Перайсці да зместу

Педагагічны факультэт БДУ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Педагагічны факультэт БДУ
БДУ
Заснаваны 1921
Закрыты 1931

Педагагічны факультэт БДУ — колішні факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які існаваў у 1922—1931 гадах. Рэарганізаваны ў самастойны Беларускі вышэйшы педагагічны інстытут.

Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў жніўні 1920 на базе Мінскага беларускага педагагічнага інстытута быў створаны Мінскі інстытут народнай адукацыі. Фактычна дзейнічалі 3 аддзяленні: 1-е для падрыхтоўкі педагогаў у дашкольныя ўстановы (тэрмін навучання 2 гады); 2-е для настаўнікаў пачатковых школ (3 гады); 3-е для настаўнікаў сярэдніх школ (4 гады). Ад 1 верасня 1921 у склад Мінскага белпедтэхнікума былі перададзены 1-е і 2-е аддзяленні, 3-я аддзяленне на працягу 1921—1922 было ўключана ў склад факультэта грамадскіх навук БДУ.

1 лістапада 1921 г. на трох факультэтах — рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук — пачаліся рэгулярныя заняткі для 1390 студэнтаў.

У 1922 годзе са складу факультэта грамадскіх навук быў утвораны педагагічны факультэт БДУ. На факультэце адкрываюцца чатыры аддзяленні: этнолага-лінгвістычнае, сацыяльна-эканамічнае, прыродазнаўча-гістарычнае і фізіка-матэматычнае.[1] Этнолага-лігнвістычнае аддзяленне пазней было перайменавана ў літаратурна-лінгвістычнае[2], а прыродазнаўча-гістарычнае — ў прыродазнаўчае. Загадчыкам фізіка-матэматычным і прыродазнаўчым аддзяленнямі ў 1922—1924 быў Іосіф Сцяпанавіч Пятосін, а ў 1924—1931 — Яўген Канстанцінавіч Успенскі.

У 1923 годзе на педагагічным факультэце арганізаваны «кабінет мясцовага краю», загадчыкам якога стаў А. А. Смоліч, а пад кіраўніцтвам М. Ф. Бліадухо створаны кабінет мінералогіі і крышталяграфіі. У маі 1924 года па прапанове А. А. Смоліча для ўсіх студэнтаў педагагічнага факультэта было ўведзена вывучэнне геаграфіі Беларусі.

Вядома пра існаванне кафедр тэорыі і гісторыі педагогікі; педагогікі; педалогіі; псіхалогіі;[3] фізікі;[4] геалогіі.[5] У 1927 годзе ў складзе факультэта былі кафедры: фізікі; агульнага мовазнаўства і гісторыі беларускай мовы; неарганічнай, аналітычнай і фізічнай хіміі; дыялектычнага матэрыялізму; педалогіі; батанікі; расійскай гісторыі; гісторыі Беларусі; расійскай літаратуры; заходнееўрапейскай літаратуры; псіхалогіі; старажытнай гісторыі; новай гісторыі; агульнай гісторыі; астраноміі; гісторыі рэлігіі і гісторыі Усходу; гісторыі народнай гаспадаркі Беларусі; арганічнай хіміі; старай беларускай пісьменнасці; геалогіі і мінералогіі; методыкі матэматыкі; вышэйнай матэматыкі; агульнай хіміі; заалогіі; методыкі фізікі; параўнальнага мовазнаўства; метэаралогіі; методыкі грамадазнаўства; беларускай мовы.[6]

На Педфаку існавалі наступныя навукова-дапаможныя ўстановы:

  • Інстытут арганічнай і тэхнічнай хіміі
  • Інстытут неарганічнай і фізічнай хіміі
  • Інстытут батанікі
  • Інстытут фізікі
  • Інстытут заалогіі
  • Інстытут параўнальнай анатоміі і эмбрыялогіі
  • Інстытут мінералогіі і геалогіі
  • Кабінет пры кафедры беларускай гісторыі
  • Кабінет пры кафедры расійскай гісторыі
  • Кабінет агульнай гісторыі
  • Кабінет беларускай мовы і літаратуры
  • Кабінет расійскай і заходнееўрапейскай літаратуры, мовы і мастацтва
  • Кабінет кразнаўства
  • Кабінет псіхалогіі і педагогікі
  • Кабінет яўрэязнаўства
  • Кабінет матэматыкі і фізікі[6]

28 ліпеня 1931 г. на падставе пастановы Савета Народных Камісараў БССР педагагічны факультэт БДУ быў рэарганізаваны ў самастойны Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут.[7]