Украінская хельсінкская група
Украінская хельсінкская група (укр.: Українська Гельсінська група) альбо Украінская грамадская група ў справе выканання Хельсінкскіх пагадненняў (укр.: Українська громадська група сприяння виконанню Гельсінських угод) — украінская арганізацыя абароны правоў чалавека.
Была заснавана 10 асобамі 9 лістапада 1976 года на ўзор Маскоўскай хельсінкскай групы. Арганізацыю ўзначаліў Мікола Рудэнка, а ў яе склад уваходзіла ўвогуле (у розныя часы) 37 асоб, між іншым: Аляксандр Берднік, Ніна Страката, Васіль Стус, Леўка Лук'яненка, Іван Кандыба, Надзея Свытлычна, Вячаслаў Чарнавіл, а таксама Святаслаў Караванскі, Аксана Паповіч, Аксана Мяшко, Іна Сенык, Пятро Січко, Даніла Шумук, Юрый Шухевіч, Міраслаў Марыновіч, Васіль Раманюк і Юзаф Зісельс.
Да канца 1980 года арганізацыя выдала 30 дэкларацый, апеляцый і іншых дакументаў па абароне правоў чалавека. З 1979 года ў ЗША дзейнічала Загранічнае Прадстаўніцтва УХГ.
У снежні 1976 года пачаліся ператрусы і допыты членаў групы, а ў студзені 1977 — арышты, да канца сакавіка 1981 года ўсе члены апынуліся ў вязніцы ці ў эміграцыі.
Напачатку 1988 года група аднавілася пад кіраўніцтвам Леўкі Лук'яненкі, у сакавіку 1988 ператварылася ва Украінскі Хельсінкскі Саюз.