Embassy

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Embassy» — гандлёвая марка цыгарэт кампаніі «Imperial Tobacco». Упершыню прадаваліся ў 1914 годзе, пасля чаго іх выпуск быў адноўлены ў 1962 годзе. У 1976 годзе марка «Embassy» стала спансіраваць чэмпіянат свету па снукеры і заставалася спонсарам найбуйнейшага снукернага турніру да 2005 года, калі ўрад Вялікабрытаніі забараніў тытунёвым кампаніям спансіраваць спартыўныя падзеі на тэрыторыі краіны.

«Embassy Filter» быў выпушчаны ў продаж у 1962 годзе і ў канцы 1960-х гадоў стаў самай папулярнай маркай цыгарэт у Вялікабрытаніі з 24% брытанскага рынку.

Былы чэмпіён свету па снукеры Алекс Хігінс падаў у суд на стваральнікаў «Embassy» у 1999 годзе, сцвярджаючы, што заахвочванне спонсараў сусветнага першынства паліць цыгарэты «Embassy», а таксама бясплатныя цыгарэты, якія давалі гульцам падчас чэмпіянатаў спрыялі яго заражэнню на рак горла.

На сённяшні дзень «Embassy» з’яўляюцца аднымі з самых дарагіх цыгарэт у Вялікабрытаніі з коштам у дыяпазоне ад £9.50 да £10.10 за пачку. Апроч таго, існуе сястрынская гандлёвая марка «Embassy Regal».