Андэкская дынастыя
Андэкская дынастыя (ням.: Andechser) — нямецкі ўладарны род, які дамінаваў на паўднёвым усходзе Свяшчэннай Рымскай імперыі Нямецкай нацыі ў другой палове XII—пачатку XIII стагоддзя. Атрымаў назву па радавым замку Андэкс у Баварыі.
Прадстаўнікі Андэкскай дынастыі валодалі велізарнымі ўладаннямі ў Верхняй Баварыі, Франконіі, Ціролі, займалі прастолы маркграфства Істрыя (1171—1230), патрыярхата Аквілеі (1218—1251), герцагства Меранскага (1180—1248) і пфальцграфства Бургундскага (1208—1248).
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне роду Андэксаў да канца не вывучана. Паводле адной з версій, іх продкам быў Бертольд II, граф Дысен (пам. 1060), унук Бертольда I (пам. 960), пфальцграфа Баварскага з дому Луітпольдзінгаў. Паводле іншай легенды, першыя графы Андэкскія паходзілі ад карантанскіх кіраўнікоў Істрыі з дому Рапота. Яшчэ адна тэорыя выводзіць радавод Андэксаў ад графа Раса, які кіраваў у Верхняй Баварыі ў сярэдзіне X стагоддзя.
У самым пачатку XII стагоддзя большая частка Верхняй Баварыі ўздоўж рэк Амтэр, Ізар і Ін уваходзіла ў склад графства Дысен, цэнтрам якога быў аднайменны замак на паўднёвы ўсход ад возера Амерзэе. У 1132 годзе замак Дысен быў перададзены царкве, а само графства прыкладна ў гэты ж час было падзелена паміж двума братамі — Атонам II, які атрымаў у спадчыну ўсходнія вобласці з цэнтрам у Вольфратсгаўзене, і Бертольдам II, які выбраў сваёй рэзідэнцыяй Андэкс і стаў заснавальнікам лініі Дысен-Андэкс.
Графы Дысен-Андэкс
[правіць | правіць зыходнік]Дзякуючы свайму шлюбу са спадчынніцай роду Формбах, Бертольд II стаў уладальнікам вялікіх зямельных уладанняў ва Усходняй Франконіі (будучы Верхні Пфальц). Першая жонка Бертольда II паходзіла з роду маркграфаў Істрыі, што дало магчымасць яго сынам высунуць прэтэнзіі на гэта княства. Старэйшы сын Бертольда граф Попа сканаў у 1148 годзе ў Канстанцінопалі ў час крыжовага паходу ў Святую зямлю. Яго малодшы брат Ота стаў у 1165 годзе біскупам Брыксена, а ў 1177 годзе біскупам Бамберга. Ён адыгрываў значную ролю ў барацьбе паміж імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі і Папам Рымскім і за сваю падтрымку імператара Фрыдрыха I атрымаў тытул герцага Франконіі.
Пасля смерці Бертольда II у 1151 годзе яго ўладання атрымаў у спадчыну сярэдні сын графа Бертольд III (1122—1188). У 1177 годзе, пасля смерці маркграфа Істрыі з дынастыі Шпангаймаў, Бертольд III далучыў Істрыю і землі ў Крайне да сваіх уладанняў, стаўшы такім чынам адным з найбольш уплывовых феадалаў паўднёва-ўсходніх граніц імперыі.
Герцагі Меранскія
[правіць | правіць зыходнік]Сын і спадчыннік маркграфа Бертольда Бертольд IV (1153—1204) атрымаў у 1180/1183 годзе тытул герцага Меранскага (ад ням.: Meer — мора) з землямі вакол прыморскага горада Рыека. Аб'яднаўшы пад сваёй уладай велізарныя тэрыторыі ад Істрыі да Франконіі Бертольд IV стаў цэнтральнай фігурай у палітычным жыцці паўднёвай Германіі на мяжы XII—XIII стагоддзяў. Пры ім Андэкская дынастыя дасягнула свайго зеніту. Бертольд IV быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў імператара Генрыха VI, удзельнічаў у яго ўварваннях у Італію і Трэцім крыжовым паходзе. Сярод васьмі дзяцей герцага Бертольда — Агнеса Меранская, каралева Францыі, жонка Філіп II Аўгуста; Гертруда, каралева Венгрыі; Святая Ядвіга; Эгберт, біскуп Бамберга, і Бертольд V, патрыярх Аквілеі.
