Сардзінія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Герб Сардзініі

Сардзінія — востраў у Міжземным моры, знаходзіцца на захад ад Апенінскага паўвострава паміж Сіцыліяй і Корсіка, з'яўляецца другім па велічыні востравам Міжземнага мора. Уваходзіць у склад Італіі ў якасці аўтаномнага рэгіёна (аўтаномнай вобласці) Сардзінія (іт. Regione Autonoma della Sardegna, Сарды. Rezione Autònoma de sa Sardigna).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя людзі з'явіліся на Сардзініі ў палеаліце. У пячоры на ўсходзе вострава знойдзены рэшткі чалавека сучаснага тыпу, які жыў каля 20 тысяч гадоў таму. З сярэдзіны 5 тысячагоддзя да н. э. мясцовыя насельнікі займаліся сельскай гаспадаркай. Сведчаннямі развітай культуры найстаражытнейшага перыяда з'яўляюцца мегалітычныя збудаванні, археалагічны комплекс Монтэ-д'Акорды, магільні тыпу домус-дэ-янас. У 3 тысячагоддзі да н. э. узнікла вытворчасць металаў. На востраве здабывалі медзь, свінец, срэбра. Прыкладна ў сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. склалася арыгінальная нурагічная цывілізацыя, якая праіснавала да III ст. да н. э. Яе носьбіты ўзводзілі ўмацаваныя вежы-нурагі, апрацоўвалі бронзу, гандлявалі з іншымі краінамі Міжземнамор'я.

З пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. узбярэжжа Сардзініі даследавалі фінікійцы. Яны пабудавалі шэраг калоній, найбольш важным з якіх з'яўляўся Караліс, заснаваны выхадцамі з Тыра. У VI ст. да н. э. паўднёвую і частку цэнтральнай Сардзініі заваявалі карфагеняне. Пасля Першай пунічнай вайны астравіцяне трапілі пад уладу Рыма. У перыяд рымскага кіравання адбылася раманізацыя насельніцтва, хаця ў горных раёнах захоўваліся асаблівасці аўтахтоннай старажытнай культуры.

У 456 г. Сардзінія была заваявана вандаламі. У 534 г. — візантыйцамі. У 697 г. паўночнаафрыканскія валоданні Візантыі трапілі пад уладу арабаў, і ўлада на востраве апынулася ў руках мясцовых адміністратараў. З 705 г. востраў імкнуліся заваяваць арабы. У XI ст. пасля чарговай вайны з арабскай Іспаніяй адзіная ўлада прыйшла ў заняпад. На Сардзініі ўзнікла 4 самастойныя дзяржавы, якія кіраваліся манархамі-суддзямі. Фармальна яны працягвалі лічыць сябе залежнымі ад Візантыі. У XIII ст. яны трапілі пад уплыў Генуі і Пізы.

У 1297 г. папа Баніфацый VIII абвясціў аб стварэнні Сардзінскага каралеўства, якое перадаў арагонскаму каралю. В 1324 г. арагонцы захапілі большую частку вострава і падзялілі землі паміж феадаламі. Толькі ў Арбарэі захавалася аўтаномная ўлада суддзяў. Тут існаваў свой парламент карона-дэ-логу, у якім мелі прадстаўніцтвы ўсе буйныя паселішчы, у афіцыйных дакументах выкарыстоўвалася сардзінская мова. З 1353 г. арбарэйцы вялі вайну за вызваленне Сардзініі, пакуль не пацярпелі паражэнне ў 1409 г. У 1420 г. арбарэйская дзяржава спыніла існаванне.

У перыяд іспанскага кіравання ўзбярэжжа часцяком падвяргалася нападам паўночнаафрыканскіх карсараў. Для аховы будаваліся прыбярэжныя ўмацаванні. Аднак напады мусульман працягваліся да 1815 г. Пасля адкрыцця Новага Свету востраў апынулася на ўскраіне гандлёвых шляхоў. Мясцовая эканоміка спецыялізавалася на вытворчасці збожжа. З-за неўраджаяў астравіцяне пакутвалі ад голада. Падчас голада 1680 г. загінула амаль 80 тысяч чалавек.

У 1708 г. Сардзінія перайшла пад уладу Савойскай дынастыі. У 1793 г. садзінскі флот атрымаў бліскучую перамогу над войскамі рэвалюцыйнай Францыі. Аднак з-за незадаволенасці манархічным кіраваннем у 1794 г. у Кальяры адбылося паўстанне. Падчас Рысарджымента Сардзінія стала часткай аб'яднанай Італіі. У другой палове XIX ст. узнікла лясная прамысловасць. Сардзінцы актыўна ўдзельнічалі ў Першай сусветнай вайне. У перыяд фашысцкага кіраўніцтва на востраве ствараліся паселішчы перасяленцаў з Апенінскага паўвострава, пачалася здабыча вугля. Пасля Другой сусветнай вайны адбывалася індустрыялізацыя, адкрываліся нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, з 1950-х гг. развіваўся турызм. У 1970-ы гг. Сардзінія сутыкнулася з эканамічным крызісам, што выклікала эміграцыю.

У нашы дні востраў з'яўляецца важным месцам ЕС, дзе актыўна развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі.

Агульная карта[правіць | правіць зыходнік]

Легенда карты:

Green pog.svg Больш 100 000 чал.
Lightgreen pog.svg ад 50 000 да 100 000 чал.
Yellow pog.svg ад 20 000 да 50 000 чал.
Orange pog.svg ад 10 000 да 20 000 чал.
Red pog.svg ад 5 000 да 10 000 чал.
Населеныя пункты Сардзініі

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Wikivoyage-Logo-v3-icon.svg Sardinia даведнік на сайце Wikivoyage