Дзікае паляванне караля Стаха
Дзікае паляванне караля Стаха | |
---|---|
Дзікае паляванне караля Стаха | |
Жанр | аповесць |
Аўтар | Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1958 |
Дата першай публікацыі | 1964 |
Дзі́кае палява́нне караля́ Ста́ха — аповесць беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, упершыню апублікаваная ў часопісе «Маладосць» у 1964 годзе. Лічыцца класікай беларускай літаратуры.
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Малады навуковец-фалькларыст Андрэй Беларэцкі збіваецца ў буру з дарогі і трапляе ў родавы замак Яноўскіх — Балотныя Яліны. Яго прымае гаспадыня замка Надзея Яноўская — апошняя з роду. Яна расказвае Беларэцкаму, што род Яноўскіх пракляты за здраду яе продка Рамана Старога, на дваццаць пакаленняў. Надзея — дваццатае пакаленне, яна чакае неўзабаве смерці, з якой згасне і род Яноўскіх. Яна расказвае пра зданяў, прадвеснікаў яе гібелі — Дзікае паляванне, Малога чалавека і Блакітную жанчыну.
Беларэцкі застаецца ў замку, каб абараніць Надзею і разблытаць клубок падзей. Ён бачыць Малога чалавека — істоту невялікага росту з вельмі доўгімі пальцамі, якая зазірае ў вокны па начах; Блакітную жанчыну, якая сышла са старадаўняга партрэта, на якую Надзея вельмі падобная. Паступова Беларэцкі знаёміцца з астатнімі жыхарамі — сваякамі Яноўскай Свеціловічам, Берманам, Дубатоўкам, паляўнічым і следапытам Рыгорам. Адным вечарам на балоце яго пераследуе Дзікае паляванне — група маўклівых вершнікаў на конях, якія скачуць бясшумна і свабодна па дрыгве і пакідаюць сляды старажытных падкоў. Беларэцкі цудам паспявае схавацца ў замку і з падвоенай энергіяй працягвае пошукі людзей, якія хаваюцца за Дзікім паляваннем. Разам з Рыгорам яны раскрываюць тайну гібелі бацькі Надзеі, загнанага ў балота Дзікім паляваннем за два гады да прыезду Беларэцкага. Паступова яны раскрываюць і таямніцу Дзікага палявання. Усе коннікі былі падпільнаваны і забіты мясцовымі мужыкамі, коні — амаль вымерлай пароды дрыкгантаў — патанулі ў балоце. Знікаюць і прывіды замка. Малы чалавек аказваецца братам Бермана, вар’ятам-калекай, якога Берман выпускаў з таемных калідораў, а Блакітная жанчына — самой Надзеяй, якая блукае па замку ў сне.
Беларэцкі жэніцца з Яноўскай і ўвозіць яе з Балотных Ялін. З часам яна вылечваецца ад трывалага страху і лунатызму, у іх нараджаецца дзіця.
Месца дзеяння і персанажы
[правіць | правіць зыходнік]Апавяданне вядзецца ад імя галоўнага героя, Андрэя Беларэцкага, яму 96 гадоў. Гісторыя адбылася ў часы яго маладосці, увосень 1888 года ў глухой балоцістай мясцовасці Гомельшчыны або Магілёўшчыны, простай спасылкі ў кнізе на гэта няма.
Дзеючыя асобы:
- Андрэй Беларэцкі — галоўны персанаж, ад чыйго імя вядзецца апавяданне. Малады навуковец-фалькларыст, які займаецца зборам старажытных беларускіх легенд. Выпадкова трапляе ў маёнтак Яноўскіх падчас буры.
- Надзея Яноўская — далікатная 18-гадовая дзяўчына, апошні нашчадак старажытнага шляхецкага роду Яноўскіх, якая жыве ў родавым маёнтку пасля дзіўнай гібелі бацькі, Рамана Яноўскага. Праз трывалы стан страху хварэе на лунатызм.
- Рыгор Дубатоўк — далёкі сваяк Яноўскіх, шляхціц. Вясёлы дзед-балака, жартаўнік, умее схіліць да сябе людзей, добра гаворыць па-беларуску. Пасля, аднак, высветлілася, што пад гэтай маскай хаваецца хітры і бязлітасны чалавек, галоўны злодзей, які прыдумаў Дзікае паляванне каб знішчыць Яноўскіх і займець іх замак і маёмасць.
- Алесь Варона — малады шляхціц, вельмі напышлівы і запальчывы, саўдзельнік Дубатоўка, вершнік Дзікага палявання, які адчувае глыбокую асабістую непрыязнасць да Беларэцкага. У свой час сватаўся да Надзеі, але атрымаў адмову.
- Андрэй Свеціловіч — студэнт Кіеўскага ўніверсітэта, выключаны за ўдзел у народных хваляваннях. Светлы, наіўны, адкрыты, але рашучы чалавек, з юных гадоў неўзаемна закаханы ў Надзею. Становіцца сябрам і надзейным паплечнікам Беларэцкага, але гіне ад рук Дзікага палявання.
- Ігнась Берман-Гацэвіч — 35-гадовы аматар кніг, знешне падобны да лялькі. Пасля раскрылася, што ён таксама далёкі сваяк Яноўскіх і таксама прэтэндаваў на маёнтак, для чаго прыдумаў Малога чалавека з той жа мэтай, што і Дубатоўк — звесці гаспадыню з глузду.
- Рыгор — селянін, паляўнічы, які добра ведае мясцовыя лясы. Выглядае сурова, але ў душы вельмі добры чалавек. Дапамагае Беларэцкаму і Свеціловічу перамагчы Дзікае паляванне.
Экранізацыя, інсцэнізацыя
[правіць | правіць зыходнік]Аднайменны фільм, адным са сцэнарыстаў якога быў сам Караткевіч, зняты ў 1979 годзе. Караткевічу экранізацыя яго твора не асабліва спадабалася, бо ў фільме практычна не было адной з ключовых тэм аповесці — смутку па цяжкім лёсе беларускага народа.
У 1989 годзе на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета адбылася прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», напісанай кампазітарам Уладзімірам Солтанам. Пастановачная група была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі за 1990 год.