Прынука
Прынука — звычай настойлівага запрашэння, упрошвання, ледзь не прымушэння госця да ежы і пітва.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Звычай распаўсюдзіўся ў Рэчы Паспалітай, мусіць, у эпоху «сарматызму» (XVII—XVIII ст.), але яшчэ і ў ХІХ ст., і нават на пачатку ХХ ст., быў досыць распаўсюджаным. Прынука не была рэдкасцю не толькі на шляхецкіх бяседах, але і — з папраўкай на ўзровень дабрабыту — на сялянскіх святочных застоллях.
Само слова — русінскае, т.б. украінска-беларускае, але ўрэшце ўвайшло і ў польскую мову, выціснула ў гэтым пэўным значэнні ўласна польскае слова zachęta. Такім чынам, магчыма, і сам звычай мае русінскае паходжанне.
Традыцыя
[правіць | правіць зыходнік]Прынука абавязвала абодва бакі. Пакуль гаспадар не выказваў дастатковай настойлівасці — лічылася, што трэба як меней тры «сеансы» упрошвання — госць мусіў дэманстратыўна есці ў «паўгубы», ледзь дакранацца да прысмакаў, усім выглядам паказваць абыякавасць і адсутнасць апетыту. Без гэтага накідвацца на пачастунак лічылася быццам бы і непрыстойным. Сляды старадаўняга звычаю бачныя ў традыцыі абавязковага прамаўлення тоста кожным госцем па чарзе, або ў распаўсюджаных некалі «куляўках» — адмысловых сасудах для піцця без падставак, якія можна было выпіць толькі да дна. У сваім пачатковым выглядзе, сёння звычай, магчыма, выглядае занадта моцным парушэннем аўтаноміі асобы і правоў спажыўца.
Калі пра якога госця забываліся, або адносіны паміж гаспадаром і госцем былі ўвогуле нацягнутыя, прынцыповыя прыхільнікі гэтай нормы этыкету ехалі дадому паўгалоднымі, прамаўляючы: «Было ўсё, было чаго есці і выпіць, толькі прынукі не было». Аднак, бывалі і такія аматары выпіць і паесці, якія ігнаравалі нефармальныя правілы і ласаваліся ўсімі багаццямі стала не чакаючы ўпрошванняў. «Я госць без прынукі, не люблю марыць гаспадара», — казалі яны ў апраўданне, якое зрабілася прыказкай і часам іранічна апісвала нават сапраўднае нахабства.
У літаратуры
[правіць | правіць зыходнік]Так апісваў прынуку У. Караткевіч у сваім «Дзікім паляванні караля Стаха»:
- — Што вы вочы ўтаропілі! — гаркнуў Дубатоўк. — Сталічнага чалавека не бачылі, мядзведзі, ці што? Ану, дапамажыце госцю, пакладзіце на яго блюда, што вам па густу.
- Валасатыя зяпы заўсміхаліся, лапы пачалі рухацца. Хутка на маім блюдзе ляжаў вялізны гусь з бруснічным варэннем, індыковая ножка з яблыкамі, салёныя грыбы, дзесятак калдуноў, а з усіх бакоў толькі і чутна было:
- — А вось пампушкі з часнаком… А вось, пане, кавалак шыначкі дзікага япрука, наперчаны, агнём гарыць. Памяццю маці заклінаючы — вазьміце… А вось цудоўная… А вось незвычайны…
- — Вось як у нас па-беларуску частуюць, — рагатаў гаспадар, пабачыўшы, што я зусім разгубіўся.
- Перада мною вырасла гара. Я паспрабаваў пратэставаць, але выклікаў такі выбух абурэння (у аднаго з гасцей нават слёзы пацяклі; праўда, ён быў трохі нападпітку), што я здаўся.
Трапіла прынука і ў «Новую Зямлю» Я. Коласа:
- Садзяцца госці, ды не зразу,
- За стол не лезуць для паказу,
- Бо так шляхетнасць вымагае.
- Ідзе тут спрэчка немалая,
- Калі пачнуць тут адмаўляцца:
- — Сядай, Язэп! — Няхай садзяцца,
- А я прыткнуся потым з краю.
- — Ах, вось дзіўны!.. — Ну, ну, сядаю!
- — Пан Фабіян, і ты, Кандраце,
- Яхім, і Ян, і Юрка, — браце!
- Ну, проша ж, проша! — Пасадзілі,
- Такім жа чынам упрасілі
- Жанок прысесці тут на ўслоне…
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]На пачатку 2014 года ў Супраслі пад Беластокам адкрылася ці не адзіная беларуская рэстарацыя ў Польшы, і яе назвалі «Prynuka».[1]
Зноскі
- ↑ У Супраслі адкрыўся рэстаран з беларускай кухняй (фота) — racyja.com, 03.02.2014
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Белы А. Прынука // Звязда № 14 (72), 29.04.2014.
- Навагродскі Т. А. Змены ў традыцыях харчавання беларусаў (першая палова ХХ в.) / Т. А. Навагродскі // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 6 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БДУ, 2011. — С. 67-76.