Таварыства філарэтаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Філарэты)

Таварыства філарэтаў (філарэт ад грэч. philaretos — аматар дабрачыннасці) — тайная суполка, канспіратыўнае таварыства студэнцкай моладзі ў Вільні ў 1820—1823 гадах.

Утварылася на пачатку 1820-х гадоў у Вышэйшым піярскім вучылішчы ў Полацку. Заснавальнікі — выкладчыкі вучылішча, былыя студэнты Віленскага ўніверсітэта Брадовіч і Львовіч.

Найбольш буйное маладзёжнае аб’яднанне ў складзе філаматаў (215 чалавек у жніўні 1822 года). Прэзідэнт — Томаш Зан.

Мэты аб’яднання — раскрыццё сапраўднага прызначэння навуковай дзейнасці, барацьба з адсталымі поглядамі ў розных слаях грамадства, фарміраванне школы паўнацэннага духоўнага выхавання моладзі. Паводзіны ўдзельнікаў таварыства рэгуляваліся 15 правіламі, напісанымі Ю. Яжоўскім для таварыства прамяністых.

Паводле Статута філарэты падзяляліся на 4 групы: фізіка-матэматычную, маральную, літаратурную і медыцынскую. Кожная група аб’ядноўвала каля 20 чалавек, для астатніх ствараліся гурткі — ружовы, зялёны, малінавы, белы, блакітны, сіні. Навуковая дзейнасць філарэтаў заключалася ў перакладах, напісанні ўласных твораў, перапісцы тайнага зместу з сябрамі.

У 1823 годзе таварыства філарэтаў раскрыта ўладамі, члены падвергліся ганенням.

У 2006 годзе Міхась Карпук напісаў карціну «Ля каменя філарэтаў»[1].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Адраджэнцы Беларусi | Змагары за Адраджэнне. adradjency.narod.ru. Праверана 14 красавіка 2024.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16), стар. 385.