Саюз студэнтаў — грамадзян БССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Саюз студэнтаў — грамадзян БССР
Дата заснавання 1925
Дата роспуску 1930-я
Тып студэнцкае таварыства[d]
Цэнтр

Саюз студэнтаў — грамадзян БССР — беларуская студэнцкая арганізацыя ў Чэхаславакіі, якая існавала з 1925 года да канца 1920-х гг. Аб’ядноўвала па-прасавецку настроеную моладзь, якая пасля заканчэння вучобы збіралася ехаць на працу ў Савецкую Беларусь. Фінансавалася савецкім прадстаўніцтвам у ЧСР[1].

На арганізацыйным сходзе Саюза студэнтаў - грамадзян БССР, які адбыўся вясной 1925 года, была агучана галоўная мэта арганізацыі – «дапамога маладым людзям пасля сканчэння вучобы праз прадстаўніцтва СССР атрымаць савецкае грамадзянства і дазвол на ўезд у БССР». У прэзідыум саюза ўвайшлі М. Каўцэвіч (старшыня), Г. Муха (намеснік старшыні), М. Рагуля, Р. Тананко, М. Шыманка. У маі 1925 года Саюз студэнтаў-грамадзян БССР быў зарэгістраваны як філіял Саюза студэнтаў-грамадзян УССР[2].

У канцы 1925 года ў Саюз студэнтаў-грамадзян БССР уваходзілі ўжо 15 чалавек[2].

Чэхаславацкія ўлады афіцыйна зацвердзілі саюз толькі 23 чэрвеня 1926 года. Згодна са статутам саюз з’яўляўся апалітычнай арганізацыяй. Дзейнасць саюза, як і «Грамады», працякала пад пільным наглядам з боку Марксісцкай групы. Усе рашэнні спачатку абмяркоўваліся ў групе, а пасля ўжо выносіліся на разгляд саюза[2].

На ўстаноўчым сходзе Саюза студэнтаў-грамадзян БССР, які праходзіў 30 лістапада 1926 года, былі працягнуты паўнамоцтвы старшыні арганізацыі М. Каўцэвіча. У прэзідыум абралі А. Карповіча, М. Пілецкага, М. Рагулю, М. Шыманку[2].

М. Каўцэвіч з невялікім перапынкам займаў пасаду старшыні саюза да 1930 года. З лістапада 1927 да красавіка 1928 года арганізацыю ўзначальваў М. Пілецкі[2].

У саюз уваходзілі пераважна беларускія студэнты Пражскай політэхнікі. Да 1927 года саюз налічваў каля 30–35 сяброў, пазней колькасць членаў арганізацыі не перавышала 15 чалавек[2].

Істотным складальнікам дзейнасці беларускіх прасавецкіх аб’яднанняў у Празе была крытыка польскай палітыкі ў дачыненні да насельніцтва Заходняй Беларусі. Беларускія прасавецкія студэнты рэгулярна прымалі ўдзел у мерапрыемствах антыпольскай накіраванасці[2].

У канцы 1920-х гадоў Саюз студэнтаў - грамадзян БССР застаўся адзінай саветафільскай арганізацыяй у Празе. Уся праца саюза ў першай палове 1929 года абмежавалася правядзеннем некалькіх лекцый. На той час у аб’яднанні налічвалася ўсяго 10 сяброў[2].

Нарастанне аўтарытарных тэндэнцый у кіраўніцтве БССР і палітычныя рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў інтэлігенцыі ў канцы 1920-х – 1930-х гадах паўплывалі на адыход ад працы ў прасавецкіх арганізацыях часткі ранейшых іх прыхільнікаў, а таксама прывялі да канчатковай кампраметацыі зменавехаўскага руху сярод неангажыраваных у дзейнасць прасавецкіх арганізацый прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі[2].

У пачатку 1930-х гадоў у сувязі з рээміграцыяй большай часткі сваіх сяброў Саюз студэнтаў-грамадзян БССР спыніў дзейнасць[2].

Зноскі

  1. Буча, А.І. Беларуская дыяспара ў службовых справаздачах чэхаславацкіх наглядных органаў (1920-1930-я гг.) // Российские и славянские иследования: науч. сб. Вып. 7 / редкол.: А.П. Сальков, О.А. Яновский [и др.]. – Минск: БГУ, 2012. – С. 297–310.
  2. а б в г д е ё ж з і Андрэй Буча. Дзейнасць беларускіх прасавецкіх арганізацый y Чэхаславакіі ў 1920-я гады // Przegląd Środkowo-Wschodni, 4 - 2019 - ISSN 2543-618X