Старэйшы сын Бертольда IV Атон I (пам. у 1234 годзе) атрымаў у спадчыну ў 1204 годзе ўладання свайго бацькі, а, ажаніўшыся ў 1208 годзе з Беатрыс Гогенштаўфен, спадчынніцай пфальцграфства Бургундскага, далучыў да сваіх уладанняў Франш-Кантэ. Але ў тым жа годзе Атон і яго брат Генрых прынялі ўдзел у арганізацыі забойства германскага караля Філіпа Швабскага, за што былі трапілі ў няміласць і страцілі Істрыю. Толькі ў 1215 годзе істрыйскія ўладання былі вернуты Атону I. У перыяд кіравання Атона цэнтр Меранскага герцагства перамясціўся ў Ціроль, дзе ў 1234 годзе быў заснаваны новы горад Інсбрук, які неўзабаве стаў адміністрацыйным цэнтрам гэтай вобласці.
Канец дынастыі
[правіць | правіць зыходнік]Сын і спадчыннік Атона I Атон II (1218—1248) сутыкнуўся са значнымі праблемамі ў сваіх уладаннях у Бургундыі і Франконіі, на якія высоўвалі прэтэнзіі суседнія дзяржавы. У Ціролі яму супрацьстаялі біскупы Брыксена і Трэнта, што вымусіла герцага пайсці на дынастычны саюз з невялікім Цірольскім графствам, заключыўшы ў 1234 годзе пагадненне аб сумесных дзеяннях супраць біскупаў і пераходзе па спадчыне ўладанняў Атона да графаў Ціроля.
Атон II не меў дзяцей і з яго смерцю ў 1248 годзе мужчынская лінія Андэкскай дынастыі згасла. Уладанні герцагаў Меранскіх былі падзелены паміж далёкімі сваякамі Андэксаў: Істрыя адышла да патрыярха Аквілейскага, паўночна-цірольскія землі з Інсбрукам — да графаў Ціроля, Кобург — да графаў Генеберга, Усходняя Франконія — да графаў Орламюндэ, Верхняя Баварыя — да герцагаў Баварыі з дому Вітэльсбахаў, Крайна — да герцагам герцагаў, Ліхтэнфельс быў далучаны да біскупства Бамберг, а Франш-Кантэ зноў стала незалежным пад уладай сястры Атона II Адэльгейды.
Андэкскай дынастыі не ўдалося стварыць трывалае дзяржаўнае ўтварэнне са сваіх уладанняў, раскіданых па ўсёй паўднёва-ўсходняй Германіі. Гэта змаглі дасягнуць іх пераемнікі, якія акруглілі свае землі за кошт былых уладанняў Андэксаў, — Вітэльсбахі і графы Цірольскія. Тым не менш кіраванне герцагаў Меранскіх пакінула прыкметны след у гісторыі рэгіёна. На іх час выпаў пачатак бурнага развіцця Ціроля і пік эканамічнага і палітычнага ўплыву Істрыі.
Спіс графаў Андэкскіх і герцагаў Меранскіх
[правіць | правіць зыходнік]Кіраўнік | Гады кіравання | Тытулы |
---|---|---|
Графы Андэкскія | ||
Бертольд II | 1130-е—1151 | граф Дысена, Пласенбурга (Усходняя Франконія) і Штэйна (Крайна) |
Бертольд III | 1151—1188 | маркграф Істрыі (c 1177), граф Пласенбурга і Крайны |
Герцагі Меранскія | ||
Бертольд IV | 1180—1204 | маркграф Істрыі і Крайны, граф Пласенбурга і Андэкса |
Атон I | 1204—1234 | пфальцграф Бургундыі (c 1231), граф Пласенбурга і Андэкса |
Генрых VI | 1204—1208 | маркграф Істрыі і Крайны |
Атон II | 1234—1248 | пфальцграф Бургундыі, маркграф Істрыі і Крайны, граф Пласенбурга і Андэкса |