае казацкае войска. Гетманскі ўрад меў права на вядзенне зносін з іншаземнымі дзяржавамі з дазволу маскоўскага ўрада і не меў права на зносіны з Польшчай і Турцыяй. Улада Гетмана пашыралася на ўсю тэрыторыю Украіны. Усе падаткі і даходы збіраліся ўкраінскімі фінансавымі органамі. Прадстаўнікі Масквы толькі атрымлівалі ад іх даніну, якая ёй належала. Ні ў адным з 11 пунктаў Беразневых стаццей не гаварылася аб прыяднанні ці ўз'яднанні Украіны да Масковіі.

Раніцай 18 студзеня Хмяльніцкі склікаў старшынскую раду, якая выказалася за далучэнне да Расіі. Днём сабралася адкрытая рада, на якой прысутнічалі таксама пераяслаўскія гараджане і сяляне з навакольных вёсак. У сваёй прамове Хмяльніцкі казаў, што для захавання ўкраінскіх вольнасцей неабходна прызнаць уладу Расіі. Удзельнікі Пераяслаўскай рады прысягнулі на вернасць расійскаму цару, Бутурлін уручыў Хмяльніцкаму грамату царскага ўрада пра згоду прыняць Украіну ў склад Расіі. У сакавіку–красавіку 1654 года ўкраінскае пасольства ў Маскве падпісала шэраг артыкулаў, якія вызначылі ўмовы аўтаномнага існавання Украіны ў складзе Расійскай дзяржавы.

Умова была разарвана 30 студзеня (9 лютага) 1667 года Масквой у сувязі з падпісаннем Андрусаўскага перамір'я з Рэччу Паспалітай.

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 12).