Размовы:Арганізацыя Паўночна-Атлантычнай Дамовы

Змест старонкі недаступны на іншых мовах.
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Калі ласка, давайце прытрымлівацца традыцыйнага транслітэраванага абазначэння "НАТО". - Ivan Sidorsky 09:07, 31 Травень 2007 (UTC)

Варта мець на ўвазе гэтую размову: user talk:Уладзімір Русаковіч#Адказ: Стыль. На жаль, гэта пазіцыя, відаць, прынцыповая. Yury Tarasievich 09:30, 31 Травень 2007 (UTC)

Прашу не ператвараць гэтую Вікіпедыю ў трасянкавую. Для тых каму патрабуюцца транслітэрацыі маюць права зьвяртацца да мовы Эсперанта або стварыць трэцюю па ліку беларускую Вікіпедыю. І будзе зьзяць на экране:

Беларуская,

Беларуская(тарашкевіца),

Беларуская (трасянка). Выбачайце, што пакуль няма спасылкі.

Ці яшчэ горш: ператворым беларускую мову ў суцэльную транслітэрацыю. Мабыць, адразу кірылічную азбуку на лацінскі "альфабэт" зьмяніць?

А слова Каран з павагі да мусульманаў пісаць справа налева? Цікава, як гэта французы не дадумаліся замест свайго нікчэмнага картавага OTAN пісаць "па-чалавечэскі" NATO?

А можна нічога не рабіць і чакаць нараканьняў на тое, што ў беларускай мове бракуе словаў, каб выказаць думкі ды апісаць тое, з чым паўсядзённа сутыкаешся. Паланізаваньне мы ўжо праходзілі ў 17-ым стагоддзі. Паўтор памылкі ў гісторыі адзін раз лічыцца фарсам. Калі ж прадмет памылкі дажывае да другой памылкі, то гэта па жанры дарастае да сур'ёзнага мастацкага твора пад назвай трагедыя.

Уладзімір Русаковіч 14:39, 31 Травень 2007 (UTC)


Я з шанаваннем стаўлюся да намаганняў, якія бескарысна робяць усе ўдзельнікі беларускай Вікіпедыі дзеля стварэння патрэбнага нашаму народу он-лайнавага даведніка, і стараюся не шкодзіць іх рабоце выпадковымі і неабгрунтаванымі каментарыямі. Дарэмна Вы ўспрымаеце ўсе заўвагі так варожа, - мы перш за ўсё робім агульную справу і абсалютна не маем на мэце не дапусціць Вашага свабоднага самавыражэння. Як Вы правільна заўважылі, ёсць два беларускія раздзелы Вікіпедыі, таму Вы можаце працягваць настойваць на сваёй выключнай праваце тут, альбо рэалізаваць свой высокі канфліктны патэнцыял у другім месцы. Ivan Sidorsky 12:02, 31 Травень 2007 (UTC)
Галоўная мэта праекту -- стварэнне он-лайнавай энцыклапедыі пад свабоднай ліцэнзіяй. Тэрміналогія і нарматыўная моўная практыка, каб гэта рабіць, існуюць і ў дастатковай колькасці, і ў адэкватнай якасці, і ў бальшыні выпадкаў.
Існуючыя нормы могуць не падабацца. Скажам, мне самому не ўсё падабаецца. Але што з таго? Самавольнае ўвядзенне ў тэкст прыдуманых замен -- недапушчальна, як наогул у жанры энцыклапедыі, так і ў Вікіпедыі. Энцыклапедыя/Вікіпедыя -- не месца "моўнага выхавання" людзей.
Нарэшце, самавольнае паляпшэнне мае тую непрыкметную якасць, што яно можа выявіцца, напр., няграматным, або чужамоўным, або зразумелым толькі аўтару, або ўсім гэтым -- адразу.
Напрыклад, чым кіраваўся аўтар гэтай праўкі (гл. раздзелы "эканоміка" і "транспарт"): [1] ?
Абсалютна пустая, і нават шкодная праўка:
  • паменшала інфармацыі, і каму шкодзілі націскі?
  • затуманены сэнс раздзелу эканоміка
  • уведзены няграматны заменнік аэрадрому (нашто?)

