Beatport

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Beatport — амерыканская музычная анлайн-крама, арыентаваная на электронную музыку, належыць амерыканскай кампаніі LiveStyle. Кампанія базуецца ў Дэнверы, Лос-Анджэлесе і Берліне. Beatport арыентаваны насамперш на дыджэяў, бо на дадзеным рэсурсе прадаюцца як гатовыя трэкі, гэтак і выточныя файлы, якія можна скарыстаць для стварэння рэміксаў.

Інтэрнэт-крама была заснавана ў 2004 годзе, а ў 2013 была куплена кампаніяй SFX Entertainment за 50 мільёнаў даляраў. 1 лютага 2016 года кампанія SFX Entertainment падала заяву на банкруцтва, а Beatport быў выстаўлены на продаж. Аднак у траўні 2016 года SFX Entertainment прыпыніла аўкцыён па продажы кампаніі. Кампаніяй былі распачаты меры па скарачэнні выдаткаў. Кіраўніцтва кампаніі прыняло развязак сканцэнтраваць сваю дзейнасць на продажы музыкі, адключыўшы пры гэтым магчымасць струменевага прайгравання. Дадзеныя меры дазволілі выйсці з банкруцтва Beatport і стаць прыбытковым, а кампанія SFX Entertainment у выніку рэарганізацыі стала называцца LiveStyle.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Папярэдні лагатып Beatport, які выкарыстоўваўся з 2004 па 2021 год.

2004—2006: Заснаванне[правіць | правіць зыходнік]

Першая версія інтэрнэт-крамы Beatport, Beatport 1.0, была запушчана 7 студзеня 2004 года і налічвала 79 гуказапісных кампаній электроннай музыкі ў сваім каталозе. Паўгода апасля Beatport пачаў атрымваць прызнанне пасля некалькіх супольных прац з вядомымі дыджэямі і партнёрства з кампаніяй Native Instruments. У студзені 2005 года была выпушчана абноўленая версія Beatport 2.0 з каталогам, які меў больш за 100 000 трэкаў, выпушчаных 2700 лэйбламі, што падпісалі кантракт. Beatport таксама стаў даступны праз зменшаны графічны інтэрфейс, убудаваны ў праграмнае забеспячэнне для дыджэяў: праграму Traktor DJ Studio ад Native Instruments. 7 жніўня 2006 года Beatport выпусціла Beatport 3.0 Fully Loaded, трэццю версію сваёй арыгінальнай крамы, у якой былі палепшаны навігацыя, з’явілася індывідуальная падпіска на кантэнт праз My Beatport і новыя спосабы аплаты.

2007—2008: Beatport Player[правіць | правіць зыходнік]

У лютым 2007 года Beatport запусціла Beatport Player — віджэт для прайгравання кантэнту па выканаўцах, лэйблах, жанрах і чартах. Створаны з выкарыстаннем Adobe Flash і HTML, прайгравальнік дае карыстачам магчымасць ствараць наладжвальныя дынамічныя плэйлісты з прэўю песень з каталога Beatport для ўбудавання практычна ў хоць які ўэб-сайт HTML.

У жніўні 2007 года Beatport запусціў арыентаваны на супольнасць фанатаў музычны партал Beatportal, заяўленай мэтай якога з’яўляецца «магчымасць падаваць меламанам найсвежую інфармацыю пра свет электроннай музыкі». Працягваючы ідэю сайта, арыентаванага на супольнасць фанатаў, Beatport 18 сакавіка 2008 года прэзентаваў сваю прэмію Beatport Music Awards. Кожны год карыстачы Beatport могуць галасаваць за лепшых выканаўцаў электроннай музыкі. BMA разбіта на 19 катэгорый, улучаючы катэгорыі найлепшых выканаўцаў па кожным жанры, найлепшы рэмікс і найлепшы сінгл. Кандыдаты на BMA падбіраюцца вылучна на разліках колькасці продажаў у Beatport.

2009—2012: Новы Beatport[правіць | правіць зыходнік]

Трэцяя версія інтэрнэт-крамы пад назвай «The New Beatport» была выпушчана 21 студзеня 2009 года. На сайт было дададзена мноства функцый, улучаючы ўбудаваныя выявы ў тэгі купленых трэкаў, новую сістэму абранага пад назвай «My Beatport», гарачыя клавішы і падтрымку розных моў. З абнаўленнем было інтэгравана пашырэнне Adobe Flex 3, што падаецца кампаніяй RealEyes Media. 14 ліпеня 2011 года Beatport запусціў свой ўэб-сайт на мове HTML5 з новымі функцыямі, дызайнам і новай платформай.

