Пётр Міхайлавіч Яропкін

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Пётр Міхайлавіч Яропкін
Eropkin Petr Mikhailovich.jpg
Дата нараджэння: 1698
Месца нараджэння:
Дата смерці: 27 чэрвеня (8 ліпеня) 1740
Месца смерці:
Commons-logo.svg Пётр Міхайлавіч Яропкін на Вікісховішчы

Пётр Міхайлавіч Яропкін (руск.: Еропкин або Яропкин; канец ХVII ст. — 1740) — рускі архітэктар і тэарэтык архітэктуры, адзін з самых адукаваных людзей Расіі 1-й паловы ХVIII ст.[1]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з роду Яропкіных, нашчадкаў смаленскіх удзельных фамінска-беразуеўскіх князёў — Рурыкавічаў. Да ХVIII ст. род настолькі разгалінаваўся, што сваяцтва паміж яго часткамі забылася, такім чынам з'явілася некалькі родаў Яропкіных, якія выводзілі сябе ад розных продкаў. З гэтай прычыны, з вызначэннем бацькоў Пятра Міхайлавіча Яропкіна ёсць пэўныя цяжкасці, нават год нараджэння энцыклапедычныя выданні даюць па-рознаму — 1689, 1698 або 1700 год.[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Маладосць і вучоба[правіць | правіць зыходнік]

Ранні этап жыцця П. Яропкіпа прасочваецца толькі агульна. Не ясна чаму Яропкін вызначаны ў лік 20 дваран, якіх цар Пётр адправіў у 1716 годзе на навучанне ў Еўропу, мусіць, трэба аднесці гэта на адзначаную сучаснікамі ўласцівасць цара Пятра з першага позірку бачыць здольнасці чалавека.[1]

Вясной 1716 года Пётр Яропкін, Цімафей Усаў, Фёдар Ісакоў і Пётр Колычаў адпраўлены ў Італію пад наглядам Ю. І. Калагрывава. На караблі яны прыбылі спачатку ў Ліворна, дзе вучылі мову, затым праз Венецыю і Фларэнцыю трапілі ў Рым. Калагрываў наняў ім настаўнікам архітэктара Л. Чыпрыяні. У Рыме вучні зведалі нястачу, бо атрымлівалі на жыццё штомесяц спачатку па 15, а потым па 10 яфімкаў. У 1719 годзе ўехаў у Расію Калагрываў, заменены С. В. Рагузінскім і вучоба працягвалася пад яго наглядам. У 1723 годзе, атрымаўшы добрыя водзывы пра поспехі навучэнцаў, Пётр I выклікаў іх у Расію. На зваротным шляху яны затрымаліся ў Неапалі, а вясною 1724 года Усаў і Яропкін праз Амстэрдам прыбылі ў Маскву. Трапіўшы да Пятра I яны адразу атрымалі заказ на праектаванне царскага палаца ў падмаскоўным сяле Прэабражэнскім. Кожны даў свой праект, ухвалены быў яропкінскі, паводле якога ў канцы 1724 года пачаліся будаўнічыя работы.[1]

Ухваленнем праекту Пётр I не абмежаваўся, паводле яго ўказу ад снежня 1724 года, прысутныя ў Расіі архітэктары экзаменавалі прафесійныя навыкі Яропкіна і яго таварышаў. Камісія ў складзе Даменіка Трэзіні, Міхаіла Зямцова і Варфаламея Растрэлі высока ацаніла тэарэтычныя веды Яропкіна і Усава, але да набыцця практычных навыкаў раіла лічыць праэкзаменаваных толькі гізелямі (памочнікамі архітэктара). Урэшце, у 1725 годзе Пётр Яропкін і Цімафей Усаў атрымалі званні архітэктараў з жалаваннем у 550 рублёў.[1]

Пачатак кар'еры[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак кар'еры Яропкіна супаў са смерцю імператара, за палацавымі пераваротамі і барацьбой прыдворных партый многія планы Пятра I былі забыты, нават Пецярбург пусцеў, вяльможы пакідалі яго і перасяляліся ў Маскву. Будаўніцтва замарудзілася, а ўжо пабудаванае занепадала — маштабных задач у Яропкіна, і рускіх архітэктараў наогул, не было, не было і магчымасцяў для самастойнай творчай работы.[1]

У 1726—1728 гадах П. Яропкін кіраваў будаўніцтвам асобных будынкаў і збудаванняў у Стрэльні і Пецергофе, паводле чарцяжоў Зямцова будаваў Асамблейную («Арапскую») залу і гаспадарчыя памяшканні ў Монплезіры. Восенню 1726 года, калі Ц. Усава, які працягваў пачатае італьянцам Нікола Мікетці будаўніцтва палацаў Стрэльны, адклікалі ў Маскву, Яропкіну даручылі работы па Стрэльнінскім палацы. У 2-й палове 1720‑х гадоў П. Яропкін жыве і працуе там, дзе запатрабаваны яго прафесійныя навыкі, у Маскве.[1]

