Рэпрэсіі ў БССР

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Курапацкі лес — адно з найвядомейшых месцаў пахавання ахвяр рэпрэсій у БССР.
Emblem of the Byelorussian SSR (1981-1991).svg

Рэпрэсіі ў БССР, сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — неабгрунтаванае прыцягненне да крымінальнай адказнасці за дзяржаўныя (г.зв. «контррэвалюцыйныя») злачынствы, а таксама высылка — накіраванне на спецпасяленні за межы БССР судовымі або пазасудовымі органамі па палітычных, сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных і іншых матывах. Пачаліся ў 1917 годзе, сістэматычны характар набылі ў 1930, найбольшы размах мелі ў 19371938, спыніліся разам са смерцю Сталіна ў 1953.

Дакладную лічбу рэпрэсаваных, як і падрабязныя сведчанні савецкіх злачынстваў, у наш час высветліць немагчыма з тае прычыны, што архівы КДБ дагэтуль закрытыя для даследчыкаў[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1930 у палітычнай справаздачы цэнтральнага камітэта XVI з'езда ВКП(б) І. Сталін заявіў:

" Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва з'яўляюцца неабходным элементам наступлення... "

[2].

Разам з шырока вядомым цяпер «Саюзам вызвалення Беларусі» ў БССР былі заведзены дзесяткі іншых сфабрыкаваных спраў: «Беларуская народная грамада» (68 арыштаваных), «Партыя вызвалення сялян» (110 арыштаваных), «Беларуска-літоўская сялянская партыя» (159 арыштаваных), «Контррэвалюцыйная паўстанцкая і дыверсійна-шпіёнская арганізацыя ў сістэме Наркамзема БССР і Трактарацэнтра» (627 арыштаваных), «Аб'яднанае антысавецкае падполле» (2570 арыштаваных) і г.д.

На думку беларускага даследчыка Л. Маракова, у 1930-я на Сталіна працавалі сакрэтныя інстытуты НКУС, якія пралічылі значны патэнцыял у геапалітычным становішчы Беларусі. Для таго, каб беларусы ніколі не атрымалі незалежнасць ад Расіі, яны сістэматычна вынішчалі інтэлектуальны генафонд нацыі. Як адзначае Л. Маракоў: «Змянілася ўжо некалькі пакаленняў, а нам усё ніяк не атрымоўваецца аднавіць згубленае. Усё таму, што мы — дзеці горшых, лепшых выразалі»[1].

Колькасць ахвяр і этнічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Паводле няпоўных падлікаў (многія дакументы не захаваліся) ахвярамі палітычных рэпрэсій у Беларусі ў 19171953 сталі каля 600 тыс. чал.[3][4], згодна з іншымі звесткамі — не менш за 1 млн 400 тыс. чал.[5], з іх 250 тыс. асуджаныя судовымі ці пакараныя рашэннямі пазасудовых органаў («двоек», «троек», асобых нарадаў, калегій АДПУ, НКУС, Міністэрства дзяржаўнай бяспекі (МДБ)). Акрамя асуджаных у 19201930-я, рэпрэсавана і выслана за межы БССР больш за 250 тыс. «раскулачаных» сялян і членаў іх сем'яў. У 19171953 гады да найвышэйшай меры пакарання (расстрэлу) прысуджаныя 358 686 чалавек[3]. Усяго з 1954 да пачатку 2000 года ў Беларусі рэабілітавана больш за 200 тыс. ахвяр палітычных рэпрэсій[3]. Калі ўлічыць, што да Другой сусветнай вайны ў ёй пражывала каля 5 млн. чал., то атрымліваецца, што на тэрыторыі БССР быў рэпрэсаваны кожны дзесяты жыхар[6]. Пры гэтым у 1930-я гады загінула каля 90% беларускай інтэлігенцыі[7].

