Стэфан Карабанка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Стэфан Карабанка

бурмістр магілёўскі[d]
войт магілёўскі[d]

Род Род Карабанькаў
Дзейнасць купец

Стэфан Карабанка — магілёўскі купец і дзяржаўны дзеяч.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У XVIII ст. Магілёў, як і іншыя тагачасныя беларускія гарады, ахапіла зацятая ўнутрыцэхавая барацьба. Збяднелыя рамеснікі былі вымушаны ісці на паслугі да больш заможных цэхавікоў ці купцоў. Да гэтага іх вымушалі крайняя галеча або немагчымасць аддаць пазычаныя раней грошы. У 1740-х — 1750-х гг. багаты магілёўскі купец Стэфан Карабанка, выступаючы ў якасці скупшчыка-ліхвяра, падпарадкаваў сабе бедных мяшчан-рамеснікаў з гарбарскага, цяслярскага, кушнерскага, маслабойнага, пякарскага і іншых цэхаў. Апошнія былі павінны яму велізарныя сумы грошаў (за пазыкі злотымі і сыравінай). Не аддаўшы іх у строга вызначаны тэрмін, збяднелыя цэхавікі трапілі ў кабалу. У кошт пагашэння запазычанасцяў яны аддавалі або прадавалі ўсю сваю маёмасць (рамесныя вырабы, хаты, прылады працы) і наймаліся да Карабанкі на працу ў якасці наёмных рабочых.

З дапамогай подкупу і шматлікіх фальсіфікацый Стэфану Карабанку ўдалося атрымаць пасаду магілёўскага бурмістра. 10 снежня 1729 года ён паскардзіўся на мяшчан-кажэўнікаў Андрэя Князевіча і яго двух сыноў, Антона і Германа. Паводле слоў гарадскога кіраўніка, азначаныя рамеснікі тройчы падраджаліся зрабіць партыі па 178 пар юфтавых ботаў, аднак так і не зрабілі ніводнай пары. Карабанка патрабаваў ад іх або выканання «двайнога заказу» (356 пар), або выплаты грашыма поўнага кошту матэрыялаў і гатовага абутку. Князевічы заявілі перад магістрацкім судом аб сваёй неплацёжаздольнасці, і той перадаў бурмістру ўсю іх маёмасць (рухомую і нерухомую).

У 1740-х — 1750-х гг. абвастрылася барацьба паміж мяшчанскімі групоўкамі. Яна тычылася верхавенства ў магістраце і была даволі ўпартай і зацятай. У ход ішлі подкуп, падман, падбухторванне да бунтаў, пагрозы, забойствы і іншыя нядобрасумленныя дзеянні. Найбольш адмоўна сябе паказаў магілёўскі войт і былы бурмістр Стэфан Карабанка, які ўтрымліваў магілёўскае войтаўства на працягу амаль усіх 1750-х гг. і нават прысвоіў сабе шляхецтва. Ён разам з набліжанымі асобамі рабаваў, забіваў і саджаў у турмы мяшчан і купцоў, тавары і маёмасць іх канфіскоўваў. Чуткі «аб злых справах войта места магілёўскага» дайшлі да караля Аўгуста ІІІ, які 31 снежня 1757 г. выпусціў спецыяльны ліст, дзе забараніў дапускаць Стэфана Карабанку «не тое, што да пасады войта, а і нават да саміх выбараў».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.