Перайсці да зместу

Мядзельскі раён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мядзельскі раён
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна  Беларусь
Уваходзіць у Мінская вобласць
Адміністрацыйны цэнтр Мядзел
Кіраўнік Анатоль Вайнілка[d][1]
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 89,19 %, руская 9,78 %
Размаўляюць дома: беларуская 75,68 %, руская 22,58 %[2]
Насельніцтва (2009)
29 599 чал.[2] (18-е месца)
Шчыльнасць 15,04 чал./км² (20-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 93,71 %,
рускія — 4,02 %,
палякі — 1,09 %,
іншыя — 1,18 %[2]
Плошча 1 964,30[3]
(7-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
 • Найвышэйшы пункт


 233,9 м
Мядзельскі раён на карце
Часавы пояс UTC+03:00
Паштовыя індэксы 222397
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мя́дзельскі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Мінскай вобласці. Размешчаны на паўночным захадзе Мінскай вобласці. Мяжуе з Пастаўскім і Докшыцкім раёнамі Віцебскай вобласці, Астравецкім і Смаргонскім раёнамі Гродзенскай вобласці, Вілейскім раёнам Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Мядзел.

Мядзельскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года раён падзелены на 12 сельсаветаў: Баярскі, Брусоўскі, Дзягільскі, Занарацкі, Кабыльніцкі, Лук’янавіцкі, Ляшчынскі, Мядзельскі, Някасецкі, Сваткаўскі, Слабадскі і Старагабскі. 25 лістапада 1940 года да раёна далучаны Лотвінскі і Нагаўкаўскі сельсаветы Пастаўскага раёна. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Баярскі, Лук’янавіцкі, Нагаўкаўскі, Някасецкі сельсаветы. 31 жніўня 1959 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Свір, Канстанцінаўскі, Сырмежскі і Шэметаўскі сельсаветы скасаванага Свірскага раёна. 17 лістапада 1959 года Мядзел атрымаў статус гарадскога пасёлка, Мядзельскі сельсавет скасаваны. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Мінскай вобласці. 10 мая 1960 года скасаваны Канстанцінаўскі і Шэметаўскі сельсаветы. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Крывічы, Будслаўскі, Княгінінскі, Пузырскі, Сіўцаўскі сельсаветы скасаванага Крывіцкага раёна. 8 чэрвеня 1963 года скасаваны Сіўцаўскі сельсавет. 28 жніўня 1964 года Кабыльніцкі сельсавет перайменаваны ў Нарацкі. 26 верасня 1964 года ўтвораны курортны пасёлак Нарач. 1 кастрычніка 1973 года Брусоўскі сельсавет перайменаваны ва Узленскі. 9 жніўня 1979 года скасаваны Ляшчынскі сельсавет. 23 сакавіка 1987 года скасаваны Узленскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года гарадскі пасёлак Мядзел і Мядзельскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 26 снежня 1995 года зноў утвораны Мядзельскі сельсавет. 18 лістапада 1998 года Мядзел атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 20 верасня 1999 года скасаваны Нарацкі пассавет, населеныя пункты перададзены ў склад Нарацкага сельсавета. 18 студзеня 2002 года Лотвінскі сельсавет перайменаваны ў Лацвянскі, Пузырскі сельсавет — у Пузыроўскі. 29 верасня 2006 года скасаваны Дзягільскі і Лацвянскі сельсаветы[4]. 30 кастрычніка 2009 года Крывіцкі пассавет рэарганізаваны ў Крывіцкі сельсавет, скасаваны Пузыроўскі сельсавет[5]. 28 мая 2013 года Свірскі пассавет рэарганізаваны ў Свірскі сельсавет, скасаваны Старагабскі і Сырмежскі сельсаветы[6].

Плошча − 196,7 тыс. га., з іх 53,8 % (105,7 тыс. га.) належыць да нацыянальнага парку «Нарачанскі». 8,4 % (16,6 тыс.га.) тэрыторыі раёна займаюць азёры (у раёне 52 азёры), 41,6 % (82,0 тыс.га.) — лясы.

Працягласць з захаду на ўсход — 75 км, з поўначы на поўдзень — 43 км. Паверхня раўнінна-ўзнёслая з агульным ухілам з поўначы-усходу на паўднёва-захад. Раён размешчаны ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны, паўночная частка раёна размешчана на Свянцянскай градзе.

