Перайсці да зместу

Рацава (парк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рацава
Асноўная інфармацыя
Тыппарк
Плошча8 га га
Размяшчэнне
54°19′52″ пн. ш. 30°02′05″ у. д.HGЯO
Краіна
ВобласцьВіцебская вобласць
Рацава (парк) (Беларусь)
Рацава
Рацава
Рацава (парк) (Віцебская вобласць)
Рацава
Рацава
Map

Рацава — пейзажна-натуралістычны помнік у вёсцы Рацаве Талачынскага раёна Віцебскай вобласці, аб’ект рэспубліканскага значэння.

Гісторыя парка

[правіць | правіць зыходнік]

Парк закладзены на сядзібе графа Замойскага ў XIX стагоддзі. Ён размяшчаўся на маляўнічай тэрыторыі, дзе рэчка Янаўка робіць выгін у выглядзе расшыранай падковы. Да сядзібы з трох бакоў вялі доўгія пад’язныя алеі. Уязная паўночная алея перасякае ручай, за якім размясціўся вялікі адкрыты партэр.

Галоўнай (параднай) уязной прысадай лічылася прысада з боку Шклоўскага тракту. Яна пачыналася далёка за межамі сядзібы, ад дарогі, абсаджанай бярозамі. Прысада не даходзіла да парку, заканчвалася прыкладна каля месца пахаванняў (абсаджанага 150-200-гадовымі ліпамі) перад мостам цераз Янаўку. Гэтая прысада даволі добра захавалася.

Парк прымыкаў да поймы ракі ў месцы яе выгіну. Частка яго была размешчана на другой тэрасе ручая (за вадаёмам). Вадаём з’яўляўся асноўным структурна-планіровачным элементам парку. Ён меў два востравы. На адным была пабудавана каменная альтанка, прычал для лодак.

Парк перад вадаёмам сфарміраваны вакол сядзібнага дома. Памяшканне было двухпавярховым з балконамі (згарэла ў час вайны, засталіся рэшткі фундамента). Ён стаяў на ўзвышэнні тэрасы, быў арыентаваны ў бок рэчкі. 3 боку паркавага партэра на вялікай паляне размяшчаўся басейн, а з другога боку — вялікі кветнік, абсаджаны па перыметры дрэвамі. Гэта было месца самоты, тут адпачывалі, гулялі, ігралі ў шахматы, у летні час прымалі гасцей. Басейн меў фантан у цэнтры.

Прасцяг за домам быў найбольш утульным месцам у парку. Тут было шмат кветак, рэдкіх дрэвавых раслін. Па перыметры паляну з вадаёмам акружалі сасна Веймутава, лістоўніца Кемпферэ і еўрапейская, клён серабрысты, карагана, клён вастралісты Шведлера, ліпа буйналіставая, туя заходняя, ясень пенсільванскі, глог махровы, бэз, губушнікі, ружы. 3 найбольш рэдкіх раслін захаваліся 2 кусты траскуна амурскага.

3 рэдкіх дрэў прадстаўлены вяз гладкі коркавы (5 дрэў), клён серабрысты Віера, таполі канадскія познія і сосны Веймутава. Дрэвастой парку ва ўзросце 100 і больш гадоў. Дрэвы растуць адзіночна або невялікімі купкамі, што і забяспечвае спрыяльныя ўмовы для развіцця іх кроны.

Парк вызначаецца мяккасцю, натуральным характарам краявідаў. Велічнасць сядзібе надаюць доўгія пад’язныя дарогі, што вядуць у парк праз палі з розных бакоў. Па шляху следавання ў адзіны ансамбль візуальна ўключаюцца навакольныя краявіды, павялічваючы аб’ёмна-прасторавае ўражанне аб сядзібе. Асабліва прыгожая алея лістоўніц Кемпфера, дрэвы якой маюць шырокія асіметрычна размешчаныя кроны.

Прадаўжэннем парку быў вялікі, плошчай амаль 40 га, фруктовы сад, які размяшчаўся ў заходняй частцы парку. Да сучаснага часу сад не захаваўся.

У цяперашні час у парку пабудавана новая плаціна, паляўнічы домік з гасцінічнымі нумарамі, камінам, фінскай лазняй.

У парку вядуцца аднаўленчыя работы. Узнаўляецца вадаём, ідзе падсадка рэдкіх відаў дрэў, вядзецца ачыстка тэрыторыі. Плошча парку складае каля 8 га[1].

Зноскі

  • Бірукоў, В. Святыні роднае зямлі / В. Бірукоў // Сцяг Ільіча (Талачын). — 1999. — 1 снеж.- С. 2.
  • Есть в графском парке старый пруд… / подгот. О. Лебедева // Витебские вести. — 2016. — 24 сент. — С. 8.
  • Кавалеўскі, С. Графскі парк запрашае / С. Кавалеўскі // Витебские вести. — 2015. — 15 янв. — С. 15.
  • Кавалеўскі, С. Другая маладосць старога парку / С. Кавалеўскі // Народнае слова. — 2010. — 26 студз. — С. 5.
  • Королев, М. В парке старинном… / М. Королев // Наша Талачыншчына. — 2009. — 23 мая. — С. 4.
  • Рацево // Садово-парковое искусствоБелоруссии/ А. Т. Федорук. -Минск : Ураджай, 1989. — С. 173—174.
  • Рацево // Синеокая Толочинщина: История. Экономика. Культура. Памятные места / А. А. Шнейдер. — Минск : Бизнесофсет, 2009. — С. 48-49.
  • Старинный парк в деревне Рацево // Толочинский район : [фотоальбом]. — Новополоцк : Молодечкин О. В., 2015. — С. 4.
  • Шнейдер, А. «Красота-то какая!» / А. Шнейдер // Наша Талачыншчына. — 2005. — 23 лют.- С. 3.
  • Шнэйдар, А. Старадаўнія паркі раёна / А. Шнэйдар // Сцяг Ільіча (Талачын). — 2000. — 2 жн. — С. 2 ; 5 жн. — С. 2.