---Yury Tarasievich 12:35, 31 Травень 2007 (UTC)

І яшчэ адно, Уладзімір -- падмяняць сабою натуральны працэс словаўтварэння можна толькі дужа добра ведаючы і мову, і існасць гэтага самага працэсу. З тых, хто працуе тут, у ВП, я не апошні ў веданні мовы, але не рызыкую, бо можна дасягнуць таго самага, пра што вышэй.
Для стварэння тэрмінаў даўно прыдуманы 4-ступенны працэс асваення -- і не для таго, каб "закабаліць ініцыятыву мас".
Дарма вы ствараеце на роўным месцы канфлікт. Yury Tarasievich 12:35, 31 Травень 2007 (UTC)


Жадаю зьвярнуць увагу на сутнасьць выбару між прапанаванымі назвамі:

  • любое перайманьне павінна дапушчацца выключна ў выпадку неабходнасьці, а не адвольнасьці. Дапусьцім, што нейкі непісьменны чалавек пачуўшы на слых нешта ня меў магчымасьці яе перакласьці.
  • названая Вамі транслітарацыя ня ёсьць насамрэч традыцыйнай. Нават шляхам простага набору НАТО ды НАТА Вы знойдзеце абодва адпаведнікі на афіцыйных месцівах. Напрыклад Міністэрства абароны ўжывае кальку НАТА (не для крыўды сказана). Вось афіцыйна зацьверджаная калька. Бярыце, карыстайцеся.

Прыклад з гісторыі: назва рамана Вальтэра Скота ў перакладзе на расейскую гучэла ў 19 ст.«Ивангое», адпаведна надпісу па-англійску: «Ivangoe»; пазьней яго сталі ўжываць адпаведна англійскаму вымаўленьню: «Айвенго»

  • Тое, што я прапаную: карыстацца ў скрайнім выпадку не калькай, а наўпроставым абазначэньнем NATO.

І самае важнае: не пазбаўляйце людзей права карыстацца пісьменна перакладзенай абрэвіяцыі арганізацыі - АПАД, бо іначай застаецца шлях да бясконцых закідаў у непісьменнасьці самой мовы.

  • Зноў жа беднасьць лексікону (не для крыўды адзначаю) ня ёсьць тым, чаго варта прытрымвацца Вікіпедыі. А галоўнае: зноў такі дазволю сабе паўтарыцца - перайманьне дапушчальна выключна ў выпадку неабходнасьці. З узбагачэньнем уласна беларускімі адпаведнікамі народнай мовы патрэба ў перанятых словах няўхільна адпадае.
  • Націскі адсутнічалі. Былі бачныя толькі пытальнікі пасярод словаў.
  • Эканоміка. Туманнае значэньне якраз у ім. Яно больш тычыцца навуковай дысцыпліны. Гаспадарка - слова якое мае менш значэньняў ды не патрабуе дадатковага тлумачэньня нават школьніку. Ды між іншым, школьнікам гэта і трэба.

Граматнасьць[правіць зыходнік]

1) Граматней казаць пісьменнасьць.

2) Выказваньне "Згодна банальнай эрудыцыі ня кожны індывідуўм здольны лаяльна ігнараваць тэндэнцыі парадаксальных эмоцыяў" ня ёсьць прыкметай пісьменнасьці. Такія выразы ёсьць толькі няўменьнем даходліва патлумачыць свае думкі.

---Уладзімір Русаковіч 18:47, 31 Травень 2007 (UTC)

граматнасць[правіць зыходнік]

Не ведаю, як яшчэ вам растлумачыць. Рабіць мову правільнай, і, паводле магчымасці, без непатрэбных займанняў, само ў сабе -- ухвальна. Дарэчы, вы добра ведаеце, што ў іншых сферах калямоўнай дзейнасці я гэта, паводле магчымасці, раблю.

Але тут такой дзейнасці -- не месца. Тут Вікіпедыя, г.зн. энцыклапедыя, дзе шукаюць ўнармаваная інфармацыя, якая потым параўноўваецца з іншай унармаванай інфармацыяй.

Наогул, 100% "роднасці тэрміналогіі" няма і не будзе. Вы не першы ў гісторыі, хто ўпадае ў гэтую аблуду. Замяняць такія ўсім вядомыя і прынятыя ў нас да ўжытку рэчы, як "эканоміка" і "граматнасць" -- ды не смяшыце вы людзей гэтай "патрэбай". Няма яе, апроч як у вашым уяўленні.