Асаблівасць раёна — курортная зона вакол возера Нарач. Плошча курортнай зоны 58,5 тыс. га, што складае 29 % ад тэрыторыі раёна.

У раёне ёсць шмат азёр і рэк. Асноўныя рэкі — Страча, Вялікі Перакоп, Нарач, Вузлянка (басейн Віліі), Мядзелка (басейн Дзясны). На тэрыторыі раёна працякае самая кароткая рака Беларусі — Скема, даўжыня якой складае ўсяго 200 м.

Азёры займаюць 7,48 % тэрыторыі раёна. Найбольш буйныя з іх — Нарач, Мястра, Баторына, Свір і Белае — ўтвараюць Нарачанскі азёрную групу. На тэрыторыі знаходзяцца і іншыя групы азёр — Мядзельская і Балдуцкая. Балота Габы.

Каля 30 % тэрыторыі раёна прыпадае на лес. Найбольш значныя лясныя масівы размешчаны на паўднёвым захадзе і паўночным захадзе.

Краявід над Нарачанскімі азёрамі

Насельніцтва Мядзельскага раёна складае 25 755 чалавек (1 студзеня 2021). У 1995 годзе насельніцтва складала 40,1 тыс. жыхароў[7].

Усяго ў раёне 307 населеных пунктаў, сярод якіх горад Мядзел (7 054 чал.), курортны пасёлак Нарач (3 993 чал.) аграгарадок Нарач (2 581 чал.), гарадскія пасёлкі Крывічы (1 108 чал.) і Свір (996 чал.).

На тэрыторыі раёна эксплуатуюцца радовішчы торфу, пясчана-жвіравага матэрыялу, будаўнічых пяскоў, гліны і суглінкаў, а таксама сапрапелю.

Транспартная сістэма ўключае чыгуначную лінію Маладзечна — Полацк, аўтамабільныя дарогі Вільня — Полацк, Нарач — Мінск.

У раёне дзейнічае 8 прамысловых прадпрыемстваў: Нарачанскі масласырзавод, Ілаўскі пладовакансервавы завод, даследчы рыбгас «Нарач», Нарачанскі завод напояў, Мядзельскі кааппрам, Мядзельскі аўтатэхсервіс, прадпрыемства «Гарант», Мядзельскае Аграпрамэнерга.

Мядзельскі раён спецыялізуецца на вытворчасці мяса, малака, збожжа, ільну, бульбы. Доля раслінаводства ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі складае 44 %, доля жывёлагадоўлі — 56 %.

Турызм і адпачынак

[правіць | правіць зыходнік]
Агра-турыстычны комплекс «Наносы».

3а год на тэрыторыі раёна адпачывае каля 100 тыс. чалавек. Тут размешчаны рэспубліканскі дзіцячы лагер «Зубраня», санаторыі «Баравое», «Сосны», «Белая Русь», «Нарач», «Прыазёрны», «Будаўнік», дамы адпачынку «Рудакова», «Журавінка», «Нарачанка», «Нарачанскі бераг», «Нарач», «Спадарожнік». У Мядзельскім раёне дзейнічаюць 64 аграсядзібы і 16 турыстычных стаянак. На тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі» размешчаны турыстычны комплекс «Аптэкарскі сад» і этнакультурны комплекс «Наносы-Наваселле».

Культурныя ініцыятывы

[правіць | правіць зыходнік]

З 2005 года ў вёсцы Камарова праводзяць фестываль народных промыслаў і рамёстваў «Камарова — Кола дзён». У чэрвені 2015 года ён прайшоў дзясяты раз[8]

Штогод у Будславе адбываецца Будслаўскі фэст у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай. 28 лістапада 2018 года фэст уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.

У 2005 і 2008 гадах Мядзел быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля».

Памятныя мясціны

[правіць | правіць зыходнік]

У спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Мядзельскага раёна знаходзяцца 53 аб’екты, з іх: 29 — помнікі археалогіі, 17 — помнікі архітэктуры, 7 — помнікі гісторыі.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Будслаў).

У Мядзельскім раёне налічваецца 8 каталіцкіх храмаў: Мядзельскі Касцёл Маці Божай Шкаплернай (1754 г.), Будслаўскі Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1633 г.), касцёл ў Засвіры (1714 г.), касцёл і кляштар у Крывічах (1796 г.), касцёл у Свіры (1649—1653, 1903—1909), касцёл у Канстанцінава (1826 г.), касцёл у Кабыльніку (1901 г.) і касцёл у Шэметава (кан. XVIII ст. — пач. XIX ст.).

