Равячка (археалагічныя помнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Равячка — археалагічныя помнікі: гарадзішча IIV стст. н.э. культуры штрыхаванай керамікі і 2 селішчы VIVII стст. н.э. банцараўскай культуры каля в. Равячка Мядзельскага раёна.

Гарадзішча[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на ўзвышшы сярод поплаву р. Сэрвач. Памер 55х38 м. Выявіў у 1967 г. і абследаваў у 1974 А. Р. Мітрафанаў. Пляцоўка ўмацавана сістэмай валоў і равоў. Першы вал. вышынёй 0,7 м, шырынёй 4 м знаходзіцца з паўночна-ўсходняга боку пляцоўкі, за ім роў глыбінёй 2 м і шырынёй каля 6 м, другі і трэці валы з 2 равамі – з паўднёва-заходняга боку пляцоўкі. Вышыня валоў 1 м, шырыня 5 – 7 м, глыбінёй равоў 0,5 – 0,6 м, шырынёй 6—7 м. Культурны пласт 0,3 – 1 м. Знойдзены фрагменты рабрыстых і слоікавых штрыхаваных пасудзін, косці жывёл і шлакі.

Селішча–1[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за за 0,4 км на поўдзень ад заходняй ускраіны вёскі. Займае частку поля і поплаву р. Сэрвач. Плошча 0,4 – 0,5 га. Выявіў і абследаваў у 1973 г. А. Р. Мітрафанаў. Культурны пласт 0,1 – 0,2 м. Знойдзены абломкі ляпнога гладкасценнага посуду.

Селішча–2[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі, на ўзвышшы правага берага р. Сэрвач. Памеры 165х30 – 35 м. Вышыня 4 – 5 м. Выяўлены у 1967 г., даследаваў у 19731975 гг. А. Р. Мітрафанаў (1292 м2). Культурны пласт 0,4 – 0,5 м. Выяўлены рэшткі 4 прамавугольных у плане жытлаў зрубнай канструкцыі з 2-схільнымі дахамі. 2 наземныя жытлы плошчай 11,5 і 16,8 м2 урэзаны ў схіл узвышша, унутры печы-каменкі ў выглядзе развалаў абпаленых камянёў. Адна паўзямлянка плошчай 15,2 м2 заглыблена ў зямлю на 0,5 м, мела агнішча ў выглядзе выбрукоўкі з дробных камянёў на пясчанай падсыпцы. Другая паўзямлянка заглыблена ў зямлю на 0,6 м (раскапана часткова), мела ўнутры печ-каменку. Знойдзены ляпная гладкасценная і штрыхаваная кераміка, слабапрафіляваныя і слоікавыя пасудзіны, жалезныя нажы з выгнутай і прамой спінкай, навершы дзяржанняў якіх мелі S-падобныя і спіралепадобныя завіткі, бронзавыя трубачкі, жалезныя шылы, гліняныя біканічныя прасліцы з вялікімі адтулінамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мітрафанаў, А. Р. Равячка / А. Р. Мітрафанаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: У 2 т. / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2011. — 464 с.: іл. — С. 242. — ISBN 978-985-11-0549-2.
  • Мітрафанаў, А. Р. Равячка / А. Р. Мітрафанаў // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 528. — ISBN 5-85700-077-7.
  • Митрофанов, А. Г. Железный век средней Белоруссии (VII – VI вв. до н. э. – VIII в. н. э.) / А. Г. Митрофанов; АН БССР, Ин-т истории. – Мн.: Наука и техника, 1978. – 160 с. – С. 85 – 87.
  • Митрофанов, А. Г. Раскопки близ дер. Ревячка / А. Г. Митрофанов // Археологические открытия 1975 года / АН СССР, Ин-т археологии; [отв. ред. Б. А. Рыбаков]. – М.: Наука, 1976. – 602 с., 1 л. ил.: ил. – С. 423.
  • Равячка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны – Усая. – Мн.: БелЭн, 2001. – 591 с.: іл. – С. 38. – ISBN 985-11-0214-8.