Хутка-смачна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Хутка-смачна, або Хутка, смачна, або Хутка-смачна, па-беларуску — першая беларуская сетка фаст-фуду ў Мінску.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Нямецка-беларуская кампанія «Эбэрт-нарпіт» (ліквідавана ў жніўні 2006 г.) пачала ставіць кіёскі з надпісам «Хутка-смачна, па-беларуску» ў 1992 г. Кіёскі ўстанаўлівалі на людных скрыжаваннях і ля прыпынкаў транспарту: насупраць «Акадэмкнігі», на рагу вуліц Якуба Коласа і Сурганава, ля выхадаў са станцыі метро «Усход», «Магілёўская» і «Інстытут культуры», каля Палаца Спорту, каля магазіна «Акіян», на Нямізе і ў многіх іншых месцах. Сетка «Хутка-смачна» на дзесяць гадоў раней McDonald’s адправілася ў рэгіёны і адкрыла кіёск у Віцебску.

У 2001 годзе ў Мінску налічвалася 45 кіёскаў «Хутка-смачна», якія штодня прадавалі 40 тыс. хот-догаў, «Экспрэс-сэрвіс» не купляў прадукты, а меў уласную вытворчасць. Хот-догі ад «Экспрэс-сэрвісу» заставаліся самымі таннымі — 710—730 бел. рублёў. Гэтая кампанія вынайшла таксама гэткія стравы, як «хот-дог вясковы» з традыцыйнай беларускай кілбаскай (1270 бел.р.) ды «піца беларуская» (670 бел.р.). Але 15 студзеня 2002 году Менгарвыканкам прыняў пастанову «Пра ўладкаванне размяшчэння і функцыянавання раздробнага гандлю на тэрыторыі гораду Менску» ды прымусіў прыбраць 23 кіёскі. Кампаніі давялося звольніць 300 супрацоўнікаў, продажы ўпалі да 5 тыс. хот-догаў у дзень[1].

На пачатку 2006 года ў меню «Хутка-смачна» з’явіліся стравы з беларускімі назвамі, напрыклад, златка, луста і хадун, а таксама кілбаса «Вясковая» і «Гаспадар». Намеснік генеральнага дырэктара кампаніі «Экспрэс-сэрвіс 91» («Экспрэс-сэрвіс» быў перайменаваны ў «Экспрэс-сэрвіс 91» у кастрычніку 2001 года [2]), уладальніка сеткі крамаў «Сялянскія прысмакі» і бістро «Хутка-смачна» Канстанцін Туровіч наступным чынам тлумачыў назвы страў: «Луста — той самы бутэрброд, толькі ў нас гэта луста хлеба з салам ці паляндвіцай. Хадун, ці хот-дог, назвалі так, бо есці яго можна ідучы. З’еў — і хадзі цэлы дзень! Сялянскія прысмакі — кілбасы „Вясковая“, „Гаспадар“ — робяцца так, як яшчэ бабулі нашыя гатавалі. Усё робіцца з натуральных прадуктаў, без дамешкаў і штучных смакавых узмацняльнікаў. Златка — луста белай булкі з сырам і вяндлінай, палітая маянэзам ці кетчупам»[3].

У 2010 годзе сетка пачала абнаўляць свае ўстановы: дзе-нідзе замест чырвона-белых кіёскаў паставілі жоўта-аранжавыя павільёнчыкі, у якія можна было ўвайсці і з’есці златку, запіваючы колай, за стойкай з відам на вуліцу.

У снежні 2014-га па даручэнні старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца міліцыянеры правялі рэйд па кіёсках і выявілі, што тут па начах гандлююць алкаголем, у тым ліку прадаюць яго непаўналетнім. Начальнік ГУУС Андрэй Барсукоў прапанаваў забараніць прадаваць у «Хутка-смачна» алкаголь і піва нават днём. «Гэтыя кіёскі як бяльмо ў воку горада. Гэта вяртанне ў пачатак дзевяностых», — адзначыў ён. У сярэдзіне месяца забарона ўступіла ў сілу[4].

У студзені 2015-га Мінгандаль закрыў шэсць устаноў «Хутка-смачна» з-за парушэнняў: не выконваўся асартыментны пералік, парушаўся тэмпературны рэжым захоўвання паўфабрыкатаў, прадавалі прадукцыю са скончаным тэрмінам прыдатнасці; а падатковая знайшла парушэнні ў касавай дзейнасці. Тады ў сеціве іх заставалася 13. Зачыненыя кіёскі аднавілі працу ўжо ў пачатку лютага, але ўсё роўна іх паволі зачынялі.

Да лютага 2017-га у Мінску засталося толькі два кіёскі: на вуліцы Якуба Коласа і на Нямізе. Начальнік упраўлення гандлю і паслуг сталічнай мэрыі Ніна Емяльянава заявіла, што кіёскі «Хутка-смачна» састарэлі, што грамадскае харчаванне ў горадзе развіваецца і неабходнасць у гэтых кіёсках не такая вялікая[5].

У 2018 годзе на месцы былой міні-кавярні «Хутка-смачна» на скрыжаванні Якуба Коласа і Сурганава адкрылася шаўрмічная. Кампанія «Экспрэс-сэрвіс 91» здала памяшканне на Якуба Коласа ў арэнду. Вось што ён расказаў новы гаспадар Мухамед: «Шыльду мы пакуль пакінем. Цяпер заканчваем рамонт, і ў чацвер ці ў пятніцу адкрыемся. Будзем бясплатна частаваць шаурмой. Цяпер тут будуць прадаваць шаурму, фалафель, хот-догі, гарачыя напоі, сокі. Шаурма будзе каштаваць ад 4 да 9 рублёў. „Хутка-смачна“ ў тым выглядзе была ўжо нерэнтабельная. У іх не было ідэі, а ў нас — ёсць»[6].

У красавіку 2021 года ў СМІ з’явіліся фотаздымкі, як з вуліцы Няміга забралі апошні кіёск «Хутка-смачна»[7].

Зноскі