Абсерваторыя Улугбека

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Абсерваторыя
Абсерваторыя Улугбека
узб.: Ulug‘bek rasadxonasi
39°40′29″ пн. ш. 67°00′20″ у. д.HGЯO
Краіна  Узбекістан
Горад Самарканд
Заснавальнік Улугбек
Дата заснавання 1420[1]
Будаўніцтва 14241428 гады
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Абсерваторыя Улугбека (узб.: Ulug‘bek rasadxonasi) — адна з найбольш значных абсерваторый сярэднявечча, пабудаваная Улугбекам на пагорку Кухак у ваколіцах Самарканда ў 14241428 гадах[2].

Гісторыя заснавання[правіць | правіць зыходнік]

Від рэшткаў секстанта абсерваторыі Улугбека

Заснавальнік абсерваторыі Мухамад Тарагай Улугбек, унук Тамерлана, быў добра адукаваным і схільным да навук і мастацтва чалавекам[2]. Яго настаўнікамі былі пісьменнік і філосаф Арыф Азары і буйны матэматык Казі-задэ ар-Румі  (руск.), які пасля шмат зрабіў для абсерваторыі. Працы Улугбека паказваюць, што да іх стварэння ён добра азнаёміўся з творамі папярэднікаў. Стаўшы кіраўніком Самарканда, Улугбек заснаваў там абсерваторыю, з дапамогай якой вёў працяглую і вельмі прадуктыўную навуковую дзейнасць у матэматыцы і астраноміі[2].

Пасля забойства Улугбека ў 1449 годзе абсерваторыя была занядбаная. Ужо ў XVI стагоддзі яна ператварылася ў груду развалін. Доўгі час дакладнае месцазнаходжанне абсерваторыі заставалася невядомым. Толькі ў 1908 годзе В. Л. Вяткіну  (руск.) ўдалося выявіць яе рэшткі дзякуючы дакументам XVII стагоддзя, што далі пэўныя ўказанні на месца размяшчэння абсерваторыі.

Пры раскопках у 1908—1909 гадах былі выяўленыя сляды круглай сцяны ў адну цэглу і частка галоўнага інструмента. Іншых астранамічных прылад не знойдзена. Раскопкі В. Л. Вяткіна ў 1914 годзе не далі чаканых вынікаў. Толькі на вяршыні пагорка была расчышчана пляцоўка дыяметрам каля 50 метраў.

У 1915 годзе ўладкавана скляпеністае перакрыцце над адкапанай траншэяй з часткай секстанту. Вывучэнне абсерваторыі атрымала шырокі размах толькі ў савецкі час. У выніку раскопак І. А. Сухарава пад кіраўніцтвам прафесара М. Я. Масона  (руск.) ў 1941 годзе, і ў асаблівасці раскопак В. А. Шышкіна  (руск.) ў 1948 годзе, дакладна ўстаноўлена, што абсерваторыя ўяўляла сабой адзінае архітэктурнае цэлае.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Знешні выгляд рэшткаў абсерваторыі Улугбека

Галоўным стацыянарным інструментам быў гіганцкі квадрант, размешчаны ўнутры цыліндрычнага будынка дыяметрам 48 м (рэшткі падмурка, дакладней траншэй ад яго, знойдзеныя пры археалагічных даследаваннях)[2]. Верхняя частка яго мерыдыяннай дугі, памерам 40,2 м дасягала плоскага даху будынка, яе ніжняя частка (да 11 м) захавалася да гэтага часу ў скальнай траншэі, на даху размяшчаліся азімутны круг і вярчальны квадрант  (англ.), якія давалі магчымасць фіксаваць самым дакладным чынам каардынаты свяцілаў ў любым пункце нябеснай сферы. Там быў таксама сонечны гадзіннік[2].

Значэнне абсерваторыі[правіць | правіць зыходнік]

Па археалагічных рэштках можна зрабіць выснову, што абсерваторыя Улугбека была адной з самых вялікіх на Усходзе[3].

Вынікам навуковых прац Улугбека ў абсерваторыі з’яўляюцца так званыя «Новыя астранамічныя табліцы», якія ўтрымліваюць выкладанне тэарэтычных асноў астраноміі і каардынаты звыш 1000 зорак[2]. Сярод шматлікіх астранамічных табліц Улугбека вялікую цікавасць уяўляе табліца геаграфічных каардынатаў 683 розных населеных пунктаў краін свету. Зорны каталог  (руск.) Улугбека складаецца з 1018 зорак, размешчаных па сузор’ях. Кожная зорка мае нумар, коратка апісана яе становішча ў сузор’і. Пазначаны каардынаты (даўгата і шырата) і велічыня[3].

Табліцы атрымалі шырокую вядомасць у Еўропе (выдадзены ў Оксфардзе ў 1665 годзе), Індыі і Кітаі. Прыведзеныя ў ім звесткі, а таксама істотна удакладненыя Улугбекам значэнні працягласці года, нахілу экліптыкі да экватара і прэцэсіі мелі вялікае значэнне для астраноміі[2].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]