Перайсці да зместу

Беларуская вайсковая камісія па арганізацыі беларускіх вайсковых часцей на Румынскім фронце

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуская Вайсковая Камісія па арганізацыі Беларускіх вайсковых часцей на Румынскім фронце — орган стварэння беларускіх вайсковых часцей у складзе войска Расійскай дзяржавы. Створаны 9 студзеня 1918 года загадам № 1332 Памочніка Аўгусцейшага Галоўнакамандуючага арміямі Румынскага фронту генерала ад інфантэрыі Шчарбачова.

Дзейнічала на тэрыторыі Каралеўства Румынія і Малдаўскай Рэспублікі. Падпарадкоўвалася Цэнтральнай беларускай вайсковай радзе ў Менску і інтарнацыянальнай «Нацыянальна-тэрытарыяльнай дэмакратычнай арганізацыі фронту» з прадстаўнікоў-камісараў УНР, Арменіі, Малдовы, Польшчы, ад мусульман, Летувы, Эстоніі, ад казакаў, Грузіі, ад сібірыкоў. Беларусь прадстаўляў Павел Данатавіч Манцэвіч.

Выпіска. Журнальнае пастанаўленьне Рады Міністраў Малдаўскай Рэспублікі. Адбытае 5-га лютага 1918 году.[1]

Урад Малдаўскай Рэспублікі не сустрачае прынцыповых перашкод да пазваленьня фармаваньня на тэрыторыі Малдаўскай Рэспублікі Беларускіх вайсковых часьцей без аружжа i прапануе фармуючымся ў пытаньнях пракорму знасіцца з аддзелам харчаваньня пры Міністэрстве Ўнутранных Спраў i Міжсаюзьніцкай Харчавой Камісыяй. Месца i падробнасьці фармаваньня павінны быць выпрацаваны ў згодзе з Вайсковым Міністрам i Румынскім камандаваньнем.[1]

На аснове вышэйпададзенага i згодна пастанове Народнага Сэкрэтарьяту Беларускай Народнай Рэспублікі ад 3 красавіка г. г. даручаецца Вам паведаміць аб гэтым адпаведным органам Румынскага Ураду, на быўшым Румынскім фронце, на той прыпадак, каб вышэйазначаная маетнасьць i аруж­жа, быўшых беларускіх часьцей, ня было перададзена іншым Урадам ці арганізаціям.

2 лютага 1918 года загадам № 1436 з 4-га Армейскага корпуса пачалося фармаванне Беларускай дывізіі на тэрыторыі Малдаўскай Рэспублікі і Румыніі. Дывізію планавалі перакінуць у лютым 1918 года ў Менск на дапамогу Цэнтральнай беларускай вайсковай радзе дзеля барацьбы з польскімі баявікамі з мэтай распаўсюджання беларускай улады на ўвесь горад. Але не атрымалася. Дывізія была інтэрнаваная Каралеўствам Румынія.

  • старшыня камісіі генерал-маёр Пажарскі
  1. а б Pawet: Беларускія вайсковыя фармаваньні на б. румынскім фронце. pawet.net. Праверана 3 жніўня 2024.