Станіслаў Сільвестровіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Станіслаў Сільвестровіч (1833 — каля 1910) — памешчык, уладальнік маёнтка Гожа ў Гродзенскім павеце, Гродзенскай губерні. Член Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, летам 1863 года — паўстанцкі начальнік Гродзенскага ваяводства.

Нарадзіўся ў 1833 г. у сям'і Сільвестровічаў, якія валодалі Гожай з 1787 года. Скончыў Тартускі ўніверсітэт. Вярнуўся Пасля смерці бацькі стаў гаспадаром маёнтка, вярнуўся ў Гожу, значна аблягчыў павіннасці сялян. У 1861 г. пазнаёміўся з удзельнікамі Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, у тым ліку і з Канстанцінам Каліноўскім.

У першыя месяцы паўстання Гожа была цэнтрам паўстанцкай дзейнасці ў ваколіцах Гродна. Сюды перакідваліся дакументы і грошы з Каралеўства Польскага, якое знаходзілася за Нёманам. Пасля выезду К. Каліноўскага ў Вільню стаў паўстанцкім начальнікам Гродзенскага ваяводства, але ўжо ў ліпені 1863 г. быў арыштаваны разам з паўстанцкім сакратаром, дваюрадным братам Зыгмунтам Урублеўскім.

Маўчаў больш за восем месяцаў і даў першыя паказанні толькі пасля смерці К. Каліноўскага. У канцы 1864 г. быў высланы ў сібірскія шахты на катаргу тэрмінам на восем год. Маёнтак Гожа быў канфіскаваны, жонка С. Сільвестровіча і двое яго сыноў Фелікс і Станіслаў пакінуты без сродкаў да існавання.

У 1876 г. атрымаў дазвол перасяліцца ў гарадок Ядрын Казанскай губерні. У 1878 г. атрымаў дазвол прыехаць на чатыры месяцы дадому, дзе ўпершыню за 15 гадоў пабачыў сваіх блізкіх — жонку і сыноў.

Памёр каля 1910 г. у Стрэльчым на Валыні.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Вашкевіч А. Дарогаю 1863 года // Мінулае Гродзеншчыны. Выпуск 10. — Гродна, 2004. — С. 31—36.