Вацлаў Рачкавіч
Вацлаў Рачкавіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Дыяцэзія | Луцкая дыяцэзія[d] | ||||||
Папярэднік | Andrzej Spławski[d] | ||||||
Пераемнік | Ян Ласовіч | ||||||
|
|||||||
Адукацыя | |||||||
Дзейнасць | каталіцкі святар | ||||||
Нараджэнне | 1420-я | ||||||
Смерць | не пазней за 1463 | ||||||
Бацька | Рачка[d] |
Вацлаў Рачкавіч (1420-я — да 1463) — каталіцкі біскуп луцкі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сын Якуба Рачкі Табутавіча, брат Міхны, Юндзілы і Яна Рачкавічаў[1]. Як частка родавых уладанняў Вацлаву належала прынамсі доля ў Дзітве.[2].
Напэўна, тоесны Venceslaus Petri de Vaverka, які зімовым семестрам 1444 года ўнёс поўную аплату за паступленне ў Кракаўскі ўніверсітэт. Патронім Petri выклікае некаторыя сумненні, праз яго луцкага біскупа Вацлава часта называюць сынам Пятра Рачкавіча. Аднак, як адзначае Ян Глінка , пра Пятра, сынам якога мог бы быць яшчэ адзін Вацлаў з Ваверкі, сярод родзічаў-уладальнікаў Ваверкі няма сведчанняў. Тым часам як імя Вацлаў даволі рэдкае, а біскуп яўна названы сынам Рачкі і братам Рачкавічаў. Таму Глінка не выключае, што Пётр магло быць яшчэ адным імем Якуба Рачкі Табутавіча, што не рэдкасць у першым пакаленні па каталіцкім хрышчэнні Літвы.[1]
У такім разе, Вацлаў нарадзіўся не пазней за 1431 год, бо ўзрост залічэння ва ўніверсітэт быў не меншы за 14 гадоў, хоць у Кракаўскім універсітэце таго часу вядомы залічэнні і 13-гадовых, аднак звычайна студэнты былі старэйшымі[3]. Перад гэтым, магчыма, навучаўся ў Віленскай кафедральнай школе[4].
У 1451 годзе атрымаў дыплом бакалаўра in artibus (вольных мастацтваў), у Liber promotionum Кракаўскага ўніверсітэта запісаны як Venceslaus de Wawerka Lithwanus. Напэўна, тым часам быў канонікам Віленскага кафедральнага капітула, хоць гэта і не адзначана ва ўніверсітэцкіх дакументах, бо быў ужо дэканам капітула ў 1459 годзе, калі кароль Казімір Ягелончык намінаваў яго біскупам луцкім.[4]
Зацверджаны як біскуп 10 верасня 1459 года Папам Піем II[4], 28 верасня праз свайго дэлегата ў Рыме заплаціў пошліну Курыі памерам 33 1/3 фларына[1]. Паводле выданага 10 верасня ў Мантуі папскага брэвэ, Вацлаў Рачкавіч быў in sacerdocio ac legitima aetate constitutus, то-бок меў святарскае пасвячэнне і не менш за 27 гадоў — узрост, неабходны для прыняцця біскупскай хіратоніі[4]. Такім чынам, нарадзіўся не пазней за 1432 год, што, аднак, не дае новых звестак. У актах Апостальскай Камеры запісаны як Wenceslaus Raskonicz (Raskonitz)[4].
Ад каго і калі Вацлаў прыняў біскупскае пасвячэнне, невядома. Звестак пра кіраванне Рачкавіча ў епархіі няма. Біскупам быў не болей за тры гады[1], ужо ў студзені 1463 года папскую кананічную правізію атрымаў яго наступнік. То-бок, нягледзячы на імаверна малады ўзрост, Вацлаў памёр да гэтага часу. Месца пахавання невядомае.[4]
Згадваецца ў дзвюх данацыях родзічаў ад 1463 і 1479 гадоў для касцёла ў родавай Ваверцы. Да публікацыі гэтых дакументаў у Кодэксе дыпламатычным кафедры і дыяцэзіі віленскай Вацлаў Рачкавіч наогул не быў вядомы.[1]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д Glinka 1959, T. V, s. 50.
- ↑ Glinka 1959, T. IV, s. 93.
- ↑ Wisłocki 1886, s. 9-10.
- ↑ а б в г д е Prokop 2011.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Wisłocki W. O wydawnictwie Liber diligentiarum Krakowskiego Fakultetu Filozoficznego z lat 1487-1563. — Kraków, 1886.
- Krzysztof Rafał Prokop. Sylwetki biskupów łuckich. — Biały Dunajec — Ostróg, 2011. — С. 33-34.
- Jan Glinka Ród Klawsucia w wiekach XIII—XIV. Ze studiów nad kształtowaniem się i różanicowaniem spolecznym bojarstwa litewskiego // Studia Źródłoznawcze.Warszawa. — Poznan: 1959. — Т. IV. — S. 85-107; T. V. — S. 35-55.