Рыгведа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рыг-Веда)

Артыкул паводле тэматыкі
Літаратура індуізму

Aum

Рыг · Яджур · Сама · Атхарва
Падзел
Самхіты · Брахманы · Араньякі · Упанішады

Айтарэя · Брыхадараньяка · Іша · Тайтцірыя · Чхандог'я · Кена · Мундака · Мандук'я · Катха · Прашна · Шветашватара

Шыкша · Чхандас · В'якарана · Нірукта · Дж'ёціша · Калпа

Махабхарата · Рамаяна

Бхагавата · Брахмавайварта · Ваю · Вішну · Маркандэя · Нарада · Падма

Смрыці · Шруці · Бхагавад-гіта · Агамы · Панчаратра · Тантры · Кавача · Сутры · Стотры · Дгарма-шастры · Дзіўя-прабандха · Тэварам · Чайтанья-чарытамрыта · Рамачарытаманаса · Ёга-Васіштха

Партал «Індуізм»

Рыгведа (санскр.: ऋग्वेद, ṛgveda IAST, «Веда хвалебнаў») — збор хвалебнаў багам, першы вядомы помнік індыйскай літаратуры.

Рыгведа — збор хвалебнаў на ведыйскай мове, які ўваходзіць у лік чатырох індуісцкіх рэлігійных тэкстаў, вядомых як Веды. Рыг-Веда была складзена, напэўна, каля 1700—1100 гг. да н. э. і з’яўляецца адным з самых старажытных індаіранскіх тэкстаў і адным з самых старажытных рэлігійных тэкстаў у свеце. Стагоддзямі яна захоўвалася толькі ў вуснай традыцыі і ўпершыню запісана была, верагодна, толькі ў раннім Сярэднявеччы. Рыгведа — найбольш старажытная і значная з Ведаў, каштоўная крыніца для вывучэння старажытнаіндыйскай гісторыі і міфалогіі. У 2007 годзе ЮНЕСКА ўключыла Рыгведу ў рэестр «Памяць свету».

Тэкст[правіць | правіць зыходнік]

Рыгведа ў індыйскай літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

Рыгведа (Падапатха) рукапіс на Дэванагары, пач. 19-га ст. Пасля добраславення («śrīgaṇéśāyanamaḥ ;; Aum(3) ;;») у першым радку запісаны пачатак РВ 1.1.1 (agniṃ ; iḷe; puraḥ-hitaṃ ; yajñasya; devaṃ ; ṛtvijaṃ). Ведычныя таны пазначаны падлітарным падкрэсліваннем і надлітарнай вертыкальнай рысай.

Рыгведа — найстаражытнейшы моўны твор індыйскае цывілі­зацыі. Яна ўяўляе сабою збор хвалебнаў (гімнаў), прысве­чаных розным багам (Індру, Агні, Ашвінам, Марутам ды інш.). Акрамя ўласна хвалебнаў, у Рыгведзе раскіданыя намёкі на розныя міфы, многія з якіх атрымалі сваё развіццё ў пазнейшай літаратуры Індыі. Разам з трыма іншымі ведамі (Йаджурведа, Самаведа ды Ат­харваведа) і некаторымі іншымі творамі Рыгведа становіць канон шруці (śrúti- ‘па­чутае’) — збор святых тэкстаў, якія маюць абсалютны аў­тарытэт у індуізме.

Шруці процістаіць іншаму канону — смрыці (smṛ́ti- ‘памяць’), тэк­стам, што валодаюць толькі адносным аўтарытэтам, бо паводле традыцыі паходзяць ад чалавека. Шруці ж ёсць ведаю, яўленай людзям як боскае адкрыццё і толькі выражанай праз чалавечую мову. Уласна таму не зу­сім правільна называць Рыгведу кнігаю — як нешта запісанае, падобна Бібліі ці Карану. Рыгведа — прынцыпова вусны твор, які тысячагоддзямі перадаваўся і дагэтуль пера­даецца па памяці брагманамі (свя­тарамі) ад настаўніка да вучня.

Час узнікнення[правіць | правіць зыходнік]

Датаванне Рыгведы ўскладняецца двума чыннікамі: 1) Рыгведа — прынцыпова вусны твор, які складаўся задоўга да з’яўлення пісьменнасці. Першы ж знойдзены рукапіс датуецца толькі 1464 н.э.; 2) ад цывілізацыі, якая стварыла хвалебны Рыгведы, да нас фактычна не дайшло анічога, акрамя самой Рыгведы.

Кла­січнае да­таванне, прапанаванае яшчэ ў 19 ст., адносіць стварэнне хва­лебнаў Рыгведы да часу паміж 1500—1200 гг. да н.э. У гэты час, паводле тэорыі арыйскага заваявання Індыі, плямёны інда­іранцаў, якія звалі сябе ар’ямі (ā́rya- ‘часцівы’), уварваліся на тэрыторыю паўночнага захаду Індастана, ад­куль пачалі сваё паступовае заваяванне астатняй часткі паў­вострава. Тыя плямёны, што стварылі Рыгведу, былі носьбітамі аднае з арха­ічных індаеўрапейскіх гаворак, якая пазней стала вядома як санскрыт (sáṃskṛta-).

Тэорыя арыйскага заваявання даўно крытыкуецца шыро­кім колам навукоўцаў як неабгрунтаваная і не пацверджаная ні археалагічнымі, ні генетычнымі да­дзенымі. Тым не менш, большасць лінгвістаў — зыходзячы пераважна з да­дзеных параўнальна-гістарычнага мовазнаў­ства — дагэтуль размяшчае стварэнне РВ у прамежку 1700—1200 гг. да н.э. Некаторыя навукоўцы, што праўда, увязваюць рыгве­давую куль­туру з Індскаю цывілізацыяй (напрыклад, грэчаскі дас­ледчык Н. Казанас) і адсоўваюць датаванне Рыгведы аж да 3000 г. да н.э.

