Перайсці да зместу

Эвернія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эвернія

Эвернія слівавая (Evernia prunastri)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Evernia

Сінонімы
Everniomyces Cif. & Tomas.,
Hologymnia Nyl.

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  190657
NCBI  87256
EOL  22708
MB  1954

Эве́рнія (Evernia) — род кусцістых лішайнікаў сямейства Пармеліевыя (Parmeliaceae).

Слаявіна (талом) даўжынёю 8–25 (часам да 30) см, бародападобная, павіслая, мяккая, прымацавана да субстрату слаба выяўленай асновай або ляжыць свабодна. Мае зеленаваты, шаравата-белаваты ці жаўтаваты колер. Лопасці шырынёй да 2–4 мм мяккія, вуглавата-акруглыя або плоскія, стужкападобныя, са шматлікімі сарэдыямі па краі. Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца рэдка. Сумкі падоўжаныя, споры яйцападобныя.

Змяшчае лішайнікавыя кіслоты: уснінавую і дыварыкатавую.

Вядома каля 10 відаў, шырока распаўсюджаны ва ўмераных зонах Паўночнага паўшар’я. На Беларусі 3 віды: эвернія мезаморфная (Evernia mesomorpha), распасцёртая (Evernia divaricata) і слівавая (Evernia prunastri). Лішайнік расце на ствале і галінах елкі, рэдка на кары ліставых парод у вільготных старых яловых і ялова-ліставых лясах (даўгамошныя і прыручаёва-травяныя тыпы лясоў).

3 эверніі слівавай (т.зв. «дубовы мох») атрымліваюць сыравіну для антыбіятычнага прэпарату «Эвазін», на аснове канцэнтраванага спіртавога экстракту вырабляюць духі, адэкалон, пудру, крэмы, мыла і інш.