Гадавы прыбытак Beatport за 2012 год, як паведамляецца, склаў каля 15-18 мільёнаў даляраў пры стратах у 2 мільёны даляраў.

2013–2015: Купля кампаніяй SFX Entertainment[правіць | правіць зыходнік]

У лютым 2013 года Beatport быў набыты Робертам Сіллерманам, галовай кампаніі SFX Entertainment, кангламератам, што спецыялізуецца на EDM-імпрэзах, у прыватнасці на фэстах і прамоўтарах. Апроч таго, Beatport абвясціў, што будзе супрацоўнічаць з сэрвісам распазнання музыкі Shazam для індэксацыі свайго каталога. У снежні 2013 года кампанія звольніла 20 супрацоўнікаў у офісе ў Дэнверы і шэсць у Сан-Францыска, па паведамленнях, пакінуўшы тэхнічную інфраструктуру аб'екта, якая падтрымваецца толькі невялікай камандай.

Знаходзячыся ва ўласнасці SFX, Beatport пачаў пераарыентоўвацца з танцавальных трэкаў на EDM-культуру ў цэлым. 6 студзеня 2014 года Clear Channel Media and Entertainment (цяпер вядомая як iHeartMedia) абвясціла, што ў рамках шырэйшага маркетынгавага партнёрства з SFX яна запусціць Beatport Top 20 для сваіх папулярных сучасных радыёстанцый. Супрацоўнікі Clear Channel, улучаючы Джона Сайкса, лічылі, што ўгода (асабліва шоу Beatport Top 20) дапаможа забяспечыць больш высокі ровень нацыянальнай дасведчанасці пра цяперашніх і будучых выканаўцаў EDM.

У снежні 2014 года Beatport абнавіў свой ўэб-сайт, каб прыцягнуць увагу прыхільнікаў папулярнай электроннай музыкі, дадаўшы арыгінальны кантэнт (прыкладам, навінавыя артыкулы), а таксама простыя трансляцыі шоу і асвятленне фэстаў. Апроч таго, Beatport запусціў дармовы сэрвіс струменевай перадачы музыкі, які дазволіў карыстачам трансляваць поўнафарматныя песні з бібліятэкі Beatport, а таксама куратарскія плэйлісты і чарты. Генеральны дырэктар Beatport Грэг Кансыл'ё і выканаўчы крэатыўны дырэктар Кларк Уорнер вытлумачылі, што толькі 300 000 з 50 мільёнаў унікальных карыстачоў сайта фактычна купілі музыку праз сэрвіс, і што большасць карыстачоў заміж гэтага скарысталі абмежаваныя па часе ўзоры трэкаў у краме Beatport для пошуку музыкі. У сакавіку 2015 года на сайце быў запушчаны мабільны дадатак са струменевым сэрвісам і функцыяй «Beatport Shows», якая асвятляе хуткія падзеі і забяспечвае інтэграваны доступ да куплі квіткоў. Стрымінгавы сэрвіс падтрымваецца крамай Beatport, якая была пераназвана ў Beatport Pro (разам з кліенцкім праграмным забеспячэннем для настольных ПК) і па-ранейшаму арыентаваны насамперш на прафесіяналаў.

2016-цяперашні час: Рэарганізацыя SFX Entertainment, LiveStyle[правіць | правіць зыходнік]

Страты Beatport у 2015 годзе склалі 5,5 млн даляраў ЗША. У сакавіку 2016 года ў рамках банкруцтва кампанія SFX абвясціла, што плануе выставіць на аўкцыён Beatport і лічбавую фірму Fame House (апошняя ў канчатковым выніку прададзена Universal Music Group), каб засяродзіцца на арганізацыі жывых выступаў. 10 траўня 2016 года Beatport абвясціў, што аўкцыён кампаніі быў прыпынены, і заміж гэтага яны адмовяцца ад шэрага функцый, каб засяродзіцца вылучна на сваім бізнесе па продажы музыкі, што прывяло да спынення працы функцый струменевага прайгравання, простага эфіру і прыпынку вытворчасці арыгінальнага кантэнту. Кампанія таксама абвясціла пра звальненні ў звязку з рэструктурызацыяй, у выніку якіх 49 супрацоўнікаў пакінулі штат.