Праваслаўных храмаў у раёне 10: царква ў Княгініне (1772 г.), царква ў Крывічах (1887 г.), царква ў Кабыльніку (1860-я гг.), царква ў Слабадзе (1880 г.), царква ў Старых Габах (1905 г.), стараверскі храм у Свіры (пач. XX ст.), царква ў Свіры (2006 г.), царква ў Мядзелі (1906 г.), царква ў Занарачы (2002 г.) і царква ў Мікасецку (1926 г.).

Касцёл Святой Троіцы (Засвір).

Капліцы на Мядзельшчыне ёсць у Крывічах, Княгініне, Беразняках, Гулях, Падбярэззі, Свіры, Засвіры, Канстанцінаве і ў Мядзеле.

Часткова ці цалкам захаваліся сядзібы: сядзіба Хамінскіх у Альшэва (к. XVIII — пач. XX стст.), комплекс былой сядзібы ў в. Камарова (к. XIX — пач. XX стст.), сядзіны дом Ахраноўскіх у в. Лушчыкі (пач. XX ст.), сядзіба Сулістроўскага ў в. Шэметава, сядзіба Аскеркаў у в. Будслаў (XVIII—XX стст.), сядзіба ў в. Ілава (XIX ст.), сядзіба ў в. Мокрыца (XIX ст.), сядзіба Аскеркаў у Баярах (XIX ст.) і іншыя.

Помнікі Першай сусветнай вайны: могілкі ў вёсках Бонда, Канстанцінава, Брусы, Княгінін, Нарач, Засвір, Узла, Пронькі, Каракулічы, помнікі у вёсках Карабаны, Пронькі, Каракулічы, Нарач, абарончыя збудаванні ў Занарачы і Наносах, бункер і гаспадарчае збудаванне ў Проньках.

У вёсках Пруднікі, Наносы, Свір і Узла ёсць млыны, у Княгініне і Будславе — чыгуначныя станцыі. У Мядзеле ёсць кальварыя.

У в. Пількаўшчына знаходзіцца дом Максіма Танка.

Помнікі прыроды

[правіць | правіць зыходнік]
Возера Глубелька.

На тэрыторыі Мядзельскага раёна знаходзіцца 96 % плошчы Нацыянальнага парку «Нарачанскі», ландшафтны заказнік «Блакітныя азёры» і гідралагічны заказнік «Чарэмшыцы».

Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (геалагічныя)
Седлавы камень занарацкі.
Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (батанічныя)
  • Брэскае насаджэнне карэльскай бярозы
  • Некасецкае насаджэнне карэльскай бярозы

Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (гідралагічныя)

[правіць | правіць зыходнік]
  • Вялікая Болцікская крыніца
  • Куэльская крыніца
  • Крыніца Купа
  • Крыніца Млын
  • Нарачанская падводная крыніца[9]
Помнікі прыроды мясцовага значэння
  • Востраў на возеры Нарач
  • Будслаўскі парк
  • Парк Камарова
  • Мядзельскі парк перамогі
  • Стары парк у Мядзелі
  • Парк Альшэва
  • Жосненскі валун
  • Качэргінскі валун
  • Маргінаўскі валун
  • Гара Барсучыха
  • Гара Пуставіны
  • Брылеўскі камень
  • Дзягілеўскі камень[10]

Асобы, звязаныя з раёнам

[правіць | правіць зыходнік]
Родная хата Максіма Танка ў вёсцы Пількаўшчына.
  1. http://www.myadel.minsk-region.by/ru/predsed-ru/
  2. а б в Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. Минского областного Совета депутатов от 29 сентября 2006 г. № 245 Об упразднении Дягильского, Лотвинского сельсоветов и изменении границ Слободского, Мядельского сельсоветов Мядельского района
  5. Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 Об изменении административно-территориального устройства Минской области
  6. Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области Архівавана 19 верасня 2020.
  7. Беларусь 1995.
  8. Выстава-кірмаш «Камарова — Кола дзён 2015». Добрым людзям — добрае надвор’е і выдатнае свята (Фота і відэа) Архівавана 9 ліпеня 2015.//«Рэгіянальная газета»
  9. Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння // Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, 2020 г.
  10. Помнікі прыроды мясцовага значэння // Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, 2020 г.
  • Мядзельскі раён // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 507. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.