Яшчэ адно цікавы погляд на час стварэння РВ выказаў індыйскі навуковец Б. Г. Тылак. Паводле яго тэорыі продкі ар’яў пражывалі ў Арктычным рэгіёне, які былі вымушаныя пакінуць каля 8000 г. да н.э. Адпаведна стварэнне найранейшых хвалебнаў РВ ён ад­носіць да 5000-4000 гг. да н.э.

Рэцытацыі[правіць | правіць зыходнік]

Рыгведа ўзнікала ў выглядзе асобных хвалебнаў, якія ствара­ліся рознымі родамі паэтаў-святароў (ṛ́ṣi-) на працягу до­сыць доў­гага часу, і толькі значна пазней (згодна з лінгвістычным ана­лізам — па некалькі стагоддзях) яны былі сабраныя разам у самгіту (sáṃhita- ‘збор’). Паводле індыйскае традыцыі аў­тарства самгіты прыпісваецца мудрацу В’ясу (vyāsa- ‘раздзельца’). Ме­навіта ён падзяліў адкрытую багамі таемную веду на ча­тыры вядомыя нам Веды. Як паказвае лінгвістычны аналіз, пры стварэнні самгіты былі ўжы­тыя гукавыя праві­лы, якія альбо не дзейнічалі ў часы пер­шых паэтаў, альбо наўмысна імі не ўжываліся, што прывяло да ска­жэння паэтычных па­мераў, а таксама да зацямнення многіх месцаў у творы. Та­му пазней настаўнікам Шакал'ем (śā́kalya-) было зроблена разбіццё тэксту самгіты на асоб­ныя словы: гэта рэцытацыя атрымала назву Падапатха (padapaṭhá- ‘чы­танне па словах’).

Стварэнне Падапатхі было абумоўлена і тым, што з часам мянялася і сама мова, і многія словы станавіліся не­зразумелымі. Ужо на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў (а мо і раней) існаваў спіс цяжкіх да разумення слоў у Рыгведзе, які называўся Нігганту (nighaṇṭú-). Дзесьці ў 6-5 стст. да н.э. на яго з’яўляецца каментарый Нірукта (nírukta- ‘вы­тлумачэнне’) настаўніка Яскі (yāská-) — важны твор ін­дыйскай традыцыйнай этымалогіі. Каб забяспечыць правільную вусную перадачу хвалебнаў, досыць рана ста­лі рас­працоўвацца правілы вымаўлення ды пад­рабязныя апісанні гукаў, якія былі зведзеныя ў тэкст Пратышакх’я (prā́tiśākhya-). Гэта слова літаральна азначае «[трактат] для кожнай галіны». Пад галінаю ра­зумеецца асобная шко­ла рэцытацыі, якіх існавала досыць многа, і якія трохі ад­розніваліся ў спосабе вымаўлення асобных гукаў і іх спалучэнняў. Захавалася пяць падобных Пратышакх’яў: адна для Рыгведы, адна для Атхарваведы, дзве для Чорнай і Белай Яджурведы і адна для Самаведы.

Рэдакцыя Рыгведы, што дайшла да нас, завецца Шакал'я-самгітою (śākalyasaṃhitā́-). Гэтая рэдакцыя ўключае 1028 хвалебнаў даўжынёю ад 1 да 58 слаўняў, падзеленых на 10 колаў (máṇḍala-). Другою магчымаю рэдакцыяй Рыгведы, што дайшла да нас, можна лі­чыць Башкала-самгіту (bāṣkalasaṃhitā́-), названую паводле настаўніка Башкалы (bāṣkala-). Яна ўключае 1025 хва­лебнаў і дадатак з 95 хвалебнаў — кхіла-хвалебны (khilā́ni), якія, відаць, бытавалі ў іншых школах рэцытацыі Рыгведы або з’яўляюцца пазнейшымі дадат­камі.

Будова колаў[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйны каментарый на РВ Анукрамані (anukramaṇī-) за­мацоўвае за кожным хвалебнам імя пэўнага паэта. Часам да­дзеныя гэтага тэксту выглядаюць зусім непраўдападобна, але збольшага яго прымаюць як досыць імаверную кры­ніцу ведаў пра аўтарства хвалебнаў. Колы 2-7 прынята называць родавымі (фамільнымі), бо паводле Анукрамані яны цалкам пры­пісваюцца паасобным родам паэтаў. Так, 2-е кола належыць паэтам з роду грытсамады (gṛtsamada-), 3-е — Вішвамітры (viś­vā́mitra-), 4-е — Вамадэвы (vāmádeva-), 5-е — Атры (átri-), 6-е — Бгара­дваджы (bharádvāja-) і 7-е — Васіштхі (vásiṣṭha-). Колы размешча­ны паводле ўзрастання коль­касці хвалебнаў: 2 (43), 3 (62), 4 (58), 5 (87), 6 (75) і 7 (104). Унутры ж кола хвалебны размешчаны паводле багоў: спа­чатку ідуць хвалебны, прысвечаныя Агні, потым — Індру і г.д.

Астатнія колы напісаныя паэтамі з роз­ных родаў. 9-е ко­ла цалком прысвечана божаству Сома Ачышчаны (sóma- pávamāna-). Аўтары гэтага кола — тыя самыя, што і родавых, таму мяр­куецца, што складальнікі самгіты папросту да­сталі ўсе хвалеб­ны Сому з гэтых колаў ды аб’ядналі іх у асобны раздзел. Вялікую цікавасць становіць 8-е кола, у якім надзвычай многа доўгіх хвалебнаў. Яны складзеныя ў нетыповай для астатняе РВ страфічнай форме ды поўняцца імёнамі яўна неарыйскіх валадароў.

