Кактусавыя
Кактусы | ||||||||||||||
Ferocactus pilosus, які расце на поўдзень ад Сальтыльа, Каауіла, на паўночны ўсход Мехіка | ||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| ||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||||
|
Кактусы[3], таксама Кактусавыя (Cactaceae) — сямейства шматгадовых сукулентных раслін з парадку гваздзікакветныя.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Шматгадовыя травяністыя, кустовыя, радзей дрэвападобныя формы ўвышыню ад 2-5 см да 10-12 м. Сцяблы сакавітыя, зялёныя (выконваюць функцыі фотасінтэзу і транспірацыі), калонападобныя, шарападобныя ці, іншы раз, сплюшчаныя і раздзеленыя на членікі (апунцыя (Opuntia)), большай часткай пакрытыя калючкамі. На сцяблах маюцца рэбры ці сасочкі — відазмененыя асновы лістоў. Лісты ў большасці кактусавых адсутнічаюць, у некаторых рэдукаваны да вельмі дробных, шылападобных утварэнняў (апунцыя) ці лусак (рыпсаліс (Rhipsalis)); развітыя лісты ёсць толькі ў пярэскіі (Pereskia). Для кактусавых характэрны так званыя арэолы — відазмененыя пазушныя пупышкі, якія нясуць калючкі і валаскі. Калючкі маюць ліставое паходжанне і гамалагічныя пупышкавым лускам.
Кветкі адзіночныя, рэдка ў верхавінных суквеццях (пярэскія (Pereskia)), часта буйныя і ярка афарбаваныя. Калякветнік не дыферэнцыраваны на чашалісцікі і пялёсткі. Тычынкі шматлікія (напрыклад, у карнегіі да 3500); гінецэй з 3 ці многіх пладалісцікаў; размяшчаюцца на гіпантыі; плады ягадападобныя, сакавітыя, у многіх відаў ядомыя. Многія кактусавыя цвітуць позна ўвечары ці ноччу. Апыляюцца насякомымі, птушкамі (у тым ліку калібры), рэдка кажанамі. Для фрайлеі (Frailea) вядома клейстагамія.
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Падзяляецца на чатыры падсямействы. Налічваецца каля 3000 відаў.
Пашырэнне
[правіць | правіць зыходнік]Лічыцца, што кактусы вылучыліся эвалюцыйна каля 30-40 млн гадоў таму, калі Паўднёвая Амерыка і Афрыка былі ўжо значна разнесеныя адзін ад адной тэктанічнымі працэсамі, але Паўночная Амерыка яшчэ не была злучаная з Паўднёвай. Хоць выкапнёвых рэштак кактусаў на сённяшні дзень не знойдзена, лічыцца, што ўзніклі яны ў Паўднёвай Амерыцы і адносна нядаўна — 5-10 мільёнаў гадоў таму — распаўсюдзіліся на паўночны кантынент.
Растуць ў саванах, трапічных і субтрапічных, большай часткай горных абласцях (да 4500 м над узроўнем мора), у пустынях Амерыкі. Эпіфітныя кактусавыя растуць у трапічных лясах Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі. Рыпсаліс (Rhipsalis) сустракаецца ў трапічнай Афрыцы, на астравах Мадагаскар, Шры-Ланка, Маскарэнскіх (верагодна, занесены). Некаторыя кактусавыя, галоўным чынам апунцыя (Opuntia), натуралізаваліся ў Аўстраліі, Індыі, краінах Міжземнамор’я.
Выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Кактусавыя на іх радзіме выкарыстоўваюцца ў ежу (плады і мякаць сцёблаў), як паліва, як лёгкі будаўнічы матэрыял, для медыцынскіх мэт (лафафора (Lophophora), селяніцэрэус (Selenicereus)). Кактусавыя — таксама дэкаратыўныя, аранжарэйныя і пакаёвыя расліны. Выведзеныя бескалючкавыя формы выкарыстоўваюцца як кармавыя расліны.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
- ↑ Напісанне Кактусы, Кактусавыя ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.7. Мн., 1998, С.445
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6