Перайсці да зместу

Эпенштайны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Эпенштэйны)
Герб Бабенбергаў, атрыманы ў спадчыну ад Эпенштайнаў. Scheiblersches Wappenbuch, 1450—1480

Эпенштайны (ням.: Eppensteiner) — нямецкая дынастыя эпохі ранняга Сярэднявечча, прадстаўнікі якой кіравалі ў Карынтыі ў 10111035 і 10731122 гг., лічыцца першай нацыянальнай карынтыйскай дынастыяй.

Назва роду паходзіць ад замка Эпенштайн, размешчанага ў паўднёва-заходняй часткі сучаснай федэральнай землі Штырыя непадалёк ад горада Обдах. Верагодна продкі Эпенштайнаў былі выхадцамі з Баварыі, якія перасяліліся ў Карантанскую марку ў X стагоддзі. Каля 930 г. згадваецца нейкі Маркварт Эпенштайн, які валодае землям у даліне Муры ў Штырыі. Ён стаў заснавальнікам новага арыстакратычнага роду, які неўзабаве набыў дамінуючы ўплыў у Карантанскай марцы. Яго сын Маркварт II ажаніўся з Хадэмундай Санкт-Эберсберг, прадстаўніцай знатнага баварскага роду і спадчынніцы замка Солкан у Гарыцы. Гэты Маркварт II, відаць, атрымаў тытул маркграфа Карантанскай маркі.

Сын Маркварта II, Адальбера зблізіўся з германскім імператарам Генрыхам II і ажаніўся з дачкой герцага Швабіі. Гэта рэзка ўзмацніла пазіцыі Эпенштайнаў і ў 1011 г. Адальбера атрымаў ад імператара карону герцагства Карынтыі, якая ўключала тады тэрыторыі ад Вероны да Аўстрыі і ад Зальцбурга да Харватыі. Але ў 10341035 гг. Адальбера падняў паўстанне супраць імператара Конрада II, быў разбіты і скінуты з прастола. На працягу наступных сарака гадоў цэнтральная ўлада ў Карынтыі знаходзілася ў заняпадзе: імператары перадавалі герцагства сваім набліжаным, якія атрымлівалі адпор мясцовай знаці і не маглі ўмацавацца на прастоле. У гэты перыяд Эпенштайны на чале з Марквартам III, сынам Адальбера і графам Гарыцкім, з'яўляліся галоўнай апазіцыйнай сілай імперскаму ўплыву ў дзяржаве.

Толькі ў 1076 г. імператар Генрых IV зацвердзіў Маркварта III у якасці новага герцага Карынтыі. У наступным годзе яго спадчыннікам стаў яго старэйшы сын Луітпольд, а ў 1090 г. на прастол узышоў малодшы сын Маркварта Генрых III. Пры гэтых кіраўніках Карынтыя перажывала палітычны крызіс: ад яе імператарам былі адрынуты Верона (1076), Фрыўлі (10771093), Істрыя (1093), Крайна (1077), Гарыца (пачатак XII ст.). Карантанская марка (Штырыя) таксама выйшла з падпарадкавання (канчаткова ў 1122 г.). У выніку тэрыторыя дзяржавы паменшылася больш як у чатыры разы, а аўтарытэт герцагаў рэзка зваліўся. Генрых III пацярпеў паражэнне ў барацьбе з царкоўнымі феадаламі, спрабуючы ўсталяваць сваю ўладу над значнымі царкоўнымі ўладаннямі ў герцагстве. Адначасова ўзмацніліся пазіцыі суседніх з Карынтыяй дзяржаў — Аўстрыі, Штырыі, графаў Андэкскіх.

Са смерцю Генрыха III у 1122 годзе дынастыя Эпенштайнаў згасла. Прастол Карынтыі атрымаў у спадчыну сын яго сястры Генрых IV са штырыйскага роду Шпангаймаў, які заснаваў новую дынастыю на карынтыйскім прастоле. Гарыца ўжо ў канцы X стагоддзе была перададзена графам Пустэрталь-Лурна з Падраўскай маркі, род якіх з тых часоў атрымаў назву Гарыцкага (будучыя графы Ціроля і герцагі Карынтыі).

Радавая пахавальня герцагаў Карынтыі з роду Эпенштайнаў знаходзіцца ў манастыры Санкт-Ламбрэхт у паўднёва-заходняй Штырыі, заснаваным Марквартам III у 1076 г.