Найпазнейшым дадаткам да родавых колаў ува­жаецца 10-е ко­ла. На такую выснову наводзіць шэраг фактаў: па-першае, не­каторае моўнае адрозненне (напр., зна­чна большая частата гука l, з’яўленне новых слоў, уніфі­кацыя граматычных форм і г.д.); па-другое, іншае раз­меркаванне багоў (зусім няма хвалебнаў багіні Зары, аслаблена роля Мітры-Варуны); па-трэцяе, пашырэнне тэ­матыкі (касмаганічныя і філасофскія хвалебны, абрадавыя (вясельный ды пахавальныя) хвалебны, многа хвалебнаў-дыялогаў).

Наастатку, 1-е кола рас­падаецца на дзве часткі. Першая частка (1-50) мае шмат агульнага з 8-м колам, у прыватнасці тое, што значная частка хвалебнаў належыць паэтам з роду Канваў. Другая ж частка (51-191) разглядаецца навукоўцамі як найранейшы дадатак да родавых колаў.

Акрамя падзелу на колы, Рыгведа традыцыйна дзеліцца на 8 вас­мярыцаў (áṣṭaka-), якія ў сваю чаргу падзяляюцца на ўзы­ходы (adhyāyá-), якія распадаюцца на раздзелы (várga-). Гэты падзел мае чыста ўтылітарны характар і быў зроблены для аблягчэння за­вучвання ды перадачы тэксту па памяці.

Традыцыйныя каментары[правіць | правіць зыходнік]

Шматлікія месцы Рыгведы атрымалі сваё тлумачэнне — абра­давае і філасофскае — у пазнейшых тэкстах: брагманах (brāhmaṇá-), аран'яках (ā́raṇyaka-) ды ўпанішадах (upaniṣád-), якія таксама ўваходзяць у канон шруці.

Важнай крыніцай традыцыйных ведаў пра Рыгведу з’яўляецца каментарый Сарванукрамані (sarvānukramaṇī- 'поўны пераклік') настаўніка Катйайаны (kātyāyana-), створаны каля 2 ст. да н.э.. У ім пазначаецца першае слова хвалебну, колькасць слаўняў, імя паэта і ягоны патронім, боства, якому прысвечаны кожны са слаўняў, ды вершаваныя памеры. На гэты тэкст існуе асобны каментарый — Ведартхапрадыпіка (vedārthapradīpikā- 'праясненне сэнсу Ведаў'), створаны настаўнікам Шадгурушышйам (ṣaḍguruśiṣya-) у 12 ст. н.э.

Іншаю значнаю крыніцаю для разу­мення Рыгведы з’яўляецца поўны каментарый настаўніка Сайаны (sāyaṇa-), выкананы ў 14 ст. н.э. Сайана быў родам з Паў­днёвай Індыі і ў сваёй працы абапіраўся на папярэднія яму каментарыі, ад якіх да нас дайшлі толькі невялікія ўрыўкі. Сайана трак­туе Рыгведу амаль выключна з гледзішча абраду, звычайна пакідаючы па-за ўвагаю су­аднясенне з пазарытуальнаю рэчаіснасцю. Пераклад Рыгведы ў хіндзі, вы­кананы Рамаговіндам Тры­ведзі, у многім абапіраецца на Саянаў каментарый.

Адзіны дасаянавы каментарый, што за­хаваўся цалкам, належыць настаўніку Мадгава (mādhava-), які жыў у 10 ст. н.э. Ён уключае толькі першую васьмярыцу.

Вершаваныя памеры[правіць | правіць зыходнік]

Рыгведа ёсць зборнікам хвалебнаў, напісаных у вершаванай форме. Вывучэннем і навучэннем вершаваных памераў займаецца традыцыйная індыйская навука чхандас (chándas- ‘вершаваны памер’), адна з шасці ведангаў (vedāṅgá- ‘частка, целавіна Веды’).

Слоўны націск у мове Ведаў танічны, аднак ён аніяк не ўплывае на вершаскладанне. У часы стварэння Ведаў яно было найперш сілабічным, і ў меншай сту­пені — квантытатыўным. Метрычную адзінку верша складае ступа (pā́da- ‘нага, чвэрць’), якая мае пэўную коль­касць складоў. Камбінацыя некалькіх аднолькавых ці роз­ных ступ утвараюць усю разнастайнасць памераў Рыгведы. Адзін верш, вы­трыманы ў пэўным памеры, завецца слаўнем (ṛ́c- — адсюль назва твора ṛg-vedá- ‘веда слаўняў’). Слаўні ж аб’ядноўваюцца ў строфы ды хвалебны (sūktá-).

Ступа будуецца на чаргаванні лёгкіх і цяжкіх галосных, аднак структура не жорсткая і дапускае мноства ад­хіленняў. Галосны называецца лёгкім (ЛГ), калі ён кароткі і перад ім няма збегу зычных. Астатнія галосныя (доўгія, а таксама кароткія, перад якімі ёсць збег зычных) называюцца цяжкімі (ЦГ). Ступа разглядаецца як фанетычнае цэлае, таму галосны і наступны збег зычных могуць належаць да розных слоў. Канец ступы заўжды супадае з канцом слова.

Чаргаванне ЛГ і ЦГ больш-менш строга вытрымліваецца толькі ў канцы ступы, якая становіць кадэнцыю — гэта 4 або 5 апошніх складоў. Для пачатку ж ступ часта ўласцівы ямбічны рытм (кожны другі га­лосны — цяжкі), але ён часта парушаецца. Колькасная харак­тарыстыка першага і апошняга галоснага ступы пад увагу не бярэцца і можа быць любою.

