Скразная апрацоўка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Скразная апрацоўка (англ.: Straight-through processing, STP) — працэс бесперапыннай, цалкам аўтаматызаванай апрацоўкі інфармацыі. Першасныя даныя могуць фармавацца як аўтаматычнымі сістэмамі, так і ручным уводам, але іх наступная перадача і апрацоўка адбываецца цалкам аўтаматычна[1].

У больш вузкім сэнсе STP-тэхналогія прадугледжвае, што брокерская кампанія выступае ў ролі аўтаматычнага пасярэдніка паміж кліентамі і знешнім рынкам. Ордэры кліентаў аўтаматычна перапраўляюцца для заключэння здзелак на знешнім рынку ці на буйнога контрагента.

Транзакцыі[правіць | правіць зыходнік]

STP была распрацавана для гандлю акцыямі ў пачатку 1990-х гадоў у Лондане для аўтаматызаванай апрацоўкі на фондавых рынках[2].

У мінулым правядзенне плацяжоў заўсёды патрабавала ручной працы[3]. Працэс часта займаў некалькі гадзін. Да таго ж дадатковае ўмяшанне чалавека прыводзіла да большай рызыцы памылак.

З дапамогай STP аперацыі з грашыма або каштоўнымі паперамі могуць апрацоўвацца і заключацца ў той жа дзень. Плацяжы ўсё яшчэ могуць быць не-STP з-за розных прычын[4].

Перавагі[правіць | правіць зыходнік]

Пры поўным укараненні STP можа даць кіраўнікам актывамі такія перавагі, як больш кароткія цыклы апрацоўкі, зніжэнне рызыкі разлікаў і больш нізкія аперацыйныя выдаткі[5].

Некаторыя галіновыя аналітыкі лічаць, што 100 % аўтаматызацыя — недасяжная мэта[6]. Замест гэтага яны прасоўваюць ідэю павышэння ўзроўняў унутранай STP унутры фірмы, падахвочваючы групы фірмаў працаваць разам над паляпшэннем якасці аўтаматызацыі транзакцыйнай інфармацыі паміж сабой, альбо на двухбаковай аснове, альбо як супольнасць карыстальнікаў (знешняя STP). Іншыя аналітыкі, аднак, мяркуюць, што STP будзе дасягнута са з’яўленнем функцыянальнай сумяшчальнасці бізнес-працэсаў.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Straight-Through Processing (STP). investopedia.com. Праверана 10-10-2021.
  2. Straight Through Processing (STP) Brokers Guide. comparebrokers.co. Праверана 10-10-2021.
  3. Rising to the Challenge: Five Barriers to STP in the Treasury Department. theglobaltreasurer.com. Праверана 10-10-2021.
  4. Challenges around STP in Payments. finextra.com. Праверана 10-10-2021.
  5. Frequently Asked Questions On Straight Through Processing. sebi.gov.in. Праверана 10-10-2021.
  6. STP and Credit Derivatives. waterstechnology.com. Праверана 10-10-2021.