Нарэшце, вы проста парушаеце адно з асноўных правіл Вікіпедыі, упісаўшы гэты свой "АПАД", бо гэта чысцюсенькая ВП:НУДА. Пакажыце, калі ласка, спасылку на акадэмічны слоўнік скарачэнняў, дзе гэта ёсць. Yury Tarasievich 16:03, 31 Травень 2007 (UTC)

Прызнаю сваю памылку. Вікіпедыі ў нас пакуль што дзьве:

Беларуская (трасянка) (адчыніце спасылку і не зьдзіўляйцеся),

Беларуская(тарашкевіца).

А я так доўга ня мог зразумець чаму на трасянцы цяжэй пісаць, чым на тарашкевіцы. Відаць, маё месца ў Эсперанта.

Для энцыклапедыстаў мова - мёртвая, жывая - толькі трасянка.

Пара выправіць сацыялізм на соціалізм.

Бывай, мой родны край! Бывай, мой родны горад! Бывай, мой брыдкi брат! Бывай, мой любы вораг! .M.R.N

Спадзяюся, гэты фарс мы перажывем.

А вось так маё імя, бо ў пасьведчаньні аб нараджэньні так накалякалі. І ўсё таму, што "я роділся в СССР", а не "я нарадзіўся ў СССР". Русакович Владимир 16:03, 31 Травень 2007 (UTC)

Не бярыце за крыўду, але, калі тут вам "трасянка", то што вы тут робіце? Скажам, я не хаджу ў тарашкевіцкую, не вучу іх куры даіць. А мог бы. Я ў савецкай школе не бачыў такога жудаснага непісьменства, як сярод вашых паплечнікаў.
І "лёгка" вам "на тарашкевіцы" таму, што "там" усялякая непісьменнасць праходзіць -- абы "ідэалагічна правільна" (з "мяккім знакам"), усякая выдумка адразу мае статус нормы -- "абы не па-руску/не так як у рускіх".
Каб было ясна -- я разумею матывацыю гэтага, разумею, які сэнс укладаецца ва ўсё гэта няспыннае наватарства.
Я не бачу, што мы далей можам абмяркоўваць такім чынам. Yury Tarasievich 18:35, 31 Травень 2007 (UTC)

лагічныя "памылкі"[правіць зыходнік]

Вядома, такія рэчы, як "НАТА" і "дамова", варта агаворваць, бо гэта, як і "дзясяты", вельмі лагічныя "памылкі", на якія была звернута ўвага яшчэ ў самым пач. 1990-х.

Нарматыў у гэтым выпадку -- "НАТО" і "паўночанатлантычны дагавор" (паводле БелЭн). Yury Tarasievich 16:03, 31 Травень 2007 (UTC)

гаспадарка[правіць зыходнік]

Спецыяльна праверыў. "Эканоміка", у адным са значэнняў, узаемазаменная з "гаспадаркай". Але "гаспадарка", як асобны артыкул, у энц-і, прынамсі, у БелСЭ, не ўведзена.

З іншага боку, эканамічны нарыс у бел. энц-ях традыцыйна называецца "гаспадарка" (а ўсярэдзіне ўжывае словы Г. і Э. узаемазаменна).

Вось па гэтым я магу сказаць, што прыймальна (і нават пажадана) называць адпаведныя раздзелы нарысаў пра краіны "Гаспадаркамі" -- але не татальная замяняць "эканомікі" на "гаспадаркі"!! І заўважце, наколькі вашыя разважанні міналіся з існасцю пытання. Yury Tarasievich 16:30, 31 Травень 2007 (UTC)

Да таго ж, эканоміка і гаспадарка - розныя рэчы. Напрыклад, ёсць сельская гаспадарка, сельская эканоміка і эканоміка сельскай гаспадаркі, таму не трэба валіць усё ў адно. Тым больш запісана на Галоўнай старонцы, і не толькі, тут пішуць нарматыўным правапісам і дзякуй Богу ў гэтым правапісе шмат слоўнікаў, у т.л. і тлумачальных. Калі ласка, ёсць жа больш важкія справы ў нашай Вікіпедыі, чымся займацца закалотамі па пытаннях якія датычаць проста падручнікаў і даведнікаў. Калі ласка... Дзякуй, што зразумелі. --MaximLitvin 17:26, 31 Травень 2007 (UTC)

Але пагадзіцеся, гаспадарка лепей пасуе да краіны. Уладзімір Русаковіч 20:44, 31 Травень 2007 (UTC)