Колькасць складоў у ступе можа быць 5, 8, 11 і 12. У дзвюх апошніх ступах бывае цэзура (кароткая паўза), якая робіцца пасля 4-га ці 5-га складу. 5-складовыя ступы — сама рэдкія ў РВ.

Рыгведа дайшла да нас у выглядзе т.зв. самгіты (saṃhitā́- ‘збор’) — пазнейшай за самі хвалебны рэдакцыі. У ёй амаль паўсюль дастасаваныя прасадычныя правілы сандгі (sandhí- ‘злучэнне’) — злучнага вымаўлення, — некаторыя з якіх пашырыліся толькі ў пасляведавы час. Гэта прывяло да скажэння зы­ходных памераў. Акрамя таго, як паказвае прасадычны ана­ліз хвалебнаў, старажытныя паэты карысталіся пэўнымі штучнымі прыёмамі для запаўнення памеру. Напрыклад, санорныя y і v вельмі часта вымаўляюцца як iy ды uv:

  • РВ 1.1.2 ī́ḍiyo nū́tanair utá (замест ī́ḍyo)
  • РВ 1.2.7 mitráṃ huve pūtádakṣaṃ (замест hve)

Слаўні, вытрыманыя ў пэўным памеры, могуць аб’­ядноўвацца ў строфы. Памер какуб або брыгаці разам з памерам сатобрыгаці аб’ядноўваюцца ў напеў (pragāthá-), а тры памеры гайатры — у трыславень (tṛcá-).

Асноўныя памеры Рыгведы (рыса адпавядае падзелу на ступы, доўгая — традыцыйнаму падзелу слаўню на часткі):

  • ануштубг (anuṣṭubh-) — 8-8—8-8
  • ат’яшці (atyaṣṭi-) — 12-12-8—8-8—12-8
  • атыдгрыці (atidhṛti-) — 12-12-8—8-8—12-8-8
  • атышаквары (atiśakvarī-) — 8-8-8—8-8—12-8
  • ашці (aṣṭi-) — 12-12-8—12-12-8
  • брыгаці (bṛhatī-) — 8-8—12-8
  • вірадж (virāj-) — 11-11—11
  • вірадрупа (virāḍrūpā-) — 11-11—11-7 або 11-11-7-11
  • віратстхана (virāṭsthānā-) — 10-10—11-11
  • віштарабрыгаці (viṣṭārabṛhatī-) — 8-10—10-8
  • гайатры (gāyatrī-) — 8-8—8
  • двухступны вірадж (dvipadā virāj-) — 5-5—5-5
  • двухступны трыштубг (dvipadā- triṣṭubh-) — 11-11
  • дгрыці (dhṛti-) — 12-12-8—8-8—14-8
  • джагаці (jagatī-) — 12-12—12-12
  • явамадгйа махабрыгаці (yavamadhyā- mahābṛhatī-) — 8-8—12-8-8
  • кавірадж (kāvirāj-) — 9-12—9
  • какубг (kakubh-) — 8-12—8
  • крыці (kṛti-) — 11-11—7
  • магабрыгаці (mahābṛhatī-) — 8-8—8-12-8
  • магабрыгаці (mahābṛhatī-) — 8-8—8-8-12
  • магапанкці (mahāpaṅkti-) — 8-8—8-8-8-8
  • панкці (paṅkti-) — 8-8—8-8-8
  • прастарапанкці (prastārapaṅkti-) — 12-12—8-8
  • пураўшніг (purauṣṇih-) — 12-8—8
  • сатобрыгаці (satobṛhatī-) — 12-8—12-8
  • танушырас (tanuśiras-) — 11-11—6
  • трыштубг (triṣṭubh-) — 11-11—11-11
  • ушніг (uṣṇih-) — 8-8-12 (9-9-13)

Мова Рыгведы[правіць | правіць зыходнік]

Хвалебны РВ створаныя на стараіндыйскай мове, якая належыць да індаеўрапейскае сям’і моў. Стараіндыйская мова разам з моваю стараіранскага помніка Авесты ўваходзіць у індаарыйскую групу моў. Сярод усіх і.-е. моў стараіндыйская — адна з самых архаічных. У заходнім мовазнаўстве прынята адрозніваць мову Рыгведы і сумежных помнікаў ад пазнейшае, пасляведавае мовы эпасу, класічнай індыйскай літаратуры ды навукі. Першую называюць ведыйскаю моваю, другая ж завецца санскрытам. Як цвердзяць навукоўцы, адрозніваюцца яны не толькі часа­ва, але і прасторава: мова РВ належала да паўночнага заха­ду Індастана, у той час, як класічны санскрыт фарміраваў­ся з гаворак, пашыраных у цэнтральнай частцы паўночнай Індыі.

У індыйскай мовазнаўчай традыцыі такога радыкальнага раз­рознення няма. Галоўная стараіндыйская граматыка, створаная недзе ў 5-4 ст. да н.э. настаўнікам Паніні (pāṇiní-), апісвае абедзве мовы як адмены аднае мовы, якая пазней атрымала назву санскрыт (sáṃskṛta-), што даслоўна азначае ‘[мова] узробленая ды ўпрыгожаная’. Санскрыт процістаіць народным мовам Ін­дыі, якія называюцца пракрытамі (prā́kṛ­ta- ‘прыродны’). Такім чынам, мова РВ, па часу папярэдняя граматыцы Паніні, па яе стварэнні была аўтаматычна «перапісаная» паводле новых правілаў ды ўпісаная ў новую сістэму. Менавіта з гледзішча правілаў Паніні аналізуе мо­ву РВ Саяна ў сваім каментарыі. На Захадзе таксама можна сустрэць такое шырокае ўжыванне тэрміна сан­скрыт. Дзеля яснасці тое, што ў граматыцы Па­ніні датычыць мовы Ведаў, называюць таксама vedic sanskrit — ведыйскім санскрытам.

