Птушкі і гнёзды

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Птушкі і гнёзды
Жанр раман
Аўтар Янка Брыль
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1942—1944, 1962—1964
Асобнае выданне 1964
Выдавецтва Беларусь
Колькасць старонак 345
Электронная версія

«Пту́шкі і гнёзды» — раман Янкі Брыля, упершыню выдадзены ў 1964 годзе.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Янка Брыль пачаў працу над раманам адразу па вяртанні з нямецкага палону (1942—1944), аднак здолеў завяршыць толькі пасля вялікага перапынку, у 1962—1964 гадах. У апісанні вайны пісьменнік ідзе следам Кузьмы ЧорнагаВялікі дзень», «Пошукі будучыні», «Млечны шлях») і прадвяшчае трагічныя творы Васіля Быкава. Аднак праз асабістую трагедыю галоўнага героя пісьменнік уздымае глыбейшую праблему — пошукаў і захавання беларусамі свайго гнязда, сваёй Радзімы. Радзіма — сюжэтна-кампазіцыйны і ідэйны цэнтр рамана.

Галоўны герой рамана — Алесь Руневіч з заходнебеларускай вёскі Пасынкі, прататыпам якога з’яўляецца сам аўтар. Алесь, як і Янка Брыль, служыў у польскім войску, а пасля нападу нацысцкай Германіі трапіў у палон. Перажываючы пагарду да свайго нацыянальнага не толькі з боку немцаў, але і здраднікаў, Алесь надта балюча гэта ўспрымае. У яго душы расце перакананасць, што і шматпакутнаму беларускаму народу «нароўні з усімі дадзена права жыць сапраўдным жыццём»[1]. Як птушка да пакінутага гнязда, імкнецца герой да роднай Беларусі.

Моваю мастацкіх вобразаў аўтар паказвае, што няма благіх ці добрых народаў — але ў кожным народзе ёсць людзі і нелюдзі. Нават у самых бесчалавечных абставінах людзі незалежна ад нацыянальнасці застаюцца людзьмі, а нелюдзі ператвараюцца ў пачвараў[2]. Як адзначае беларускі літаратуразнаўца Дзмітрый Бугаёў, у рамане добра прасочана, як «звычайны фашызм, напачатку не такі ўжо для ўсіх страшны, набіраючы сілу, ператвараецца ў фашызм ваяўнічы, агрэсіўны і адкрыта бесчалавечны не толькі ў дачыненні да „ніжэйшых расаў“, але і да ўсяго жывога, людскага ва ўласным народзе»[3].

Сюжэт рамана небагаты на знешняе дзеянне; аўтара болей цікавіць унутраны стан героя, тыя змены, якія адбываюцца ў светапоглядзе чалавека пад уздзеяннем рэчаіснасці. Лірызм і паэтычнасць у рамане арганічна спалучаюцца з тонкім псіхалагізмам (так званая «плыня свядомасці»). Прачытанне такога кшталту твораў патрабуе працы душы і роздуму[2].

З рамана «Птушкі і гнёзды» выйшла пазнейшая проза Васіля Быкава, Адамчыка, Івана Пташнікава, Чыгрынава, Далідовіча і іншых пісьменнікаў пра беларусаў, якія, падобна птушкам, «шукаюць гнёзды свае»[4].

Раман «Птушкі і гнёзды» лічыцца адным з найлепшых антываенных твораў беларускай літаратуры XX стагоддзя[5].

Выданні[правіць | правіць зыходнік]

Раман «Птушкі і гнёзды» шмат разоў перавыдаваўся, а таксама ўваходзіць ва ўсе зборы твораў і выбраныя творы Янка Брыля, якія выходзілі ў 1960-я, 1980-я і 1990-я гады. Перакладзены на латышскую, нямецкую, рускую, украінскую, чэшскую мовы[5].

Зноскі

  1. Раман Я. Брыля „Птушкі і гнёзды“: праблематыка, жанрава-стылёвыя асаблівасці. Наватарства пісьменніка ў адлюстраванні падзей вайны. Студопедия. Праверана 5 лютага 2021.
  2. а б Увесь свет — адзін дом (па рамана Янкі Брыля „Птушкі і гнёзды“). Кароткі змест. Праверана 5 лютага 2021.
  3. Птушкі і гнёзды, в сокращении. Краткое содержание. На ўрок. Праверана 5 лютага 2021.
  4. Чалавек і Радзіма ў рамане Янкі Брыля „Птушкі і гнёзды“. Узнаем как. Праверана 5 лютага 2021.(недаступная спасылка)
  5. а б Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Працягваецца выданне Збору твораў Янкі Брыля. Дом прэсы (2 сакавіка 2020). Праверана 5 лютага 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]