Базельскі сабор
Ба́зельскі сабор —царкоўны сабор, які засядаў у 1431—1449 гадах, спачатку ў Базелі, Швейцарыя, а з 1448 года — у Лазане.
Сабор быў скліканы Папам Марцінам V у 1431 года для рэфармавання царквы, урэгулявання ваеннага канфлікту з гусітамі і ўз'яднання Заходняй і Усходняй цэркваў. У рэчаіснасці сабор стаў арэнай барацьбы Папы і сабору за вярхоўную ўладу. Яшчэ да адкрыцця сабора Марцін V памёр.
Базельскі сабор праходзіў у становішчы глыбокага заняпаду папства, выкліканага так званай Заходняй схізмай, і поспехаў ранняга рэфармацыйнага руху. На Базельскім саборы разгарнулася барацьба з папствам прыхільнікаў руху, які адстойваў ідэю вяршэнства сусветных сабораў над уладай Пап.
Базельскі сабор пацвердзіў рашэнне Канстанцкага сабору (1414—1418) аб прымаце сусветнага сабору над Папам, абвясціў адмену шэрагу пабораў на карысць папскай курыі (у прыватнасці, былі адменены анаты), аб рэгулярным скліканні правінцыйных сабораў і свабодзе царкоўных выбараў.
Перамогі гусітаў у Чэхіі вымусілі Базельскі сабор пайсці на кампраміс з умеранымі гусітамі — «чашнікамі» (у 1433 годзе з імі былі заключаны Пражскія кампактаты).
Папа Яўген IV (1431—1447), які не прызнаў рашэнняў Базельскага сабору, абвясціў пра яго роспуск, а ў 1438 годзе склікаў у процівагу Базельскаму сабору сабор у Ферары, перанесены ў 1439 годзе ў Фларэнцыю.
Базельскі сабор у 1439 годзе абвясціў пра звяржэнне Яўгенія IV і абраў Папам пад імем Фелікса V (пасля прызнанага антыпапам) савойскага герцага Амадэя VIII.
Пераход на бок Яўгена IV шматлікіх кіраўнікоў Еўропы, якія раней падтрымлівалі Базельскі сабор, паслабленне прэстыжу сабору, пакінутага большасцю яго членаў, прывялі да паражэння прыхільнікаў саборнага руху.
Сабор, пераведзены ў 1448 годзе ў Лазану, у 1449 годзе прызнаў новага Папу — Мікалая V (1447—1455) і абвясціў пра свой роспуск. Дзеянні Базельскага сабора падарвалі аўтарытэт каталіцкай царквы і падрыхтавалі глебу для Рэфармацыі XVI стагоддзя.