Мова РВ вельмі архаічная. У адрозненне ад класічнага сан­скрыту яна мае танічны націск, які заключаецца ў павышэнні тону на адным з галосных слова (у беларускай, напрыклад, на­ціск дынамічна-квантытатыўны, т.б. выдзелены галосны вы­маўляецца даўжэй ды гучней за астатнія.

Як і ў любой флектыўнай мове, парадак слоў у мове Рыгведы сва­бодны. З другога боку, ён падпарадкаваны паэтыч­ным заканамер­насцям пабудовы радка, што вынікае ў до­сыць скла­даны для разумення сінтаксіс помніка. Напрыклад, у пачатку радка, які лічыцца моцнаю пазіцыяй, нярэдка раз­­мяшчаюцца імёны багоў або займеннікі, што да іх ад­сылаюць, — незалежна ад іх сінтаксічнае функцыі ў сказе.

У абсягу лексыкі РВ вельмі супярэчлівая. З аднаго боку, для яе ўласціва вялікая сінанімія лексікі, звязанай з абрадам. Так, па­няццю «хвалебен» у Рыгведзе адпавядае каля 50 сінонімаў. З другога боку, тэматыка хвалебнаў вельмі абмежаваная, таму з агульнага гледзішча лексічная разнастайнасць РВ досыць скупая. Акрамя таго, у РВ сустракаецца нямала адзінкавых, так бы мовіць, спробных форм, якія ў па­знейшай літаратуры зусім не ўжываюцца.

Лексіцы РВ уласцівая высокая сінкрэтычнасць значэн­няў. Так, слова gó- ‘карова’ ўжывалася таксама ў сэнсе ма­лака, масла, папругі з каровінай скуры. У міфалогіі ж каровы сімвалізавалі сабою ранішнія зоры, адпаведна слова gó- ўжывалася ў гэтым значэнні. Магло быць і наадварот: так, слова usrā́- ‘карова, зара’ ўзыходзіць да úṣ- ‘зара’.

Асаблівасці стылю[правіць | правіць зыходнік]

На асаблівасці мовы і стылю РВ паўплывала сувязь помніка з міфалогіяй. Найбольш яскрава гэта праяўляецца ў дзея­слове: пры згад­ванні нейкага міфалагічнага сюжэта дзея­слоў нярэдка ста­віцца ў адмысловую форму ін’юктыва, якая аніяк не вызначае дзеянне часава, а толькі называе яго як факт. Такім чынам падкрэсліваецца пазачасавасць міфу, яго актуальнасьць у тым ліку тут і цяпер. Калі ў хвалебне, на­прыклад, ідзе гаворка пра забойства Інд­рам змея Вры­тры, то даўнімаецца не толькі мінулы факт, але й тое, што Індру давядзецца паўтарыць гэты вычын зноў — таму дзеяслоў можа спа­койна стаяць у загадным ладзе («о Індра, забі змея!»), хаця папярэдняя частка аповеду нібыта ста­яла ў прошлым. Такая часавая абыякавасць формаў дзеяслова адзначалася ўжо ў граматыцы Паніні.

Але, бадай, найвялікшы ўплыў на мову РВ зрабіла сувязь з абрадам. Першыя хва­лебны РВ былі шчыльна звязаныя з рытулам: яны спяваліся падчас рытуалу, суправаджаючы дзеянні, якія прыгэтым адбываліся. Адсюль вынікае некалькі важных наступстваў. Па-першае, гэта вялікая пашыранасць эліп­сісу. Апускацца могуць дзеясловы (пры захаванні на­прамкавых прыслоўяў), цэлыя часткі ўсталеных выразаў, якія былі добра зразумелыя тагачаснаму слухачу, канец параўнанняў-штампаў (напр., «як каровы», дзе апу­шчана «ідуць на пашу»), нават цэлыя сказы. Па-другое, гэта тэкставая сінанімія. Так, сінонімамі дажджу маглі быць ма­лако, жыр, мёд, Сома.

Акрамя таго, значэнне словаў магло змяняцца адпаведна та­му, да якой сферы яно належала: спрыяльнай-неспрыяль­най, боства-ўгоднік. Так, слова arí- магло азначаць ‘сябар, часцівы’, а магло азначаць ‘хцівы, чужынец, вораг’ (хаця этымалогіі для гэтых значэнняў могуць быць розныя). Корань √dāś з боку ўгодніка трэба перакладаць, як ‘чціць, служыць, гадзіць’, а збоку боства — як ‘дарыць, рачыць’.

Камунікацыйны характар хвалебнаў вызначыў яшчэ адну ці­кавую асаблівасць мовы РВ: фак­тычнае неразрозненне дру­гой і трэцяй асобы ў дзеяслове. У суседніх радках да бога мо­гуць звяртацца на «ты», а потым тут жа пераходзіць на «ён». Іншымі словамі, значэнне мела толькі апазыцыя адрасант-не­адрасант, бо адзіным адрасатам хвалебну магло быць толькі бо­ства.

