Аб’яднаны прагрэсіўны альянс
Аб’яднаны прагрэсіўны альянс | |
---|---|
Дата заснавання | 2004 |
Краіна |
Аб'яднаны прагрэсіўны альянс (АПА; англ.: United Progressive Alliance), кааліцыя палітычных партый Індыі, адна з трох нацыянальных кааліцый, на сёняшні дзень — самая моцная з іх: па выніках выбараў 2004 атрымала большасць у Народнай палаце (Lok Sabha) і сфарміравала ўрад Індыі. Канчаткова аформілася пасля таго, як высветлілася, што Нацыянальны дэмакратычны альянс (другая нацыянальная кааліцыя) пад кіраўніцтвам Бхаратыя джаната парты не здолее заручыцца парламенцкай большасцю для фарміравання ўрада.
Кааліцыя, якую першапачаткова меркавалася назваць Свецкім прагрэсіўным альянсам (Secular Progressive Alliance), стаіць на лева-цэнтрысцкіх пазіцыях. Дамініруе ў АПА Індыйскі нацыянальны кангрэс, старшыня ІНК Соня Гандзі ўзначальвае і ўсю кааліцыю. АПА карыстаецца знешняй падтрымкай трэцяй нацыянальнай кааліцыі — Левага фронта, які аб'ядноўвае камуністычныя і сацыялістычныя партыі Індыі, і некаторых больш дробных партый, якія зацікаўленыя ў свецкім характары індыйскай дзяржавы і яе ўрада.
Пасля выбараў-2004 акрамя ІНК (146 месцаў у парламенце, 24 міністэрскіх партфеляў) асноўнымі ўдзельнікамі АПА з'яўляюцца:
- Раштрыя джаната дал (Нацыянальная народная партыя) (23, 3);
- Дравіда мунетра кажагам (Федэрацыя дравідскага прагрэсу) (16, 2);
- Партыя нацыяналістычнага кангрэса (10, 1);
- Паталі макал катчы (6, 1);
- Джаркханд мукты морча (5, 0);
- Лок джаншакты парты (4, 1);
- Кангрэс Кералы (2, 0).
Усяго АПА меў 226 месцаў у Народнай палаце, а разам са знешняй падтрымкай — 300. Для падтрымкі ўрада неабходны кантроль не менш 272 дэпутацкіх месцаў.
Па выніках выбараў-2009 АПА атрымаў 262 месцы (у тым ліку ІНК — 206) і здолеў сфарміраваць урад парламенцкай большасці. Манмахан Сінгх застаўся прэм'ер-міністрам Індыі і, такім чынам, стаў другім (пасля Джавахарлала Нэру) прэм'ер-міністрам краіны, які захоўвае ўладу пасля поўнага пяцігадовага тэрміна знаходжання на пасадзе. Знешнюю падтрымку АПА аказваюць Самаджвадзі парты, Джаната дал (свецкая) і некаторыя іншыя драбнейшыя партыі.