Род уключае каля 250 відаў, якія маюць карычневыя двух-шасціклеткавыя споры з лінзападобнымі прасветамі клетак і простыя неразгалінаваныя свабодныя парафізы ў перытэцыі. З апісаных відаў 93 % трапічных. Ад трапічнай зоны па кірунку да палюсоў колькасць відаў паступова скарачаецца і ўжо ў субтропіках растуць толькі некалькі эндэмічных для гэтых раёнаў формаў. Ва ўмераных абласцях сустракаецца ўсяго некалькі прадстаўнікоў гэтага роду, якія характарызуюцца значным распаўсюджаннем, а таксама 3-4 эндэмічныя віды. У арктычных і антарктычных раёнах прадстаўнікі роду амаль адсутнічаюць, толькі ў Субантарктыцы быў знойдзены адзін від. Ва ўмераных раёнах Галарктыкі распаўсюджанне гэтых лішайнікаў звязана галоўным чынам з шырокалісцевымі лясамі і лясным поясам гор, дзе яны растуць на гладкай кары букаў, грабаў і іншых шыракалістых парод.