Сярод найпашыраных стылістычных прыёмаў, ужываных паэтамі, варта перадусім згадаць наступныя:

  • figura etymologica — гульню адна­карёнывымі словамі. Яна можа быць неабавязковаю, т.б. абы­грываныя карані будуць адрознівацца ў розных аўтараў, а можа быць сталым прыёмам, як у выпадку імя бога Савітара, калі абыгрываецца √sū ‘пабуджаць’.
  • гукавы намёк на імя бога, якому прысвячаўся хвалебен. Так, для імені Вішну гэта будуць словы, якія па­чынаюцца складам vi, а для Індры — збег зычных -nd(r)- (перадусім, у слове índu ‘кропля соку Со­мы’).
  • абавязковае згадванне імені боства ў кожным слаўні: альбо наўпрост (клічная форма як правіла ставіцца ў сярэдзіну радка, а іншыя склонавыя формы часта пачынаюць радок), альбо ў выглядзе займенніка, альбо гука­вога намёку, пра што ўжо казалася вышэй.
  • шматлікія паўторы. Паўтарацца могуць цэлыя радкі ў якасці прыпеву, паўтарацца могуць асобныя словы ў розных месцах слаўню (анафара, хіязм, радзей эпіфара).

Што датычыць рыфмы, то ў РВ яна мае пераважна выпадковы характар. Наўмысна могуць рыфмавацца адноль­кавыя склонавыя формы назоўнікаў альбо фінітныя формы дзеясловаў.

Мове РВ уласціва знарочыстая, наў­мысная цём­насць, заблытанасць, недасказанасць. У адным месцы паэт наў­прост завецца vaṅkú- ‘які ідзе ўлукаткі, віхляе‘ (РВ 1.114.4). Хвалебны могуць мець і прамую форму касмалагічных загадак brahmódya- (РВ 1.164), якія супернік-паэт мусіў ад­гадваць на хаду пад час слоўных спаборніцтваў. Непасвечаны ў таемную веду, зразумела, даць адказаў на іх не мог. Эліптыч­насць стылю Рыгведы тлумачыцца і гэтым фак­там таксама: за­блытаць суперніка, правяраючы такім чынам ягоныя веды, было адною з задачаў хвалебнаў-загадак.

Цёмнаму стылю помніка спрыяе і тое, што сытуацыя аб­раду, да якога хвалебны былі адпачатку прымеркаваныя, становіць сабою памежную сітуацыю, у якой зямное і ня­бёснае, міфалагічнае і актуальнае злівалася ў адно цэлае. Адпаведна, задачай паэта было стварэнне такога тэксту, які мог бы суадносіцца з усім адначасова, служачы адмысловым правадніком для такога «зліцця».

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Рыгведа — гэта перадусім хвалебны, прысвечаныя розным боствам. Акрамя ўласна хвалебнаў, у Рыгведзе можна знайсці замовы (напр, 1.191), а таксама гімны філасофскія (10.71), касмаганічныя (10.95), вясельныя (10.85), пахавальныя (10.18) ды інш.

Жанр усхвалення абумовіў пэўную бессюжэтнасць Рыгведы: калі ў гімне і згадваецца якісьці міф, то ён апавядаецца вельмі непаслядоўна, і даклад­ны парадак падзей устанавіць вельмі цяж­ка. Фактычна ў Рыгведзе мы знаходзім толькі рас­кіданыя там-сям намёкі на добра вядомыя тагачасным слухачам паданні.

Багі[правіць | правіць зыходнік]

Галоўнымі багамі старажытных арйаў былі Агні (agní- 'агонь'), Індра (índra-) і Сома (sóma- 'выжым'). Сярод іншых багоў вартыя ўвагі такія багі, як Мітра (mitrá- 'сябар, хаўруснік') і Варуна (váruṇa-), блізняты Ашвіны (aśvín- 'коннік'), Маруты (marút-), Зара (uṣás-), Савітар (savitŕ- 'пабуджальнік'), Вішну (víṣṇu-), Рудра (rudrá-), Пушан (pūṣán- 'які жывіць, насычае'), Пан малітвы (bṛ́haspáti-), Тваштар (tváṣṭṛ- 'цясляр, творца') Неба (dív-) і Зямля (pṛthivī́-), Сонца (sū́rya-), Вецер (vāyú-), Парджанйа (parjánya- 'хмара'), трое братоў Рыбгу (ṛbhú- 'умелец'). Таксама ў хвалебнах звяртаюцца да водаў, рэкаў ды многіх адушаўлёных паняткаў, як, дапрыкладу, Шчодрасць і Мова.

Лад[правіць | правіць зыходнік]

У цэнтры светагляду арйаў Рыгведы стаяў панятак ладу, ці су­светнага парадку (ṛtá-). Этымалагічна ṛtá- адсылае нас да ідэі кругавароту, і менавіта ідэя цыклічнасці, паўторнасці станавіла сутнасць парадку для старажытных арйаў. Не менш паказальна й тое, што само слова арйа (ā́rya-) паходзіць ад таго самага кораня √ṛ, што і слова ṛtá-. Іншымі словамі, быць арйам азначала быць паслядоўнікам ладу, быць падтрымнікам су­светнага парадку. Арйа — гэта часцівы, суладны чалавек, упі­саны ў космас як яго не­ад’емная частка.

Гэты ладавы кругазварот праяўляўся на розных узроўнях. У часавым пляне гэта азначала цыклічнасць часу. Чын сьвета­стварэння не быў для арйаў проста фактам далёкае мінуўшчы­ны, наадварот — ён служыў непасрэднаю асноваю для жыцця цяперашняга. Як мяркуюць даследнікі (у прыватнасці, Ф. Кёйпэр), ядром РВ сталіся хвалебны, пры­меркаваныя да сьвята Навалецця — часу, калі сілы хаосу най­больш па­гражалі ўпарадкаванаму сусвету, і задачаю ча­лавека было да­памагчы багом у аднаўленне ладу. Інакш кажучы, чын светастварэння паўтараўся для арйаў што­­год у выглядзе вялікага абраду, які меў не толькі сацыяль­ную, але перадусім касмаганічную функцыю.

