Перайсці да зместу

Снаванне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Экспазіцыя, прысвечаная снаванню, у музеі «Смаленскі лён  (руск.)»

Снаванне — працэс стварэння асновы тканіны для навіўкі на ткацкі станок.

Народнае ткацтва

[правіць | правіць зыходнік]

Падрыхтоўчыя працы

[правіць | правіць зыходнік]

Перад навіваннем асновы ніткі падрыхтоўвалі адмысловым чынам  (руск.) для надання ім большай трываласці. Звычайна іх замочвалі ў вадзе, адвары льнянога семені  (ням.) ці завараным дравесным попеле  (англ.), а потым білі пранікам  (бел. (тар.)) ці таўклі ў ступе. Высушаныя пасля гэтага ніткі снавалі[1].

Асноўны працэс

[правіць | правіць зыходнік]
Хлопчык сплятае гатовую аснову ў пляцёнку

У славян часцей за ўсё снавалі на сцяне, у якую ўтыкалі калкі. Выкарыстоўвалася і пераносная снавальная рама і, радзей, вярчальная снавалка[2].

Пасля заканчэння снавання аснову здымалі з калкоў і спляталі ў касу (пляцёнку, плётку). Розныя прылады і прыстасаванні для снавання мелі назву снавалка, снавадла, снавідла, снулля, снулька, снульня, снуўля, снуйка[3] ці снуйня[4]. Чалавек, які рабіў аснову, называўся адпаведна снавальшчыца ці снавальшчык[5]. Памылкі пры снаванні, калі ўтваралася нітак болей ці меней, чым ўваходзіла ў бёрда, называліся адпаведна перасноў[6] і недаснуй[7].

Снаванне на сцяне

[правіць | правіць зыходнік]

Снаванне на сцяне — старадаўні і шырока распаўсюджаны спосаб. У сцяну, крыху адступіўшы ад кута, забіваюць калкі на адлегласці 15 — 20 см адзін ад аднаго па вертыкальнай лініі[8]. Ля другога кута той самай сцяны паралельна першаму робяць такую ж вертыкальную лінію калкоў[9]. У першым радзе паміж калкамі забівалі так званы «чыноўны калок», які служыў для раздзялення асновы на верхні і ніжні рады. У працэсе снавання неабходна было ўважліва сачыць за паслядоўнасцю намотвання, каб не парушыць рады асновы.

Адлегласць паміж першым і другім вертыкальным радам калкоў складала 4 — 6,5 метраў, у залежнасці ад даўжыні сцяны хаты. Гэта адлегласць прымалася за адзінку меры для даўжыні асновы і для будучай тканіны і называлася сцяна (гу́бка). Шырыня тканіны вымяралася пасмамі, кожная пасма мела каля 30 нітак. Тканіна бывае ў 9, 10, 12 пасмаў[9].

Снаванне на сцяне — працэс марудны і стамляючы, паколькі патрабуе бесперапыннага пераходу снавальшчыцы ад аднаго калка да другога. Каб аснаваць палатно ў 10 пасмаў (300 нітак) «у 12 сцен», пры даўжыне сцяны ў 3,2 м патрэбна зрабіць 3600 такіх пераходаў, то бок прайсці агульным лікам 16 км. Паколькі з-за практычных нюансаў (магчымае заблытванне асновы) і забабонаў нельга было пакідаць аснову на наступны дзень, снаванне было яшчэ больш напружвальным для майстрыхі[9].

Снаванне на раме

[правіць | правіць зыходнік]

Рама для снавання прадстаўляе сабой раму даўжынёй 2 — 3,2 м і шырынёй 1,3 м. У бакавыя планкі два вертыкальна пастаўленыя слупкі, злучаныя папярэчынамі, убівалі калкі («чыноўны калок» — у ніжнюю папярэчыну). Прынцып снавання такі ж самы, як і на сцяне. Адзначаны такая назва для падобнай прылады, як асноўніцы[10], снавальніцы[11]. Галоўная перавага падобнай рамы ў тым, што можна снаваць і на вуліцы, і ў пммяшканні, а няскончаную працу — вынесці на ноч у пуню[9].

Снаванне на вярчальнай снавалцы

[правіць | правіць зыходнік]
Відэа працэса снавання на вярчальнай снавалцы (ням.)

