Чысцец (каталіцтва)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Чысцілішча)
Чысцец, малюнак 1419 г. невядомага мастака са Страсбурга

Чысцец, чысцілішча (лац.: Purgatorium) — паводле каталіцкага веравучэння, — стан, у якім знаходзяцца душы людзей, якія памерлі ў міры з Богам, але патрабуюць ачышчэння ад наступстваў грахоў, учыненых пры іх жыцці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вера ў чысцец выяўляецца ўжо ў старазапаветных яўрэяў. Таксама гэтае вучэнне заўсёды прымалася Каталіцкім Касцёлам.

Сам тэрмін «чысцец» быў уведзены толькі ў 13 стагоддзі, хоць многія раннія айцы царквы кажуць пра «ачышчальны агонь». У сваім трактаце «Аб горадзе Божым» св. Аўгусцін сцвярджае: «Але з тых, хто адбывае зямное пакаранне пасля смерці, ніхто не асуджаны на вечныя пакуты, якія наступяць пасля Суда; бо некаторым, як мы ўжо казалі, тое, што не было даравана ў гэтым свеце, можа быць даравана ў наступным. Гэта значыць, што яны не пакараныя вечна ў будучым свеце».

Згодна з вучэннем Каталіцкага Касцёла аб чыстцы, ахрышчаны, які здзейсніў злачынства і атрымаў прабачэнне або здзейсніў грэх, які застаецца недараваным, звычайна падлягае часовай кары на зямлі або пасля смерці. Гэта неабходна для ачышчэння душы, бо толькі праз святасць душа можа быць з Богам.

Цяжар лёгкіх грахоў не дазваляе бесперашкодна трапіць у Рай, а сам стан чыстца з’яўляецца праявай Божай Міласэрнасці, якая дазваляе чалавеку, які каецца ў грахах падчас смерці, прайсці стадыю ачышчэння і пасля яе трапіць на нябёсы.

Стаўленне ў іншых канфесіях[правіць | правіць зыходнік]

Праваслаўе прызнае неабходнасць малітваў за памерлых, але адмаўляе існаванне чыстца. Згодна з вучэннем Праваслаўнай Царквы, стан душы памерлых людзей з’яўляецца прадвызначэннем вечнай асалоды або вечных пакут. У той жа час праваслаўныя вераць, што Ўсяміласцівы Бог яшчэ можа паспрыяць вечнаму ўдзелу грэшнікаў і нават зрабіць іх суспадкаемцамі Царства Нябеснага, калі Царква і тыя, хто яшчэ жыве на Зямлі (іх сваякі або знаёмыя) старанна маліцца за гэтых грэшнікаў. Таму ў праваслаўных храмах моляцца за памерлых, памінаюць іх і прымаюць запіскі з імёнамі памерлых — за супакой іх душ.

Пратэстанты (Лютэр і Кальвін) адхілялі гэты канцэпт (хаця напачатку, у 95 тэзісах, Лютэр захоўваў вернасць шэрагу каталіцкіх догматаў, у тым ліку пра чысцец).

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

У першыя дзесяцігоддзі XIV стагоддзя (задоўга да таго, як чысцец стаў каталіцкім догматам), Дантэ ў сваёй «Боскай камедыі» падрабязна апісаў структуру чыстца.