Перайсці да зместу

Сялянская газета

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Сялянская газета»
Тып газета
Краіна
Заснавана 1939
Спыненне публікацый 20 студзеня 1960
Палітычная прыналежнасць Маладзечанскі абкам КПБ[d] і Маладзечанскі абласны Савет дэпутатаў працоўных[d]
Мова беларуская
Галоўны офіс

«Сяля́нская газе́та» — колішняя абласная газета Маладзечанскай вобласці. Выходзіла ў 1939 — 1960 гадах на беларускай мове.

Заснавана ў 1939 г. пад назвай «Вілейская праўда» (першы вядомы нумар — № 14 за 15.11.1939). З 17 лютага 1940 г. мела назву «Сялянская праўда». Друкавалася як орган Часовага ўпраўлення Вілейскай вобласці; Вілейскага аблвыканкама; Вілейскага абкама КП(б)‌Б і аблвыканкама; Вілейскага абкама, гаркама КП(б)‌Б і абласнога Савета дэпутатаў працоўных. Выходзіла да 22 чэрвеня 1941 г[1].

У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Вілейскага падпольнага абкама КП(б)‌Б. Выдавалася спачатку ў Суражскай партызанскай зоне на Віцебшчыне, з ліпеня 1943 г. — на Мядзельшчыне, у зоне дыслакацыі партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава (Вілейскай вобласці). У лютым 1943 г. была арганізавана абласная падпольная друкарня. Яна размяшчалася ў зямлянцы, дзе знаходзіліся друкарскія матэрыялы і абсталяванне, радыёпрыёмнік. Тут таксама выходзілі газеты «Молодёжная правда», «За победу» [орган Пастаўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б], лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро. Загалоўкі і ілюстрацыі для розных выданняў вырабляліся на лінолеуме і дрэве[1].

Вядома 60 нумароў газеты (№ 151 за 1942; № 152, 156–187 за 1943; № 1–30 за 1944) за перыяд з 22 студзеня 1942 г. да чэрвеня 1944 г., пераважна на беларускай мове. Асобныя нумары на беларускай і рускай мовах. Выпускала «Бюллетень “Сялянскай газеты”». Верагодна, № 151 за 1942 г. выйшаў 22 снежня, а не 22 студзеня (на экзэмплярах газеты маюцца адпаведныя выпраўленні ад рукі). Паводле іншых звестак, газета выходзіла ўжо з ліпеня 1942 г. Рэдактары: А. Ц. Васілеўскі (да 29.8.1943), М. П. Петухоў (з 17.10.1943)[1].

Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад той жа назвай. З 1 студзеня 1951 г. мела назву «Сталінскі шлях». У перыяд з 11 ліпеня 1956 г. па 30 мая 1957 г. называлася «Калгаснае жыццё», затым — «Чырвоны сцяг», орган Маладзечанскага абкама КПБ і абласнога Савета дэпутатаў працоўных. Выданне спынена на № 14 за 20 студзеня 1960 г. у сувязі са скасаваннем Маладзечанскай вобласці[1].

  1. а б в г «Сяля́нская газе́та» // Беларуская энцыклапедыя