Даўжыня цела 120—145 см, размах крылаў 130—165 см. Птушкі дасягаюць масы 3,4-4 кг. Самка меншая за самца.
Апярэнне ў дарослых самцоў і самак пяшчотна-ружовага колеру, крылы пурпурова-чырвоныя, махавыя — чорныя. Без пер’я — аброць і кольца вакол вачэй — чырвоныя. Дзюба ў асноўнай частцы — ружовая, на канцы — чорная. Маладыя птушкі бруднавата-шэрыя, з ружовым налётам. На кожнай назе па 4 пальцы. У палёце выцягвае шыю і ногі. Голас: гучнае, прарэзлівае «крок, грок», крыху падобнае да гогату гусей.
Арэал разарваны, з лакальнымі калоніямі ў паўднёвых Іспаніі і Францыі, на Сардзініі, узбярэжжах Каспійскага мора, у Малой і Паўднёвай Азіі, на захадзе Пакістана, у Афрыцы, на астравах Зялёнага Мыса, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, на Антыльскіх і Галапагоскіх а-вах. Сустракаецца ў дэльтах рэк, неглыбокіх, часта салёных азёрах, па берагах марскіх заток або на астравах сярод разліваў вады.
Паўднёвыя папуляцыі — аселыя, еўрапейскія — часткова аселыя, сярэднеазіяцкія — пералётныя, астатнія — аселыя. Залятае ў большасць еўрапейскіх краін, нават у Нарвегію, Швецыю, Фінляндыю. У некаторыя гады сустракаецца часцей (гэта могуць быць птушкі, якія ўцяклі з няволі). На Беларусі вельмі рэдкі, выпадкова залётны від.
Месца зімовак: паўднёвае ўзбярэжжа Каспійскага мора, Блізкі Усход, Паўднёвая Еўропа, Афрыка, Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка.