Радыелагічная зброя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Радыелагічная зброя — зброя масавага знішчэння, дзеянне якой заснавана на баявым выкарыстанні іанізавальнага выпраменьвання радыеактыўных матэрыялаў. Дзеянне радыелагічнай зброі можна параўнаць з дзеяннем радыеактыўных рэчываў, якія выкідаюцца ў атмасферу пры аварыях на АЭС, або з выбухам ядзерных боепрыпасаў. Пры прымяненні такой зброі забруджваецца навакольнае асяроддзе і ўзнікаюць шкодныя наступствы для жывёл (прамяневая хвароба) і раслін.

Самы просты прыклад радыелагічнай зброі — гэта так званая «брудная бомба», якая ўяўляе сабой кантэйнер з радыеактыўным ізатопам (ізатопамі) і зарадам выбуховага рэчыва. Пры падрыве зарада выбуховага рэчыва кантэйнер з ізатопамі разбураецца, і радыеактыўнае рэчыва распыляецца ўдарнай хваляй на вялікай плошчы. Асноўнай крыніцай матэрыялаў для стварэння радыелагічнай зброі, у тым ліку і «бруднай бомбы», з’яўляюцца адходы, якія ўтвараюцца падчас працы ядзерных рэактараў, але магчымы і наўмысны падрыў абсталявання неваеннага прызначэння, дзе выкарыстоўваюцца радыеактыўныя матэрыялы.

Ваеннае прымяненне радыелагічнай зброі можа ажыццяўляцца з дапамогай авіяцыйных распыляльнікаў, авіябомбаў, беспілотных лятальных апаратаў, артылерыйскіх снарадаў і іншых боепрыпасаў. Радыелагічная зброя можа выкарыстоўваць не толькі гатовыя радыеізатопы, але і тыя, што ўтвараюцца ў момант дэтанацыі ядзернай або тэрмаядзернай бомбы. Пад уздзеяннем нейтронаў, якія ўтвараюцца пры выбуху такой бомбы, некаторыя рэчывы, такія як кобальт і тантал, могуць ператварацца ў надзвычай радыеактыўныя ізатопы. Такі варыянт радыелагічнай зброі ў англамоўнай літаратуры часта называецца «Salted bomb».

Нягледзячы на тое, што некаторыя краіны (напрыклад, СССР у 1953—1958 гадах) займаліся распрацоўкай і выпрабаваннямі радыелагічнай зброі, у наш час, па афіцыйных дадзеных, не існуе асобных тыпаў боепрыпасаў, якія б стаялі на ўзбраенні войскаў дзяржаў. Прычына ў тым, што такая зброя не мае неадкладнага паражальнага эфекту (светлавога выпраменьвання, ударнай хвалі і іншых відаў уздзеяння традыцыйнай ядзернай зброі) і, такім чынам, мала карысная ў баявых умовах. Напрыклад, выкарыстанне «бруднай бомбы» прывядзе да радыяцыйнага заражэння глебы, вады і ўзнікнення прамянёвай хваробы (і з’яўлення мутацый жывел і раслін) на вялікіх тэрыторыях. Ачыстка гэтых тэрыторый будзе займаць працяглы час, ёсць верагоднасць апраменьвання сваіх салдат. Усё гэта не з’яўляецца жаданым вынікам, асабліва калі вайна вядзецца дзеля заваявання тэрыторыі і атрымання матэрыяльнай выгады ад вайны. Таму ў сучаснасці дадзены тып зброі ў асноўным выкарыстоўваецца як элемент запалохвання.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ковтуненко О. П., Богучарський В. В., Слюсар В. І., Федоров П. М. Зброя на нетрадиційних принципах дії (стан, тенденції, принципи дії та захист від неї). — Полтава: ПВІЗ, 2006. — 248 с.
  • Kirby R. Radiological Weapons: America’s Cold War Experience. — 2020.