Культура штрыхаванай керамікі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Жалезны век Беларусі

Культура штрыхава́най кера́мікі — археалагічная культура балцкіх плямён, якія ў 7-6 стагоддзях да нашай эры — 4-5 стагоддзях нашай эры насялялі тэрыторыю сярэдняй Беларусі і ўсходняй Літвы.

Назву атрымала ад глінянага посуду, знешняя (часта і ўнутраная) паверхня якога пакрывалася штрыхамі. Паводле асаблівасцей развіцця матэрыяльнай культуры і сацыяльна-эканамічнага жыцця насельніцтва вылучаюцца 3 храналагічныя тыпы штрыхаванай керамікі.

На першым этапе (7-5 стагоддзі да нашай эры) насельніцтва жыло на адкрытых паселішчах, якія размяшчаліся на ўзвышэннях у паплавах рэк і азёр і мысападобных выступах першай надпоплаўнай тэрасы. Пазней паявіліся гарадзішчы. Яны ўзнікалі ў абароненых прыродай мясцінах, дзе былі прыдатныя для апрацоўкі ўчасткі і паша для жывёлы, — на ўзгорках, часам сярод балот або на мысах па берагах рэк і азёр. Самыя раннія гарадзішчы ўмацоўваліся па краі пляцовак толькі драўлянай сцяной, а схілы ўзгорка або мыса штучна зразаліся, чым дасягалася большая стромкасць.

Былі пашыраны прылады працы з косці, рога, крэменю, дрэва (каменныя сякеры, зерняцёркі, тачыльныя брускі і іншыя), касцяныя і рагавыя ўпрыгожанні. Насельніцтва вырабляла слоікападобныя пасудзіны (з прамым, увагнутым і злёгку адагнутым венчыкам), пасудзіны з конусападобным і выпуклым тулавам і гладкасценныя або штрыхаваныя гаршкі (з прамым або адагнутым венчыкам, кароткай шыйкай, апушчаным або прыўзнятым плечуком і выпуклым тулавам, плоскім ці круглаватым дном). Па шыйцы яны мелі арнаментаваны рознымі па дыяметры ямкавымі ўцісканнямі, якія размяшчаліся па адной у рад, або групамі па 2-3 у кожнай, часам у выглядзе трохкутнікаў.

У гаспадарцы побач з лядным земляробствам і жывёлагадоўляй значную ролю адыгрывалі паляванне і рыбалоўства.

Вырабы з жалеза, косці, гліны і каменю з гарадзішча каля вёскі Гарадзішча (Мядзельскі раён)

На другім этапе (4-1 стагоддзі да нашай эры) у плямён узніклі новыя, добра ўмацаваныя гарадзішчы, а ранейшыя гарадзішчы перабудоўваліся: пляцоўкі павялічвалі, па іх краях з боку поля насыпалі валы і выкопвалі равы. Насельніцтва жыло ў вялікіх доўгіх дамах слупавой канструкцыі, падзеленых на некалькі (ад 3 да 6) жылых памяшканняў. Унутры іх размяшчаліся агнішчы круглай, авальнай ці падковападобнай формы, абкладзеныя па краях камянямі або валікам гліны.

Разам з каменнымі, касцянымі, рагавымі вырабамі выкарыстоўваліся і жалезныя прылады працы, зброя. Ва ўжытку па-ранейшаму былі таўстасценныя і слабаабпаленыя слоікападобныя пасудзіны і гладкасценныя або штрыхаваныя гаршкі.

На трэцім этапе (1-5 стагоддзі нашай эры) гарадзішчы ўмацоўваліся складанай сістэмай земляных валоў з драўлянымі канструкцыямі на іх грэбені і глыбокіх равоў. На змену доўгім вялікім дамам прыйшлі невялікія чатырохвугольныя наземныя жытлы слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі ўнутры, што сведчыла пра распад патрыярхальна-родавых адносін.

Асноўнымі галінамі гаспадаркі былі ляднае земляробства і жывёлагадоўля, а таксама апрацоўка жалеза, косці, рога, каменю, дрэва, бронзаліцейная справа, ганчарства, прадзенне, ткацтва, пляценне і іншыя.

Грамадскі лад — развіты патрыярхат на стадыі далейшага распаду першабытнаабшчынных адносін.

Насельніцтва вырабляла і ўжывала жалезныя сякеры з вузкім і выгнутым лязом, нажы, брытвы з выпуклым лязом, долаты, нажы для жніва, сярпы, падковападобныя і латэнскага тыпу фібулы, посахападобныя шпількі, наканечнікі коп'яў і дроцікаў, шылы, спражкі, іголкі, бронзавыя пярсцёнкі, драцяныя скроневыя кольцы, кольцы для падвешвання аздоб, спіралькі, бранзалеты з разамкнёнымі і звужанымі канцамі, трапецападобныя і акулярападобныя падвескі, гліняныя прасліцы, гліняныя грузікі і іншыя.

Кераміка — штрыхываныя і гладкасценныя рабрыстыя і слабапрафіляваныя гаршкі і пасудзіны слоікавай формы, арнаментаваныя па рабры і ў верхняй частцы зашчыпамі, ямкавымі ўціскненнямі, насечкамі, нарэзамі пазногцевымі ўцісканнямі і іншыя. Трапляюцца глянцаваны і падглянцаваны посуд, мініяцюрныя пасудзіны міскападобных і слоікавых форм.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Митрофанов А. Г. Железный век Средней Белоруссии (VII—VI вв. до н. э. — VIII в. н. э.). Мн., 1978
  • Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970
  • Энцыклапедыя Археалогія і нумізматыка Беларусі. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. Мн., 1993