Хурма ўсходняя (Diospyros kaki) — від шматгадовых дрэў роду хурма сямейства эбенавыя (Ebenaceae), які паходзіць з Азіі. Культывуецца як пладовая расліна па ўсім свеце, вядома мноства сартоў.
Дрэва дасягае вышыні да 10 метраў (вядомыя выпадкі дасягненні вышыні 12 м). Вонкава расліна падобна да яблыні.
Лісце чаргавальнае, яйкападобна-даўгаватае, цёмна-зялёнае, знізу бялявае, шырокаланцэтападобнае. Увосень лісце набывае чырвоную афарбоўку.
Кветкі ў пазухах лісця — адзіночныя або некалькі, на кароткіх ножках. Хурма ўсходняя квітнее з мая па чэрвень. Кветкі жаўтлява-белыя могуць быць трох тыпаў: мужчынскія, жаночыя і змешаныя. Расліны, як правіла, аднадомныя з мужчынскімі і жаночымі кветкамі асобна на адным дрэве, але існуюць таксама двудомныя культуры. Апыленне ажыццяўляецца насякомымі. Калі жаночыя кветкі не аплодненыя, яны размнажаюцца шляхам партэнагенеза, а затым даюць плады без насення.
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).