Другою праяваю кругазвароту быў аброк (yajñá-). У аснове свету арйаў ляжала ідэя аброку як узаемаабмену паміж светам людзей і светам багоў. Менавіта гэты абмен забяс­печваў дабрабыт на зямлі і даваў сілы багам у барацьбе з сіламі хаосу. Арйі не будавалі велічных бажніцаў — ася­родкам грамады бы­ла часовая аброчня (védi-), якая на момант тварэння аброку ўяўляла сабою цэнтр сусвету, праз які праходзіла сусветная вось, або дарога багоў. Гэтаю найпростаю дарогаю бог Агні адвозіў на неба жаротвы, паднесеныя багам, і вяртаў з неба божую адгоду ў выглядзе багацця, дабрабыту, удачы. Агні быў нябёсным пасланцом (dūtá-), галоўным пасярэднікам паміж багамі ды людзьмі. Другім пасярэднікам можна лічыць Сому — напой нясмерця, які ўзліваўся падчас аброку ў агонь, а потым вяртаўся на зямлю ў выглядзе дажджу.

Паднашэнне багом было дваякім. З аднаго боку, гэта была жаротва (havís-) — узліваньне ў агонь жыру, ці топленага масла (ghṛtá-), гарачага малака ды Сомы (sóma-). З другога боку, гэта былі хвалебныя вершы, з якіх уласна і складаецца Рыгведа. Умела складзены хвалебен быў не менш важ­ны за саму жа­ротву. Мова, на якой тварыліся хвалебны, уважалася мо­ваю святою (bráhman-), бо была адрасаваная багам, і проціста­яла мове звычайнай, мове людзей. З такога гледзішча зусім спра­вядліва казаць, што Рыгведа напісаная на мове багоў.

Мова багоў[правіць | правіць зыходнік]

Грамадства арйаў у многім было мовацэнтрычным. З усіх трох станаў — святароў (brahmán-), ваяроў (rājanyá-) ды ся­лянаў (víś-) (смерды śūdrá- фактычна знаходзіліся па-за грамадствам) — галоўная роля ў часы Рыгведы, безумоўна, на­лежала святарам. Асноведзь стану святароў складалі рушы (ṛ́ṣi-) — паэты-спевакі, якія тварылі хвалебны багам. Яны ж былі носьбітамі таемнае веды пра ўладкаванне сусвету. Важнаю падзеяй сацыльянага жыцця арйаў былі спаборніцтвы своеасаблівых сябрынаў, карпарацый ру­шаў (sakhyá-). На гэтых спаборніцтвах рушы не толькі спаборнічалі ў складанні хвалебнаў, але і аб­меньваліся адысловымі касмаганічнымі загадкамі (brahmódya-), на якія супернік тут жа меўся даваць адказ. Валадары, каб атрымаць запаруку багоў, звярталіся да святароў, замаўляючы вя­лікія аброкі ды шчодра адорваючы іх выканаўцаў. Рушы, валодаючы моваю багоў, у крытычныя моманты існавання свету фактычна станавіліся творцамі, дапамагаючы багом аднаўляць сусветны лад.

У знакамітым хвалебне РВ 10.125 мова апісваецца як універ­сальны прынцып, які ляжыць у аснове ўсяго быцця. Знанне імені рэчы было тоесным знанню сутнасці гэтае рэчы. Завалодаць іменем рэчы азначала атрымаць уладу над рэччу. Накладанне ж імені прыраўноўвалася да чы­ну тварэння. Вішвакарман, тварэц усіх рэчаў, завецца ў РВ менавіта імядзеем, творцам імёнаў (nāmadhā́-, РВ 10.82.3). Адпаведна ўсё, што ня мае імені, не існуе ў праяўленым свеце.

Паходжанне свету[правіць | правіць зыходнік]

Адзінага меркавання пра паходжанне быцця ў Рыгведзе няма. У знакамітым хвалебне 10.129 паэт гаворыць пра Нешта Адно (tád ékam), з якога й пачаўся свет. Гэтае Адно «існавала» яшчэ да сутнага і нясутнага, будучы народжаным з неразрознага хаосу сілаю жару. Далей у Ад­наго з’явілася жаданне, якое стала першым семем мыслі. У хвалебне 10.121 гаворыцца, што напачатку быў Залаты зародак (hiraṇyagarbhá-), а ў 10.129.7 паэт увогуле наўпрост кажа, што, адкуль узнікла гэта быццё, можа ведаць толькі Ён Адзін альбо можа і не ведаць.

Асноўным касмаганічным міфам у Рыгведзе з’яўляецца забойства богам Індрам (índra-) сусветнага змея Врытры (vṛtrá-). Каротка гэты міф выглядае так. У касмічных першаводах плавала першагара, у якой былі ўвяз­нены рэкі ды сонца-агонь. На гары, абкруціўшы яе, ляжаў змей Врытра, чыё імя можна даслоўна перакласці як ‘перашкода’. Гэта натыкнула даследнікаў на думку, што сам Врытра і быў гэтаю гарою. Бог Індра, галава пантэону арйаў, забівае Врытру сваім перуном (vájra-), праломвае гару ды выпускае на волю рэкі ды сонца, ствараючы такім чынам дзень і ноч. Потым ён аддзяляе зямлю ад неба: зямлю ён прасцірае ўшыркі ды трывала ўкарэньвае пасярод кас­мічных водаў, а неба падпірае сабою ды замацоўвае па-над зямлёю, размясьціўшы паміж імі паветраную прастору (antárikṣa-).

