Перайсці да зместу

Прудок (селішча)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Прудок — селішча каля вёскі Прудок Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Размяшчаецца каля старыцы правага берага ракі Бярэзіны на паўднёвы ўсход ад упадзення ў яе ручая, знаходзіцца на першай надпоймавай тэрасе.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Адкрыў у 1976 годзе У. П. Ксяндзоў. У агаленні культурны пласт 0,4—0,5 м. У ім знойдзены фрагменты ляпной керамікі і косці жывёл, а таксама крамянёвыя прылады працы. Даследавала ў 1982, 1987 і 2012 гадах Н. М. Дубіцкая на плошчы 310 м². Культурны пласт — 0,2—1,3 м. Фрагменты глінянага посуду і крамянёвы інвентар (загатоўка сякеры, нажы, пласціны, скоблі, рэтушоры), знойдзеныя на селішчы, сведчаць пра адносіны гэтых рэчаў да эпохі бронзы. Кераміка з расчосамі і глянцаваннем, фрагменты ляпнога посуду, біканічныя гліняныя прасліцы і жалезныя прылады працы характарызуюць другі этап развіцця селішча (IV—VIII стст. н.э.). Культурны пласт 0,2—0,3 м. На ўскрайку тэрасы — рэшткі заглыбленага на 20—25 см зрубнага жытла. Яно мела печ-каменку, складзеную на мацерыку з буйных камянёў без прымянення сувязнага матэрыялу. Селішча мела таксама і трэці этап развіцця. Гэта канец X — XIII стагоддзі. Тэрытарыяльна селішча значна павялічылася. Багаты склад знойдзеных рэчаў, што адносяцца да гэтага перыяду. Ганчарныя гаршкі і міскі маюць хвалісты і лінейны арнаменты. Вялікую цікавасць уяўляюць металічныя прылады працы і ўпрыгожванні. Найперш, гэта літы бронзавы нацельны крыж. Ён арнаментаваны складаным рэльефным узорам. Сярод знаходак — вітыя скроневыя кольцы, залачоныя і двайныя з глухога жоўтага шкла пацеркі, люлька з белай гліны і інш. Такім чынам, селішча каля вёскі Прудок у сваім развіцці прайшло праз 3 тысячы гадоў[1].

Зноскі

  1. Селішча перыяду раняга жалезнага веку, в. Дражня(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2022. Праверана 13 ліпеня 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]