Калі ў 1920-я гады кіраўніцтва БССР адмыслова стрымлівалі антыэтнічныя настроі, то ўжо ў 1930-я гады прадстаўнікоў 9 нацыянальнасцяў, сярод якіх апынуліся і палякі, аднеслі да ворагаў савецкай дзяржавы. У гэты час савецкія СМІ навешвалі ярлыкі на цэлыя этнічныя групы. Прыказка «раз поляк, значит кулак» выяўляла сутнасць Вялікага тэрору 1937—1938 гг., калі шараговы паляк меў у 30,92 раза больш шанцаў трапіць у турму, чым непаляк[8]. Колькасць этнічных палякаў у БССР зменшылася з 119 900 да 58 400 у перыяд з 1937 да 1939 гг.[9] З 1939 па 1941 савецкая ўлада рэпрэсіравала амаль 500 тыс. палякаў, якія жылі на тэрыторыі былой усходняй Польшчы. Нават нягледзячы на тое, што больш за 400 тыс. палякаў перажылі рэпрэсіі[10], мала хто з іх вярнуўся ў БССР ці УССР, бо пасля вайны этнічных палякаў высялялі ў камуністычную Польшчу[11]. У 1939—1941 гг. у межах былой усходняй Польшчы НКУС арыштаваў больш людзнй, чым ва ўсім астатнім СССР[10].

Месцы масавых расправаў па рэгіёнах Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Вызначэнне месцаў масавых рэпрэсій беларускіх чэкістаў ускладняеццa тым, што архівы КДБ, як пазначана вышэй, па-ранейшаму закрытыя для даследчыкаў. Алеж, дзякуючы ўскосным дадзенным, часткова атрымліваецца рэканструіраваць падзеі мінуўшчыны[12][13][14].

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Навука[правіць | правіць зыходнік]

Ад рэпрэсій 1930-х пацярпелі 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў Беларускай акадэміі навук. З 139 аспірантаў, якія былі ў 1934, засталося толькі шэсць чалавек. Даследаванні ў галіне гуманітарных навук практычна спыніліся[15].

Гістарыяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 1930-я савецкія ўлады фізічна і духоўна знішчылі 32 мінскіх гісторыкаў, іх працы выдалілі з навуковых бібліятэк. Увогуле, была поўнасцю зніштожаная беларуская гістарычная школа[16]. У Беларусі няма ніводнага дзяржаўнага рэальнага музея, які б быў прысвечаны гэтай сумнай старонцы нацыянальнай гісторыі. Да нешматлікіх інструментаў, якія могуць дапамагчы беларусам асэнсаваць таталітарнае мінулае, можна прылічыць Віртуальны музей савецкіх рэпрэсій у Беларусі, што быў створаны па грамадскай ініцыятыве ў 2014 годзе.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

З 540—570 літаратараў, якія друкаваліся ў Беларусі ў 1920—1930-я гады XX стагоддзя было рэпрэсавана не менш за 440—460 (80 %), у тым ліку Тодар Кляшторны, Андрэй Мрый і мноства іншых вядомых аўтараў. Калі ўлічваць аўтараў, вымушаных з'ехаць з радзімы, то рэпрэсіям падвергліся не менш за 500 (90 %), чвэртка ўсёй колькасці літаратараў (2000), рэпрэсаваных у СССР[17].

Тым часам, паводле падлікаў У. Маракова, ва Украіне колькасць рэпрэсаваных літаратараў склала каля 35-40 %, у Расіі — не больш за 15 %[1].

Медыцына[правіць | правіць зыходнік]

Агулам пад рэпрэсіі трапіла 1520 асоб, з іх каля 500 урачоў, больш за 200 медыцынскіх сясцёр, блізу 600 ветэрынарных працаўнікоў, некалькі сотняў іх сваякоў і тых, хто праходзіў з імі па адной супольнай справе[18].

Нацыянальны склад рэпрэсаваных: беларусы — 738, палякі — 331, яўрэі — 203, рускія — 168, украінцы — 25, латышы — 18, літоўцы — 13, немцы — 9, чэхі, эстонцы — па 2 чалавекі, грузіны, венгры, казахі, малдаване, татары, французы, чувашы — па адным, нявызначаныя — 4[18].

