Dewajtis

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Dewajtis
Аўтар Марыя Радзевіч
Жанр novel of manners[d]
Мова арыгінала польская
Выпуск 1889

Дэвайціс. Сучасны раман (польск.: Dewajtis. Powieść współczesna) — пазітывісцкі побытавы раман Марыі Радзевічоўны, выданы ў 1889 годзе.

Узнагароджаны ў літаратурным конкурсе «Kuriera Warszawskiego», дзе і надрукаваны ўпершыню (№ 121—256). Кніга выйшла ў 1889 годзе ў выдавецтве «Kuriera», да 1939 года часта выдаваўся з падзагалоўкам «Сучасны раман узнагароджаны на конкурсе „Kuriera Warszawskiego“». Да канца XIX ст. перавыданы яшчэ двойчы, пры жыцці аўтаркі выданы 13 разоў толькі па-польску. Таксама былі шматлікія пераклады на іншыя мовы — на літоўскую (1890), нямецкую (1894), сербскую (1896), англійскую (1901), французскую (1904), венгерскую (1912), чэшскую (1921), славацкую (1933). У Польшчы таксама адаптаваны для сцэны (1910) і як радыёп’еса (1969)[1]. У гады 2-й сусветнай вайны і акупацыі публікаваўся і за мяжой (Лондан 1943; Чыкага, Палестына 1944; Рым 1945). У пасляваенны час найбольшая колькасць выданняў выходзіла ў рэдакцыі Wydawnictwa Literackiego; цяпер шырока чытаецца і перавыдаецца таксама прыватнымі выдаўцамі, у тым ліку ў 2023 годзе ў Wydawnictwie Replika. У 2023 годзе Telewizja Polska зняла серыял паводле рамана пад аднайменнай назвай[2]. Прэм’ера на польскім тэлебачанні адбылася ў верасні 2023 года.

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Дуб «Дэвайціс» у маёнтку Радзевічаў у Грушаве (фота 1937 года)

Смерць дэспатычнага бацькі не вызваляе маладога Марка Чэртвана ад празмерных абавязкаў, але дадае новыя цяжкасці ў жыцці. Дагэтуль эксплуатаваны сям’ёй мачахі, як старэйшае дзіцё і давераная асоба бацькі, ён таксама павінен клапаціцца пра маёнтак Пасвіце, што застаўся па загінулым сябры Казіміры Орвідзе. Прыроджаная паслухмянасць маўклівага жамойта не дазваляла супрацьстаяць гэтаму рашэнню, якое для яго было прысудам, нішчыла яго намеры ўладкаваць самастойнае жыццё, а прыроджаная працавітасць прымушала прыкладаць незвычайныя намаганні і ахвяры дзеля дабра іншым. Як «пазбаўлены пачуццяў» чалавек абавязку, цяжкай штодзённай працай ён набывае веды і досвед, загартоўвае трываласць да нягод, чужы акружэнню і незразуметы, застаецца адзінокім. Яго сімвалічная апора — старажытны дуб Дэвайціс[3], які захаваўся каля літоўскага гарадзішча: сімвал трываласці, стойкасці і вернасці традыцыям продкаў. Пакінутага нявестай, эксплуатаванага мачыхай і яе блудным сынам, абсмяянага і пазбаўленага чалавечай спагады, Марка верна суправаджаюць толькі стары Рымка Рагіс і яго цётка Анэта. Сітуацыю ўскладняюць непрыемныя адносіны са зводнымі братамі, зусім не падобнымі да яго. Таму Марк актыўна шукае спадчыннікаў Орвіда, каб як хутчэй перадаць цяпер прыбытковы і квітнеючы маёнтак.

