Даўжыня цела 64—81, перадплечча 51—57 мм. Галава параўнальна вялікая з шырокай мордай. Вушы цёмна-бурыя, акруглыя, кароткія, тоўстыя. Крылы вузнія і доўгія. Поўсць кароткая, мяккая, зверху палева-рыжая, знізу крыху святлейшая.
Пашырана ў Еўропе, Азіі да Алтая і ў Паўднёва-Заходнім Кітаі. Паўночная мяжа арэала праходзіць праз Шатландыю, Швецыю, Паўднёвую Фінляндыю і Сярэдні Урал; паўднёвая — праз Іран і Гімалаі. Трапляецца ў мяшавых і шыракалістых лясах Еўрапейскай часткі Расіі, у лясах Сярэдняй Азіі і Закаўказзя. На Беларусі найбольш пашыраная і шматлікая з вячэрніц. Пералётная.
Селіцца ў старых высакастволых лясах, парках, гаях, старых садах. На Беларусі ў летніх сховішчах (дуплы дубоў, ліп, клёнаў, таполяў, радзей хвояў) трапляецца з сярэдзіны мая.
Самкі жывуць калоніямі па 20—90 асобін, самцы па адным (з 2-й паловы ліпеня калоніямі па 3—10 асобін). Дзіцянят (2, радзей 1) нараджае ў канцы мая — 1-й пал. чэрвеня. З Беларусі адлятае на зімоўку ў канцы жніўня ў краіны Заходняй Еўропы.