Hirundapus caudacutus — птушка сямейства свіргулёвых.
Буйны свіргуль. Цела даўжынёй 19—22 см. Маса 100—175 г. Крыло 19,8—22,0 см. Размах крылаў 48—55 см[1].
У адрозненне ад іншых свіргулёў, мае хвост без выемкі, прама абрэзаны, стрыжань кожнага рулявога пяра выступае на 3—5 мм вонкі ў выглядзе іголачкі[2]. Лоб, горла і падхвосці ў дарослых птушак белага колеру. Крылы доўгія, серпападобныя. Афарбоўка крылаў чорная або цёмна-бурая з металічным бляскам і зялёным адлівам. На трэцярадных махавых пёрах падоўжаныя белыя плямы.
Спіна глініста-шэрая, светла-бурая. Валлё, грудзі і брушка чорна-бурыя. На нагах 3 пальцы накіраваныя наперад, а 1 — назад, цэўка не аперана.
Маладыя птушкі здалёк неадрозныя ад дарослых, але адрозніваюцца больш бляклым апярэннем са слабым адлівам і больш вузкай белай палоскай, якая аблямоўвае брушка.
Разарваны арэал. Адна частка арэала размяшчаецца ў Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, іншая размяшчаецца на поўдні Далёкага Усходу і Сібіры — ад Паўночна-Усходняга Алтая да Сахаліна, на захад — да Томскай вобласці. На тэрыторыі Расіі вельмі рэдкі від, хоць месцамі звычайны[1].
Засяляе лясы і гаі са старымі дуплістымі дрэвамі, лясныя месцапражыванні ў спалучэнні з лугамі, высечкамі, адкрытымі прасторамі. Ахвотна селіцца каля вадаёмаў.
Дрэнна вывучаны. Пералётная птушка. Прылятаюць у канцы мая. Трымаецца ў паветры чародамі, ніколі не садзіцца на зямлю[3]. Палёт вельмі хуткі, імклівы[3]. Лічыцца самай хуткай птушкай у фаўне Расіі, развівае хуткасць да 160 км/г[1]. Крык не гучны, бразгатлівы, у адрозненне ад іншых відаў свіргулёў — маўклівыя. Адлятаюць у верасні, зімуюць у Аўстраліі.
Гняздуецца ў дуплах дрэў на рознай вышыні. Дупло можа быць глыбокім, дасягаючы некалькіх метраў. У кладцы 3-7 белых яек памерам 30-35 х 21-24 мм[1]. Дарослыя птушкі не выносяць з гнёздаў шкарлупіну і памёт птушанят.
- ↑ а б в г В. К. Рябицев. Птицы Урала, Приуралья и Западной Сибири. М., 2001.
- ↑ Второв, П., Дроздов, Н. Определитель птиц фауны СССР. М., 1980.
- ↑ а б Бёме Р. Л., Кузнецов А. А. Птицы лесов и гор СССР. М.: «Просвещение», 1981. 223 с., ил., 24 л. ил.
- Второв П. П., Дроздов Н. Определитель птиц фауны СССР. М., 1980.
- Рябицев В. К. Птицы Урала, Приуралья и Западной Сибири. М., 2001.
- Бёме Р. Л., Кузнецов А. А. Птицы лесов и гор СССР. М.: «Просвещение», 1981. 223 с., ил., 24 л. ил.