Венгерская аўтаномная вобласць
Венгерская аўтаномная вобласць (рум.: Regiunea Autonomă Maghiară, венг.: Magyar Autonóm Tartomány), у 1960—1968 Мурэш-Венгерская аўтаномная вобласць (рум.: Regiunea Mureş Autonomă Maghiară, венг.: Maros-Magyar Autonóm Tartomány) — нацыянальная вобласць у Румыніі, аўтаномія венгерскай меншасці (субэтнічная група секеі) у паўднёвай Трансільваніі, якая існавала ў 1952—1968 гадах. Сталіца — Тыргу-Мурэш (Марашвашархей, венг.: Marosvásárhely).
У снежні 1960 пераназвана ў Мурэш-Венгерскую вобласць (па рацэ Мурэш), яе тэрыторыя зменена (гл. карту): плошча вобласці ў гэты перыяд складала 12,25 тыс. км², насельніцтва 806 тыс. чал. (1960)[1]. Пасля гэтай змены межаў працэнт венгерскага насельніцтва ў вобласці зменшыўся з 77 % да 62 %.
У 1962 годзе бухарэсцкае выдавецтва «Мерыдыяны» выпусціла ў свет брашуру Дзьёрдзя Ковача, «Тыргу-Мурэш» (на некалькіх мовах) з вялікай колькасцю чорна-белых фотаздымкаў, якая стала своеасаблівым помнікам скасаванай пазней венгерскай аўтаноміі.
У 1968, праз тры гады пасля прыходу да ўлады Нікалае Чаўшэску, вобласць была скасавана падчас адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы, якая адмяніла вобласці і вярнула традыцыйны падзел Румыніі на паветы (жудзецы). Пры гэтым была «ціха» ліквідавана і аўтаномія венграў, якую можна назваць апошнім асколкам старажытнай Трансільванскай дзяржаўнасці. Тэрыторыя Венгерскай АВ увайшла пераважна ў склад жудзецаў Мурэш, Харгіта, Кавасна. «Антывенгерскі курс доўгі час забяспечваў дыктатару Чаўшэску сімпатыі пэўных слаёў румынскага насельніцтва» — пісала ў 1990 г. «Ное Цюрхер Цайтунг».
У наш час на тэрыторыях былой Венгерскай АВ працягваюць кампактна пражываць венгры; у дзвюх з трох жудзецаў яны складаюць большасць насельніцтва. Па румынскіх законах аб меншасцях ва ўсіх адміністрацыйных адзінках, дзе венгры складаюць мінімум 20 % насельніцтва, венгерская мова з'яўляецца афіцыйнай на мясцовым узроўні.
Зноскі
- ↑ Краткая географическая энциклопедия, Том 3 / Гл. ред. Григорьев А. А. М.: Советская энциклопедия, 1962