Валасяніца шэрая, мухалоўка шэрая (Muscicapa striata) — птушка сямейства мухалоўкавых.
Даўжыня цела 14-15 см, размах крылаў 23-25 см.
Верх шэра-карычневы з цёмнымі рыскамі на галаве, ніз цела белаваты з цёмнымі падоўжнымі рыскамі на грудзях. Маладыя ў белыя плямкі зверху цела. Голас: ціхае шчабятанне з адзінкавымі, высокімі гукамі і далікатнымі трэлямі.
Арэал: Еўропа, Заходняя, Цэнтральная і Малая Азія, Каўказ, Блізкі Усход, Паўночна-Заходняя Афрыка.
Сустракаецца ва ўсіх тыпах не вельмі густых лясоў (часцей з сярэдняй вільготнасцю), на ускрайках палян, уздоўж ручаёў і рэчак або стаячых вадаёмаў, жыве ў парках і садах. Аддае перавагу нізінам, але ў Швейцарыі распаўсюджванне даходзіць да 900 м над у.м. (у выключных выпадках да 1500 м), у Татрах — 1100 м, (не больш за 1700 м).
Пералёты від. Месца зімовак: Афрыка на поўдзень ад экватара і ад Аравійскага паўвострава на ўсход да дэльты р. Ганг.
Корміцца насякомымі.
Гняздо ў напаўадкрытых і без прыкрыцця зверху дуплах, за карой, у шчылінах ці карнізах будынкаў і муроў, радзей у развілцы тоўстых сукоў або плоскіх галін, скальных выступах, у старых гнёздах іншых птушак (часта чорнага дразда); няшчыльнае, з тонкіх лістоў сухой травы, галінак і карэньчыкаў, аплеценых па паверхні касмыкамі воўны, шэрсці, пуху і лішайнікамі. Высцілка з дробных траў, сухога лісця з прымессю валосся, а часам і пёраў.
Яйкі 4-6 (часам 2-7) з завостраным вузейшым канцом, белыя, бела-зеленаватыя, блакітныя або блакітна-зеленаватыя з даволі густымі і вялікімі ржавымі ці пурпурова-шэрымі плямамі, часта сканцэнтраванымі на шырэйшым канцы.
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X