Перайсці да зместу

Брыз

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Схема ўтварэння брызу

Брыз (фр.: brise — лёгкі вецер) — мясцовы вецер невялікай хуткасці, які змяняе кірунак двойчы на суткі. Узнікае на берагах мораў, азёр, часам вялікіх рэк. Днём суша награваецца хутчэй за ваду, і над ёй усталёўваецца больш нізкі атмасферны ціск. Таму дзённы брыз дзьме з акваторыі на нагрэтае ўзбярэжжа. Начны (берагавы) брыз дзьме з астуджанага ўзбярэжжа на прагрэтую ваду. На большай вышыні назіраецца адваротнае цячэнне — антыбрыз.

Асабліва добра брызы выяўлены летам падчас устойлівага антыцыкланальнага надвор’я, калі розніца ў тэмпературы сушы і вады найбольш значная. Брызы на морах дзейнічаюць у межах некалькіх дзясяткаў кіламетраў і ахопліваюць тоўшчу паветра ў некалькі соцень метраў. Марскі брыз паніжае тэмпературу паветра ў дзённы час і робіць паветра больш вільготным. [1]

Утварэнне фронту марскога брызу

Дзённы марскі брыз часта ўтварае атмасферны фронт, таксама вядомы як зона канвергенцыі. Халоднае паветра з мора сустракаецца з паветрам, нагрэтым ад зямлі і ўзнікае мяжа ў выглядзе неглыбокага халоднага фронту. Калі розніца тэмпературы паветраных мас значная, гэты фронт стварае кучавыя аблокі, а калі паветра вільготнае і нестабільнае, фронт можа нарадзіць навальніцу.

У эпоху паруснага суднаходства брызамі карысталіся для пачатку плавання. У наш час ветравыя фермы будуюцца на ўзбярэжжах у тым ліку каб скарыстацца перавагамі, якія дае брызавая цыркуляцыя. Далёкія ж афшорныя ветракі будуюць без аглядкі на брызы, але ўлічваючы кірунак пануючага ветру.

Зноскі