У верасні 2016 года італьянскі гуказапісны лэйбл Art & Music Recording заклікаў правесці расследаванне цверджанняў пра тое, што трэція бакі штучна завысілі колькасць загрузак некалькіх сваіх песень на Beatport, што прымусіла Beatport выдаліць песні ў адпаведнасці з палітыкай, якая забараняе лэйблам здзяйсняць набыткі трэкаў для падвышэння іх папулярнасці ў чартах.

У снежні 2016 года SFX выйшла з банкруцтва пад новым кіраўніцтвам і пераназвана ў LiveStyle. Генеральны дырэктар кампаніі Рэндзі Філіпс (які раней працаваў у AEG Live) заявіў, што Beatport ізноў стаў прыбытковым.

У кастрычніку 2017 года Роб МакДэніэлс быў прызначаны генеральным дырэктарам Beatport.

У траўні 2019 года Beatport анансаваў дзве новыя паслугі па падпісцы, прызначаныя для прафесійных дыджэяў: Beatport Link – гэта струменевы сэрвіс, што дазваляе трансляваць музыку з бібліятэкі платформы наўпрост у падтрыманае праграмнае забеспячэнне для дыджэяў. Pioneer DJ выступіў у якасці партнёра па запуску, прапанаваўшы інтэграцыю праз свой нядаўна распрацаваны мабільны дадатак WeDJ і абвясціўшы, што Rekordbox будзе падтрымваць Link пазней сёлета. Beatport таксама анансаваў Beatport Cloud, у якім ёсць папярэдняе праслухоўванне трэкаў цаліком, інтэрфейс кіравання і неабмежаваная колькасць паўторных загрузак купленых песень.

2019: Beatsource[правіць | правіць зыходнік]

У лютым 2019 года Beatport абвясціў пра стварэнне супольнага прадпрыемства з кампаніяй DJcity, занятай лічбавымі музычнымі запісамі, у выніку чаго была створана Beatsource – платформа для раздробнага гандлю лічбавай музыкай. Прыкладна ў той час у Beatport было 450 000 актыўных кліентаў-дыджэяў і 35 мільёнаў унікальных наведнікаў штогод. У жніўні 2019 года прадусар і дыджэй A-Trak увайшоў у раду менеджараў у якасці дарадцы.

Музычны каталог[правіць | правіць зыходнік]

На момант запуску Beatport прапанаваў кліентам па ўсім свеце трэкі ад 79 лэйблаў электроннай музыкі. За мінулыя гады кампанія вырасла і пашырыла свой музычны каталог, уключыўшы ў яго больш выканаўцаў і прадстаўнікоў розных электронных жанраў, такіх як хаўс, тэхна, драм-н-бэйс і дабстэп.

Продажы сэмплаў і рэміксаў у падзеле «Beatport Sounds» выраслі з гадавога прыбытку ў 600 000 даляраў у 2010 годзе да 39,1 мільёна даляраў у 2015 годзе.

Аўтарскія правы[правіць | правіць зыходнік]

Усе трэкі на Beatport падаюцца без DRM-абароны. Няма абмежаванняў ні на колькасць прылад, на якія можа быць перададзена купленая песня, ні на колькасць разоў, калі асобная песня можа быць запісана на кампакт-дыск.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Міжнародная танцавальная музычная прэмія
  • 2006: Найлепшы раздробны прадаўнік танцавальнай музыкі і найлепшы спецыялізаваны раздробны прадаўнік танцавальнай музыкі
  • 2007: Найлепшы прадаўнік танцавальнай музыкі
  • 2008: Найлепшая спецыялізаваная крама танцавальнай музыкі
  • 2009: Найлепшы ўэб-сайт танцавальнай музыкі (узнагароджаны Beatportal.com) і найлепшая спецыялізаваная крама раздробнага гандлю
  • 2010: Найлепшы ўэб-сайт танцавальнай музыкі (прысуджаны Beatportal.com) і найлепшая спецыялізаваная крама танцавальнай музыкі
  • 2011: Найлепшая спецыялізаваная крама танцавальнай музыкі
  • 2012: Найлепшая спецыялізаваная крама танцавальнай музыкі
  • 2013: Найлепшы раздробны прадаўнік EDM/танцавальнай музыкі
  • 2014: Найлепшы прадаўнік EDM/танцавальнай музыкі