22-і літоўскі пяхотны полк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

22-і пяхотны полк — полк лінейнай пяхоты, створаны загадам Напалеона летам 1812 года з рэкрутаў і добраахвотнікаў земляў былога Вялікага княства Літоўскага.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Шэфам палка быў прызначаны Станіслаў Чапскі. Заступнікам яго быў Ігнацы Вінцэнт Гільхен (Ignacy Wincenty Hilchen), былы капітан польскіх легіёнаў у Італіі, шэфамі батальёнаў сталі Антоні Мяшкоўскі (Antoni Mieszkowski) — былы капітан 8-га пп, Кастанты Лашэўскі (Konstanty Łaszewski) — былы капітан 6-га пп, Язерскі (Jezierski) і Бітнэр (Bitner) — дзе служылі раней, не вядома. Цэнтрам фармавання быў Менск. Кантаністы з прыгонных сялян набіраліся ў асноўным з Менскага дэпартамента.

Першы бой полк прыняў 13 лістапада 1812 года пад Новым Свержанем, дзе ад генерала Ламберта пацярпеў паразу. Рэшткі палка з баямі адышлі ў Менск і былі накіраваны ў Барысаў для ўзмацнення гарнізона Барысаўскай крэпасці. 18 лістапада 1812 года гарнізон крэпасці разбіты, рэшткі палка пераправіліся на левы бераг Бярэзіны. Пасля заняцця Барысава французамі вялікалітоўскія жаўнеры далучыліся да еўрапейскіх аддзелаў, з якімі пераправіліся ў Студзёнцы на правы бераг ракі. Падчас Стахаўскай бітвы 26-28 лістапада 1812 года рэшткі палка знаходзіліся ў рэзервах, удзелу ў гэтай бітве не бралі, але, магчыма, удзельнічалі ў апошняй бітве пад Касцюкамі, дзе абаранялі масты праз Гайну. Жаўнеры палка з Вільні адышлі ў Варшаву, потым далучыліся да гарнізона Модліна, які склаў зброю 25 снежня 1813 года.

Строй[правіць | правіць зыходнік]

Строй узору 1810 года, як у войску Герцагства Варшаўскага. Курткі гранатавыя з кармазінавымі кантамі. Рабат белы. На рагатыўках ці ківерах над нумарной бляхай Арол з Пагоняй. У 1813 годзе, напэўна, Пагоня.

Сцягі палкавыя[правіць | правіць зыходнік]

Не захаваліся. Гембаржэўскі апісваў сцяг 19-га пяхотнага палка як чырвона-блакітны з белым Арлом. Напэўна, сцяг 22-га пяхотнага палка быў падобны. У Варшаве захоўваюцца чырвона-блакітныя сцягі з Арлом без нумара палка з часоў 1812 года. Напэўна, сярод іх ёсць сцягі палкоў, сфарміраваных на тэрыторыі былога ВКЛ.

Артэфакты з музеяў і прыватных калекцый[правіць | правіць зыходнік]

У прыватных калекцыях знаходзяцца гузікі гэтага палка вялікія і малыя. Гузікі латунныя, выпуклыя, з падвойным кантам, ножка пляскатая свідраваная. На гузіку лічба 22 ў лаўрах.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]