Лёс Марка змяняе вестка ад зводнай сястры, што ў Амерыцы знайшлася Ірэна Орвід — адзіная дачка загінулага там Казіміра. Малады Чэртван хацеў бы перадаць ёй фатальную для сябе спадчыну і ўрэшце жыць сваё жыццё. Аднак лёс зноў перашкаджае яму, робячы немагчымым цалкам адмовіцца ад апекі над Пасвіццем, Марк паволі трапляе пад чары маладой спадчынніцы, для якой робіцца міжвольным апекуном. Яго гонар і ганарыстасць не дазваляюць прыняць шчырыя пачуцці Орвідаўны. Марк доўга бароніцца ад іх, уяўна разважаючы, што праз зайздрасць акружэнне абвінавацяць яго ў карысці, калі ён ажэніцца з дзяўчынай быццам дзеля яе багацця, а напраўдзе ён усё адно застанецца яе слугой. У настойлівым змаганні з сабою, ён урэшце сутыкнецца з драматычнай падзеяй, якая робіць у ім канчатковы пералом.

Асаблівасці рамана[правіць | правіць зыходнік]

Дэвайціс пяшчотна прамармытаў… Марэк… сеў побач і ўпотай углядаўся ў чароўны твар апавядальніка.

«Дэвайціс» — самы вядомы твор сваёй аўтаркі. Гэта маянткова-засцянковая сямейная гісторыя з Жамойці XIX ст. з уплеценым рамантычным сюжэтам. Па задуме і агульным стылі ён блізкі да іншага пазітывісцкага рамана, выдадзенага тым самым часам, значна большага памеру і з больш разгорнутым сюжэтам — «Над Нёманам» Элізы Ажэшкавай .

Засяродзіўшыся на постаці Марка Чэртвана, аўтарка стварыла павучальную гісторыю незвычайных намаганняў чалавека, які змагаецца з уласным лёсам. Яго натхненнем быў дуб як сімвал вечнасці, незнішчальнасці, але і традыцый, якія звязваюць людзей з радзімай. Жыццё героя трымаецца вакол адной ідэі — захавання зямлі, сямейнай спадчыны, а мерай каштоўнасці чалавека ёсць яго стаўленне да працы. У гэтым пазітывісцкім рамане Чэртван мае відавочныя рысы рамантычнага героя: адзінокага і замкнёнага ў сабе, сваёй упартай барацьбе не зразуметага большасцю. Аднак тым самым часам ён ўяўляе і пазітывісцкі ідэал — разумова моцны, працавіты, настойлівы і непахісны ў імкненні да мэты і ў значнай ступені альтруістычна кіруецца агульным дабром, дабром іншых. Эгаістычна ён толькі бароніцца ад кахання, але не можа канчаткова адмовіцца ад дабра, якога быў найбольш пазбаўлены ў папярэднім жыцці.

Як і ў крыху пазнейшым рамане «Пажары і жглішчы» (1893), у сюжэце ёсць амерыканская тэма, чым выяўляецца захапленне пісьменніцы далёкім кантынентам як краінай вялікіх магчымасцей і не меншай небяспекі для суайчыннікаў, якія эмігравалі тым часам. У рэалістычным творы аўтарка ўжывае і некалькі казачных матываў, напрыклад, казку пра Вайдэвута і паданне пра Эгле. Як заўважыла Анна Мартушэўская[pl], казачны прыём ужыты найперш у асноўным сюжэтным пласце i датычыць галоўнага героя: гэта сюжэт казкi пра Папялушку, увасабленнем якой з’яўляецца малады Чартван — занядбаны i зняважаны, у параўнаннi з iншымi ён паказвае сваю вартасць і атрымлівае ўзнагароду, каханую жанчыну і вялікае багацце, што ёсць выключна яго заслугай[4].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Maria Rodziewiczówna. Dewajtis / Anna Martuszewska. — Archiwum Czesława Miłosza. — 1989. — ISBN 8308012833.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Dewajtis 1989, Nota wydawcy.
  2. "Dewajtis" - nowy serial kostiumowy Telewizji Polskiej - Polskie Radio - polskieradio.pl(нявызн.). polskieradio.pl. Праверана 19 верасня 2023.
  3. літ.: Dievaitis — аб’ект пакланення, ідал; боства ў паганскіх вераваннях балтаў (паводле Žodynas).
  4. Martuszewska A. Jak szumi «Dewajtis»? Studia o powieściach Marii Rodziewiczówny. — Kraków: Wydawnictwo Literackie, 1989.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]