У якасці адмены гэтага міфу многія даследнікі разгля­даюць і міф пра скалу Вала. Паводле яго чарты paṇí- ‘скнары’ выкрадаюць дойных кароў ды хаваюць іх у скале Вала (valá- ‘пячора’ ад √vṛ, ад якога ўтвараецца і слова vṛtrá-). Сука Сарама (sarámā-) знаходзіць кароў, і Індра з дапамогаю Пана малітвы (bṛ́haspáti-) ды песняроў Ан­гірасаў (áṅgiras-)праломвае скалу, вы­пускаючы кароў на волю. Каровы тут увасабляюць сабою промні ранішняе зары.

Падсумоўваючы ўсю інфармацыю, даступную ў Рыгведзе, Ф. Кёйпэр так апісвае светастварэнне. Напачатку быў не­разрознены хаос, у якім святло й цемра існавалі толькі як магчымасць. Багамі гэтага прасусвету былі Духі-асуры (ásura-), галоўным з якіх, відаць, варта лічыць Варуну (váruṇa-), ахоўніка ладу. Пасля Індравае перамогі над Вры­трам і стварэння разрозненага быцця на змену асурам прыходзяць багі-дэвы (devá- ‘сьветлы’). Духі былі адціснутыя ў ніжні, падземны, свет, стаў­шы ворагамі но­вых светлых багоў, аднак некаторыя з іх — такія, як Варуна ды Агні, напрыклад, — былі прынятыя ў новы пантэон. Гэта ў пры­ватнасці тлумачыць вельмі супярэчлівую прыроду Варуны ў Рыгведзе, чый цёмны бок, старанна замоўчваны паэтамі, час ад часу выходзіць на паверхню. Менавіта Індраў вычын (забіццё Врытры ды раздзяленне неба ды зямлі), на думку Кёйпэра, адзначаўся ў сьвята Навалецця: арйі ўважалі, што ў гэты пераходны час Індру прыходзілася зноў паўтараць свой светатворчы чын, і менавіта аброкі, чынёныя людзьмі, былі па­кліканыя яму ў гэтым дапамагчы.

Час і традыцыя[правіць | правіць зыходнік]

Час не быў для арйаў лінейным, а замы­каўся ў кола, увасабленнем чаго быў год. Ідэя паўта­рэння, су­адпаведнасці дня сённяшняга дню мінуламу праходзіць чырвонаю ніткаю праз усю Рыгведу. Хаця слова ‘новы’ шмат­кроць сустракаецца ў тэксце, ідэя новага была цалком пад­парадкаваная вечнай меры, заснаванай на па­чатку свету міфычнымі продкамі арйаў. У Рыгведзе не раз гаво­рыцца пра даўніх (pū́rva-) і новых (nū́tana-) паэтаў, пра даўнія ды новыя хвалебны. Але новае тут трэба разумець не ў сэнсе ‘раней невядомае, вынайдзенае’, а ў значэнні ‘сённяшні, актуальны’. Урэшце, словы náva- і nū́tana- паходзяць ад час­цінкі nū́ ‘ніня, цяпер, вось’. Ідэальнае новае створана па­водле старажытнай меры, таму аўтары РВ часта кажуць, што складаюць свае песні на манер даўніх паэтаў. Усякае традыцыйнае мастацтва засноўваецца на пазачасавых, уні­версальных прынцыпах, і Рыгведа ў гэтым святле становіць выдатны ўзор традыцыйнасці.

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Ёсць нямала перакладаў Рыгведы на еўра­пейскія і індыйскія мовы. Сярод тых, што ўключаюць усе хва­лебны, можна згадаць наступныя:

  1. тры англійскія пераклады: першы зроблены Р. Т. Х. Гры­фітам (1889—1892) і шмат у чым састарэў; другі — Х. Х. Уіл­санам (1850—1888); трэці — Ст. У. Джэймісан і Дж. П. Брэ­рэтонам (2014), грунтоўнае навуковае вы­данне з мно­ствам заўваг да кожнага хвалебна;
  2. тры нямецкія пераклады, зробленыя А. Людвігам (1876), Г. Грасманам (1876) і К. Ф. Гёльднэрам (1951);
  3. пераклад у тамільскую мову, зроблены М. Р. Джамбу­натхам (1978—1980);
  4. два пераклады ў хіндзі, зробленыя Шрырамам Шармам (1950-я) і Рамговіндзі Трыведзі (1954);
  5. даволі вольны пераклад у французскую С. А. Ланглуа (1870).
  6. пераклад у рускую мову, зроблены Т. Я. Елізаранкавай (1989—1999).

Сярод частковых перакладаў вартыя ўвагі:

  1. амаль поўны навуковы пераклад у французскую, зроблены Л. Рэну (1955—1969);
  2. пераклад амаль усяго першага кола ў лаціну, зроблены Ф. А. Розэнам (1830). Наогул першы пераклад Рыгведы на еўрапей­скую мову;
  3. хвалебны Агні, перакладзеныя ў англійскую вядомым ін­дый­скім навукоўцам Шры Аўрабіндо (1946).

Паэтычныя пераклады:

  1. пераклад у англійскую Р. Т. Х. Грыфіта;
  2. пераклад у французскую С. А. Ланглуа;
  3. пераклад у нямецкую Г. Грасмана;
  4. асобныя хвалебны перакладаліся паэтычна на розныя мо­вы: у рускую (зроблены з перакладу Т. Я. Елізаранкавай У. Г. Ціха­міравым), на чэшскую (О. Фрыш) і інш.

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

  • На беларускую мову асобныя хвалебны пераклаў М. Ю. Ба­ярын, два з якіх можна апублікаваны ў яго кнізе «Самабыцьцё».
  • І. М. Куліковым зроблены поўны паэтычны пераклад 1-га кола Рыгведы.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]