У 1726 годзе П. Яропкін разам з І. Усцінавым у складзе камісіі абследаваў абваліўшыся ў 1723 годзе каменны шацёр сабора Новаіерусалімскага Васкрасенскага манастыра. Восенню 1727 года П. Яропкіну, разам з італьянскімі савучнямі, даручана пабудаваць у Маскве трыумфальныя аркі з нагоды каранацыі Пятра II. З 1728 года, пасля смерці Усава, удзельнічае ў стварэнні архітэктурнага ансамб­ля ў Лефортаве, робіць удакладненні ў планіроўкі ансамбля. У верасні 1730 года Сенат даручае Яропкіну даследаваць лядашчасць Успенскага сабора Маскоўскага Крамля. У гэты ж час, Яропкін перабудоўвае маскоўскую сядзібу А. П. Валынскага, мусіць, менавіта ў гэты час і сышоўся з ім блізка, у 1731 годзе сястра П. Яропкіна — Соф'я, выйшла замуж за А. П. Валынскага. Таксама П. Яропкіну прыпісваюць стварэнне ў 1720—1730‑х гадах архітэктурнага ансамбля сядзібы Я. В. Бруса ў падмаскоўных Глінках.[1]

Дзейнасць у Пецярбургу[правіць | правіць зыходнік]

Вясной 1731 года П. М. Яропкін вяртаецца ў Пецярбург для падрыхтоўкі будынкаў да прыёму царскага двара, які пераязджаў сюды з Масквы. Таксама П. Яропкіна ўключаюць у працу Канцылярыі ад будоўляў — установы, створанай у 1723 годзе для будаўніцтва і развіцця гарадскіх структур. П. М. Яропкін прызначаны на пасаду архітэктара Паліцмейстэрскай канцылярыі, ён наглядаў за абывацельскай забудовай і добраўпарадкаваннем, даводзілася займацца асушэннем пляцоў, брукам, набярэжнымі, мастамі — фактычна, выконваў абавязкі галоўнага архітэктара горада, у сённяшнім разуменні, толькі без адпаведных сённяшнім паўнамоцтваў.[1]

Нягледзячы на агульны застой у краіне, пасля смерці Пятра I, усё ж, яго сталіца развівалася, але ўсё ў гэтым кірунку рабілася не дзякуючы, а фактычна насуперак памкненням вышэйшай улады. Заслуга ў гэты — П. М. Яропкіна, І. К. Корабава і М. Г. Зямцова. Пры двары Ганны Іаанаўны не было яснага разумення перспектыў развіцця Пецярбурга. Яропкіна ўказам імператрыцы пераведзены з гарадскіх спраў на будаўніцтва Аляксандра-Неўскага манас­тыра, адноўленае ў 1735 годзе. Праект гэты пачынаўся ў 1710 годзе Пятром I як грандыёзны мемарыял, першапачаткова будаваўся па праекце Даменіка Трэзіні, але пры Ганне Іаанаўне мусіў дабудоўвацца як чыста царкоўны, хоць і прадстаўніцкі комплекс. На гэтым месцы Яропкін замяніў Зямцова, які ў сваю чаргу замяніў Яропкіна на месцы архітэктара Паліцмейстэрскай канцылярыі. Такім чынам, П. Яропкін вымушаны быў займацца хоць і ганаровай, але чужой, вузкай і не дужа цікавай яму задачай, замест маштабнага праектавання і добраўпарадкавання гарадской тэрыторыі.[1]

Адначасова з гэтым будуе дамы для пераехаўшых у Пецярбург вяльможаў, у горадзе тады ажыццяўлялася будаўніцтва пераважна палацаў і сядзіб арыстакратыі, у архіве Стакгольмскага музея захаваліся рысункі гэтых будынкаў спраектаваных Яропкіным. Так, ім былі спланаваны палацы кабінет‑міністра Ганны Іаанаўны князя А. М. Чаркаскага, фельдмаршала М. Ю. Трубяцкога, обер‑егермейстэра А. П. Валынскага, віцэ‑канцлера А. І. Остэрмана. Творам Яропкіна ўласціва адзіная стылістыка, усе яны трохпавярховыя, размяшчаны на Дварцовай і Англійскай набярэжных, у аздабленні спалучаюць рысы барока і палацавай архітэктуры Адраджэння. Яропкінскім творам была ўласціва прыўнесеная ім у барока строгасць. Вокны аздабляліся фігурнымі абрамленнямі, фасады ажыўляліся камбінацыяй ліштваў розных форм, рус­там, кампазіцыйным чляненнем сцен па гарызанталі і вертыкалі. Адсутнасць пышнасці кампенсавалася мудрагелістас­цю. У перабудаваным выглядзе некаторыя з гэтых будынкаў захаваліся да цяперашняга часу.[1]

Помнік на агульнай магіле Валынскага, Хрушчова і Яропкіна каля Самсоньеўскага сабора ў Санкт-Пецярбургу.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Калязина Н. В., Калязин Е. А. Петр Еропкин // Зодчие Санкт-Петербурга, XVIII век. — СПб., 1997. — С. 156—190;
  • Луппов С. П. Библиотека П. М. Еропкина. // Книгопечатание и книжные собрания в России до середины XIX в. — Л., 1979. — С. 142—152;
  • Мильков В. И., Мильков В. В. Памятник ему — город // Московский журнал : журнал. — 2013. — № 11 (274). — С. 14-41.