Перайсці да зместу

Бург

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бург (Burg, стараангл. burh) — тып умацавання, распаўсюджаны ў германскіх народаў (франкі і інш.) у раннім Сярэднявеччы. З'яўляў сабою участак паселішча з драўлянай[1] вежай на натуральным або насыпным пагорку, акружаны равамі і тынамі. Таксама так называўся умацаваны горад у Англіі 9 – 11 ст (імаверна, што англа-саксонскія бургі існавалі яшчэ раней, у сяр. 8 ст.); назва і наогул ужывалася ў дачыненні да ўмацаваных гарадоў (між іншым, у Нямецкай Прыбалтыцы). Часам так магло называцца прыватнае ўмацаванне (фактычна, ранні замак) або проста агароджанае месца.

Бургі, якія мелі вежу, спалучаную з забудаваным гаспадарчым дваром і абкружаную равамі і палісадамі, сталіся фактычнымі прататыпамі сярэднявечных замкаў[2]. Слова «бург» («бур», «берк» і пад.) увайшло ў назвы шматлікіх гарадоў і населеных пунктаў Еўропы.

Адрозніваліся бургі такія, што служылі для абароны насельніцтва паселішчаў, і такія, што былі толькі апорнымі пунктамі для войска. Пазней выдзяліліся і бургі — феадальныя рэзідэнцыі.

З'яўленне бургаў было абумоўлена тым, што германцы, якія ў эпоху бронзы наогул не ведалі ўмацаванняў, непрыязна ставіліся, як паведамляў Тацыт, да таго, каб агароджваць свае паселішчы цалкам, бо гэта, дзей, ператварала б паселішчы ў «магілы волі». На выпадак небяспекі сховішчам для жыхароў і служыў «бург» («бурх»). Самі канструкцыі ўмацаванняў былі запазычаныя германцамі ў славянаў на усходзе, у кельтаў і рымлянаў — на захадзе.

Ранейшыя бургі, без сталай забудовы, прадстаўленыя руінамі на гары Хайлігенберг. Пазней бургі набывалі больш сталы характар забудовы; дадаткова ўмацоўваліся, у т.л., з выкарыстаннем каменных муроў, дапаўняліся гаспадарчымі пабудовамі. Такімі былі бург Альтэнбург (Гесен) і Альтэнбург (Цюрынгія). Бургамі—апорнымі пунктамі былі, напрыклад, бургі Піпінсбург, Штэцінгаўзен, Дольберг, Бумансбург; бургамі-рэзідэнцыямі — Хюненбург, Дрыбург, Пірмонт.

Зноскі

  1. Або, напрыклад, драўлянай фахверкавай на каменным цокалі — Дрыбург, Пірмонт.
  2. УГА, С.50.
  • Всеобщая история архитектуры. Т.4. — Л.-М., 1966. — 693 с. С.48—51.