Рэйкавая вайна (1990-я)
«Рэ́йкавая вайна́» — масавыя акцыі пратэсту насельніцтва вугальных рэгіёнаў Расіі ў 1990-я гады супраць затрымак па выплатах зарплат, якія здзяйсняліся шляхам перакрыцця чыгуначных шляхоў (адсюль назва). Пратэстоўцы таксама патрабавалі адстаўкі прэзідэнта Барыса Ельцына і ўрада[1].
Прычыны
[правіць | правіць зыходнік]Цягам зімы — вясны 1998 года шахцёры патрабавалі ад уладаў і работадаўцаў сплаціць усе запазычанасці па зарплаце, папярэдзіўшы, што перакрыюць дарогі[1]. Ніякай рэакцыі федэральных уладаў не наступавала[1]. У Маскве на Гарбатым мосце шахцёры праводзілі шматмесячны пікет ва ўмовах інфармацыйнай блакады з боку праўрадавых СМІ, тэлеканал ОРТ не згадваў пікет, быццам яго не было[2].
Ініцыятарамі пікета былі жыхары Варкуты, дзе затрымкі выплатаў складалі 7 месяцаў[2]. Адзін з пратэстоўцаў распавёў: «Няма грошай на самае неабходнае. <…> Даводзіцца прасіць грошай у бацькоў-пенсіянераў, якім мы самі мусім дапамагаць. А ў іх пенсія вядома якая. Сорамна. <…> Сын мне неяк кажа: Што, тата, паміраць будзем? <…> У адной сям’і сын-шкаляр павесіўся, пакінуў запіску: „Мне набрыдла слухаць вашыя з мамай звады з-за грошай…“ У іншай сям’і сам бацька не вытрымаў — абвязаў сябе выбухоўкай. У нас трое наклалі на сябе рукі. Мы — рабы, скаціна. Раба і тое гаспадар корміць. Так болей жыць нельга!»[2].
У дакладзе пра выкананне правоў чалавека Маскоўскай хельсінкскай групы паведамлялася: «Абурэнне беззаконнымі затрымкамі заробкаў, немагчымасць трываць нахабны працяг нявыплатаў давялі масавыя настрі ў вугальных рэгіёнах да такога напалу, калі людзі, імкнучыся да законных, прызнаных грамадствам мэтаў і вартасцяў, гатовыя скарыстаць дзеля іх дасягнення незаконныя, разбуральныя сродкі»[3].
Блакаванне
[правіць | правіць зыходнік]У маі 1998 года пратэстоўцы на два-тры тыдні перакрылі некалькі ключавых магістраляў[1]. Шахцёры Інты заблакавалі рух у рэгіёне вуглездабычы ў Рэспубліцы Комі[1]. У Кузбасе шахцёры Анжэра-Суджанска і Междурэчанска, а таксама машынабудаўнікі Юргі заблакавалі магістраль, якая злучае Сібір і Далёкі Усход, пазбавіўшы таксама Томскую вобласць выхаду да чыгуначнай сеткі[1]. У Данбасе шахцёры горада Шахты заблакавалі дарогу, якая злучае Цэнтр з Поўднем Расіі і Каўказам[1].
Пратэстоўцы ў Кузбасе прапускалі толькі мясцовыя электрацыі, цягнікі стратэгічнай значнасці і з гуманітарнай дапамогай для шахцёраў[4]. Цалкам спынілася перавозка пасажыраў і грузаў на Далёкі Усход і наадварот[4]. 20 мая ў Кемераўскай вобласці была абвешчаная надзвычайная сытуацыя[4]. Частка цягнікоў спярша ішла праз Паўднёвасібірскі ход (Абакан — Междурэчанск — Паласухіна — Барнаул).
У маі ў Кузбас прыбыла камісія на чале з намеснікам кіраўніка ўрада Алегам Сысуевым[4]. З федэральнага бюджэту пачалі паступаць сродкі[4]. Урад абяцаў да 1 ліпеня пагасіць запазычанасці працаўнікам і пенсіянерам Кемераўскай вобласці. 23 мая пратэстоўцы вызвалілі дарогу ля Междурэчанска, рух па поўдні вобласці быў адноўлены[4]. 24 мая была знятая блакада галоўнага ходу Транссібірскай магістралі ў Анжэра-Суджанску і Юрзе[4]. Цягам чэрвеня ўрад Расіі не выканаў большасць абяцанняў, таму ў пачатку ліпеня блакаванне дарог узнавілася[4]. 19 ліпеня намеснік старшыні ўрада А. Сысуеў зноў прыбыў у рэгіён з фінансаваннем у 730 млн рублёў. У гэты ж дзень блакада чыгуначных магістраляў у Кузбасе была спыненая[4].
На думку сацыёлага Леаніда Гордана, перакрыцці дарог «падвялі краіну да мяжы крушэння сацыяльнага парадку»[1]. «Рэйкавая вайна» стала адным з фактараў скарачэння нявыплат заробкаў у Расіі цягам наступных гадоў[5].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж Потери и обретения в России 90-х. Том 2: Меняющаяся жизнь в меняющейся стране: занятость, заработки, потребление. Архівавана 24 лістапада 2010. Москва: Эдиториал УРСС, 2001, т. 2, 512 с.
- ↑ а б в Шахтеры, власть, народ // Социологические исследования, 1999
- ↑ Доклад о соблюдении прав человека в Российской Федерации в 1998 году. Архівавана 5 красавіка 2016. Раздел 4. Социально-экономические и трудовые права.
- ↑ а б в г д е ё ж з «Рельсовая война» в Кузбассе в 1998 г.: этапы, особенности и результаты
- ↑ «Рельсовые войны» в России в 1998 г.: к постановке проблемы