У 1930-х адбыўся поўны заняпад сістэмы медыцынскага абслугоўвання насельніцтва БССР. На большасць раённых бальніц прыходзіўся толькі адзін урач. Кожны трэці-чацвёрты ўрачэбны ўчастак быў не толькі без доктара, але і без фельчара, нават без акушэркі. Арышты праходзілі з такой хуткасцю, што трыста выпускнікоў Мінскага і Віцебскага медыцынскіх інстытутаў штогод не паспявалі займаць парожнія месцы. Аднак іх рыхтавалі найперш для адмысловых бальніц, клінік і санаторыяў, у якіх лячыліся партыйныя бонзы і энкавэдысты[18].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Кастусь Лашкевич, Леонид Моряков Как в БССР уничтожали врачей и избавлялись от больных (руск.) . TUT.BY (21.10.2010). Праверана 22 кастрычніка 2010.
  2. Сталин, И. В. Сочинения. Т. 12. — С. 309.
  3. 3,0 3,1 3,2 В. Ф. Кушнер. Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1920—1930-я гг. // Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 370.
  4. 600 000 ахвяр — прыблізная лічба: з І. Кузняцовым гутарыць Руслан Равяка // Наша Ніва, 3 кастрычніка 1999.
  5. І. Кузняцоў. Рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі і сялянства ў 1930—1940 гады. Лекцыя 2. // «Беларускі Калегіум», 15 чэрвеня 2008.
  6. Рэабілітацыя: Зборнік дакументаў і нарматыўных актаў па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1920-1980-х гадоў у Беларусі / Уклад., [аўт. камент.] А. Дзярновіч. — Мн. : Athenaeum, 2001. — 177 с. — С. 17. — (Athenaeum, Т. III; Архіў найноўшае гісторыі = Modern history archive). — ISBN 985-6374-12-X. Са спасылкай на: Касцюк, М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі / М. Касцюк. — Мн.: ВП «Экаперспектыва», 2000. — 307 с. — С. 176. — ISBN 985-6102-30-8.
  7. Беларусізацыя, 1920-я гады: Дакументы і матэрыялы / Беларускі дзяржаўны універсітэт, Гістарычны факультэт, Кафедра сусветнай і айчыннай гісторыі, Археаграфічная камісія Дзяржаўнага камітэту па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь; Пад агул. рэд. Р. П. Платонава і У. І .Коршука. — Мн.: БДУ, 2001. — 268, [2] с. — С. 24. — ISBN 985-445-495-9.
  8. Martin, T. The Affirmative Action Empire: Nations and Nationalism in the Soviet Union 1923—1939 / Terry Martin. — Ithaca—London: Cornell University Press, 2001. — XVII, 496 p.: ill. — ISBN 0801486777.
  9. Беларусы [Карты]: этнагеаграфія, дэмаграфія, дыяспара, канфесіі: атлас / складзены і падрыхтаваны да друку Мінскай картаграфічнай фабрыкай у 1995—1996 гг.; адк. рэд. В. А. Шэленгоўская; рэд. карт: Л. У. Белякова [і інш.]. — Мн.: Камітэт дзяржаўных знакаў пры Міністэрстве фінансаў Рэспублікі Беларусь, 1996. — 1 атлас (32, [1] с., уключаючы вокладку). — С. 6.
  10. 10,0 10,1 Snyder, T. Sketches from a secret war: a Polish artist's mission to liberate Soviet Ukraine / Timothy Snyder. — New Haven: Yale University Press, 2005. — XXIII, 347 p.: ill., maps. — P. 177. — ISBN 030010670X.
  11. З 1944 па 1947 гг. 1 481 000 польскіх грамадзян, у т.л. 200 тыс. яўрэяў, пакінулі межы СССР. Magocsi, P. R. Historical atlas of East Central Europe / Paul Robert Magosci; cartographic design by Geoffrey J. Matthews. — Seattle—London: University of Washington Press, 1993. — 1 atlas (XIII, 218 p.): col. maps. — P. 167. — ISBN 0295972483.
  12. ВІРТУАЛЬНЫ МУЗЕЙ САВЕЦКІХ РЭПРЭСІЙ У БЕЛАРУСІ
  13. Карныя аперацыі АДПУ-НКУС
  14. Карныя акцыі НКУС-МУС-МДБ
  15. В. Ф. Кушнер. Культурнае і духоўнае жыццё савецкай Беларусі. // Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 402.
  16. Андрэй Катлярчук. Прадмова да «літоўскага» нумару // Arche № 9, 2009.
  17. Прадмова // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  18. 18,0 18,1 18,2 …А медсястра ў вар'ятку ператварылася // Наша Ніва, 13 верасня 2010

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 4. — Мн:, 2007.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 1. — Мн:, 2007.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 2. — Мн:, 2007.
  • Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005.