З XIX — пачатку XX стагоддзя стаў распаўсюджвацца спосаб снавання на снавалцы. Снавалка складалася з 2 накрыж умацаваных драўляных брускоў даўжынёй 190 см, злучаных па вертыкалі 4 планкамі даўжынѐй 150 см. Крыжавіны насаджвалі на стрыжань снавалкі, ніжні канец якога мацаваўся ў падлозе, а верхні — у бэльцы. У ніжняй крыжавіне забівалі чыноўны калок, а на верхняй калок для «глухога» канца. На такой снавалцы жанчына працавала седзячы, трымаючы ў левай руцэ пражу, а правай круціла снавалку.

Гэты спосаб у пяць разоў хутчэйшы за снаванне на сцяне і не такі стамляючы. Са снаваннем на сцяне генетычна ён не звязаны, а, імаверна, перайшоў у народнае асяроддзе з фабрычнага ткацтва праз ткачоў-саматужнікаў[9].

Тэкстыльная прамысловасць

[правіць | правіць зыходнік]
Снавальная машына

У ткацкай прамысловасці снаваннем называюць прамежкавы этап у падрыхтоўцы асновы ткацкага станка, якому падвяргаюць толькі асноўную пражу, што паступае на бабінах пасля перамотвання ў снавальны аддзел[12]. Фактычна - гэта аб'яднанне нітак з вялікай колькасці матальных паковак на адну занавальную пакоўку. У працэсе снавання на снавальны валік або ткацкі навой  (укр.) навіваецца пэўны лік нітак разліковай даўжыні[12].

На тэкстыльнай вытворчасці для снавання выкарыстоўваюць прамысловыя снавальныя машыны  (чэшск.), якія робяць працэс аўтаматычным. Асноўнымі працоўнымі органамі снавальных машын з'яўляюцца рамка (шпулярнік) для размяшчэння бабін або шпулек, дзялільны радок, які размяркоўвае раўнамерна ніткі па шырыні снавання, і вымяральны валік, які адзначае даўжыню нітак[13].

У вытворчасці практыкуюцца чатыры спосабы снавання: парцыённы, істужачны, секцыйны і поўны. Снаванне па кожным з гэтых спосабаў можа быць канечным і бесперапынным[12]. Найбольш распаўсюджаным спосабам снавання з'яўляецца парцыённы, які забяспечвае найбольшую прадукцыйнасць. Таксама даследаванні і досвед працы прадпрыемстваў паказалі, што больш распаўсюджаным з'яўляецца перапынны від снавання[12].

У традыцыйным усходне-славянскім светапоглядзе працэс снавання лічыўся звязаным з глыбіннымі ўласцівасцямі навакольнага свету («свет снаваўся», «павук свет снаваў») і замагіллем. Снаванне было атулена шматлікімі забаронамі і магічнымі дзеяннямі. Так, на Палессі нельга было снаваць на Дабравешчанне, Каляды і Новы год, таксама на мужчынскія святы. Неспрыяльная для снавання субота, спрыяльныя пятніца і аўторак; спрыяльная поўня і неспрыяльны маладзік. Нельга снаваць уначы, нельга пакідаць навітую аснову на сцяне на ноч. Пры снаванні ў чужой хаце гатовую аснову належыць выносіць толькі на наступны дзень, дзякуючы гаспадыню «за сцяну». Працэсу снавання можа лёгка нашкодзіць благое вока, таму пад час працэсу непажадана, каб хтосьці ўваходзіў у хату. У засцерагальных мэтах выкарыстоўваюць абярэгі — хлеб, соль, вугольчык, прамаўляюць ахоўныя формулы, а пасля канчатка працы аснову здымаюць з калкоў і садзяцца на яе «каб гладкая была». Снаванне ў пэўнай меры валодае функцыямі, процілеглымі завязванню вузлоў (пры ім перапляцення нітак быць не павінна): праз гатовую аснову не павінны пераступаць жанчына дзетароднага ўзросту, жывёла, паколькі гэта можа выклікаць бясплоддзе; па тых жа меркаваннях існуюць некаторыя забароны на заняткі снаваннем для маладых жанчын.

  • Материалы к описанию полесских народных представлений, связанных с ткачеством. Снование // Полесский этнолингвистический сборник. М., 1983
  • Павлова М. Р. Полесские обряды и поверья, связанные с ткачеством // Полесье и этногенез славян: Предварительные материалы и тезисы конференции М., 1983.