Псіхатэхнічная лабараторыя Інбелкульта
Псіхатэхнічная лабараторыя Інбелкульта | |
---|---|
Дата заснавання / стварэння | 1925 |
Псіхатэхнічная лабараторыя — лабараторыя ў складзе Інбелкульта.
Запрошаны ў БДУ Серафім Міхайлавіч Васілейскі, які ў лютым 1924 года быў зацверджаны прафесарам па кафедры псіхалогіі, разгарнуў актыўную дзейнасць па ўкараненні і папулярызацыі псіхалагічных даследаванняў. 9 красавіка 1924 г. на педагагічна-метадалагічнай камісіі пры педагагічным факультэце было разгледжана пытанне аб стварэнні псіхатэхнічнай лабараторыі. Стварэнне першай Цэнтральнай псіхатэхнічнай лабараторыі БССР была падтрымана Усебеларускай асацыяцый навуковай арганізацыі працы (НАП). Лабараторыю, праца якой па прафадбору і прафкансультацыі пачалася ўжо ўлетку 1925 года, узначаліў С. М. Васілейскі[1].
У 1925 для пашырэння кадравага складу БДУ па псіхалогіі і педагогіцы быў запрошаны Аляксандр Аляксеевіч Гайвароўскі, з якім С. М. Васілейскі быў знаёмы па Самарскім універсітэце[1]. А. А. Гайвароўскі сумяшчаў працу на кафедры з працай у Цэнтральнай псіхатэхнічнай лабараторыі, распрацоўваючы пытанні адбору прадстаўнікоў розных прафесійных груп. Навуковая дзейнасць А. А. Гайвароўскага ўключала «даследаванне рэальных уяўленняў і ведаў дзяцей і дарослых розных сацыяльных, нацыянальных і культурных груп насельніцтва БССР (2700 чалавек); даследаванне прафесійнай адоранасці студэнтаў Мінскага чыгуначнага тэхнікума (да 120 чалавек); даследаванне кола літаратурнага досведу розных груп моладзі (400 чалавек); разбіўка паводле спецадоранасці моладзі, якая прыбыла ў мясцовыя вайсковыя часці (да 500 чалавек)»[1].
Да дзейнасці лабараторыі ўвосень 1925 г. быў прыцягнуты яшчэ адзін таленавіты супрацоўнік — студэнт Сяргей Міхайлавіч Вержбаловіч у якасці лабаранта, а пазней навуковага супрацоўніка. У рамках лабараторыі С. М. Вержбаловіч займаўся распрацоўкай псіхаграм шафёра, арганізоўваў прафкансультацыі ў школах г. Мінска[1].
Прафесар Васілейскі адзначаў «зладжаную працу калектыва лабараторыі, што дазволіла ажыццявіць шырокія і шматпланавыя даследаванні яе супрацоўнікамі». У кнізе «З тэорыі і практыкі прафарыентацыі і прафкансультаванні», напісанай С. М. Вержбаловічам, А. А. Гайвароўскім і С. М. Вержбаловічам, змешчана справаздача пра дзейнасць псіхатэхнічнай лабараторыі[1].
У рамках дзейнасці лабараторыі былі распрацаваны тэсты: «на назіральнасць, картаграфічную памяць і дакладнасць успрымання, тэст на веданне слоў і аб’ектаў, тэст на даследаванне кола літаратурнага досведу». Быў адаптаваны шэраг тэстаў: тэст Бурдона, тэст на ўстаўку слоў, тэст Эбінгаўз, тэст высноваў, тэст на веданне слоў і аб’ектаў[1].
У 1927 г. з Германіі было атрымана абсталяванне для псіхаграм і сканструявана ўласная апаратура — «складаны экспазіцыйны прыбор для даследавання дзяжурнага па станцыі; прыбор на цягліцавую памяць; прыбор на трапнасць удару; складана комплексны прыбор, які аб’ядноўвае ў сабе кімограф, мнемометр, камплікацыйны гадзіннік і хранаскоп, што вызначае час да 1/50 долі секунды); прыбор для даследавання дакладнасці і каардынаванай працы на вузка абмежаваным полі (для даследавання зубных урачоў); перайначаны і спрошчаны апарат Мюнстэрберга для даследавання шафёраў; апарат для даследавання рухомага вакамера і шэраг іншых меней значных прыбораў і апаратаў»[1].
У тым жа годзе лабараторыя пашырыла плошчу на цэлыя тры вялікія пакоі, у адным праводзілі калектыўныя выпрабаванні, у іншым былі апаратурныя ўстаноўкі, а ў трэцім знаходзіўся кабінет загадчыка лабараторыі[2].
У 1929 г. лабараторыю ўзначаліў А. А. Гайвароўскі, у сувязі з пераводам у 1928 г. С. М. Васілейскага ў Ніжагародскі ўніверсітэт. Ва ўмовах змены сацыяльна-палітычных рэалій сярэдзіны 1930-х гг. педалогія і псіхатэхніка былі раскрытыкаваныя. Паводле пастановы ЦК УКП(б) ад 04.07.1936 г. «Аб педалагічных скрыўленнях у сістэме наркамасветы» навука педалогія была забаронена[1].